Пчолы – каралі насякомых

Главное Сельская гаспадарка

У ААТ «Вішнявецкіагра» адпампавалі першы мёд. Узятак неблагі, каля 300 кілаграмаў салодкага, духмянага і карыснага прадукту. На кожную пчоласям’ю прыпадае каля 10 кілаграмаў. Вынік даволі неблагі.

– Разлічвалі, што адпампуем больш, але вясна была халодная і пчолы асабліва не ляталі, – расказвае пчаляр Іван Клімко. – Мёд крылатыя працаўніцы збіралі часткова з кветак яравога рапсу, а таксама з дзьмухаўцоў. Цяпер махнаткі паляцяць у лес, дзе цвітуць маліна і крушына. Як толькі зацвілі меданосы, пчальнік мы перавезлі ў яблыневы сад. Перазімавалі пчолы выдатна, бо асаблівых перападаў тэмператур не назіралася. Але ўсё ж такі зімоўка выдалася нялёгкай. Прыйшлося праводзіць падкормку. Адным словам, работы было дастаткова.

Пчаляр Іван Клімко

Пчаляр расказвае, што кожная сям’я можа сабраць за сезон да 50 кілаграмаў мёду. І тут асноўную ролю адыгрывае парода. Прыняў Іван Іванавіч летась пчальнік з дванаццаццю сем’ямі. Даводзіць, што «перакінуў» пароду міралюбівых пчол з уласнага пчальніка. Падсадзіць чыстапародных матак даволі складана, бо гаспадыні вулляў не заўсёды іх прымаюць, але ўсё атрымалася. Цяпер на пчальніку налічваецца 32 сям’і. У гэтым годзе кіраўніцтвам гаспадаркі пастаўлена задача давесці іх колькасць да пяцідзесяці.

– І мы яе выканаем, – дадае пчаляр, – ужо закладзены маладыя сем’і, яны развіваюцца.

Іван Клімко па прафесіі інжынер, але з пчоламі пастаянна ідзе па жыцці побач. Бацька займаўся пчалярствам і прывіў сыну любоў да гэтых цудоўных працаўніц, якіх называюць каралямі насякомых. Іван Іванавіч расказвае, што з дзяцінства бегаў з дымаром. Здымаючы раі, лазіў па дрэвах. І цяпер гэта робіць, бо мае ўласны пчальнік. А веды набыў і працягвае набываць, карыстаючыся спецыяльнай літаратурай, бо пчалярства патрабуе майстэрства і вялікага ўмення. Звязалі свой лёс з пчалярствам і дзеці Івана Клімко. Сын набыў гэтую прафесію, дачка – таксама: яна скончыла магістратуру і паступіла ў аспірантуру, дзе вывучае пытанні, звязаныя з пчалярствам.

Пчолы на качаванні ў садзе

Дырэктар таварыства Іван Краўчук адзначае, што пчолы неабходны гаспадарцы для таго, каб апыляць сад і рапс. І, зразумела, прыносіць даход ад рэалізацыі мёду. Іван Васільевіч падкрэслівае, што ад пчол атрымліваюць і спадарожныя лячэбныя прадукты пчалярства: пяргу, матачнае малачко, пропаліс, падмор, пчаліны яд, воск.

Адпампоўваць салодкую прадукцыю пчаляру дапамагалі работнікі гаспадаркі. Работа спецыфічная, але людзі справіліся. Свежы мёд расфасаваны ў спецыяльныя скрыні і паступіў у продаж у магазіны таварыства.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *