«Любіць лес – не толькі рамантыка». Патомны пушчанец аб працы ў лясной гаспадарцы

Соцыум

«Даўно не выступаў, адышоў ад гэтага, адчуваю сябе маладым спецыялістам…» – прызнаўся за трыбунай Уладзімір Зялёнка.

У зале – маладыя спецыялісты лясной гаспадаркі Міншчыны, перад якімі яго, ветэрана працы, былога ляснічага, запрасілі выступіць. Уладзімір Зянонавіч падышоў да гэтага вельмі адказна, амаль з бацькоўскім пачуццём…

У яго словах, адрасаваных маладым, было так шмат важнага і канкрэтнага, што зала слухала, стаіўшы дыханне. Падкупляла тое, што і сёння душа гэтага чалавека поўніцца клопатам пра лес, неабыякавасцю за тую спадчыну, якая застанецца нашчадкам.

Як ні дзіўна, патомны пушчанец Уладзімір Зялёнка (яго бацька, Зянон Міхайлавіч, працаваў у Стаўбцоўскім лясгасе, быў заслужаным лесаводам) пачынаў сваю працоўную біяграфію ў Гомелі. Адтуль трапіў у тайгу, што падступае да Манголіі, Кітая. Там зусім іншыя, чым у Беларусі, сезоны лесагаспадарчых работ. Да месца працы дабіраліся на верталёце. Былі і пешыя паходы. Прыходзілася насіць з сабою ўсё неабходнае. У тайзе маладому спецыялісту не было да каго звярнуцца, каб атрымаць падказку ці параду… Ды што значыць без парады! Працаваў у інфармацыйным вакууме – без газет, радыё, а сувязь была кароткатэрміновай і толькі двойчы на дзень, раніцай і вечарам!

Уладзімір Зянонавіч прыгадвае: «Мы, хлопцы, жартавалі між сабою: можа, вайна ўжо пачалася, а мы тут нічога не ведаем».

Але калі вярнуўся ў Гомель, у свой інтэрнат, то там для маладых спецыялістаў былі створаны ўсе ўмовы на вышэйшым узроўні. Калі ласка – шашкі, шахматы, більярд, арандаваныя спартыўныя залы і плавальныя басейны. «А пра зарплату тады ніхто не ўспамінаў. У галаве была рамантыка», – дзеліцца ветэран лясной гаспадаркі.

На малую радзіму Уладзімір Зялёнка трапіў па запрашэнні тадышняга дырэктара лясгаса  Міхаіла Антонавіча Хадасевіча.

– Трапіў хутчэй па прымушэнні, чым па запрашэнні, – робіць агаворку «рамантык» і заўважае: – Радзіма шмат значыць. Я вырас у Налібацкай пушчы. З веданнем лясных угоддзяў праблем не было. Калектыў склаўся моцны. Спецыялістаў падбіралі. Калі мяне прызначалі інжынерам лясных культур, то запрасілі ў аб’яднанне, ва ўпраўленне лясной гаспадаркі, дзе я меў асабістую гутарку з начальнікам упраўлення. Яго настаўленні і словы памятаю да гэтай пары…

Уладзімір Зялёнка агучыў важны момант у падборы і расстаноўцы кадраў. А кадры ў лясной гаспадарцы рэспублікі можна ўмоўна раздзяліць на два пакаленні. Першае, пасляваеннае, якому дастаўся асабліва цяжкі шлях, займалася аднаўленнем лясоў. У іх усё было ручное, коннае… І наступнае пакаленне было не надта знаёмае з механізацыяй.

– У 1982 годзе, калі я прыйшоў у Стаўбцоўскі лясгас, была пара ЗІЛоў, дзве грузавыя машыны. Ляснічым у лясніцтвах выдзялялі матацыклы. Дырэктар лясгаса ездзіў на ГАЗ-69, – успамінае ветэран працы і не хавае захаплення тым, як за адносна кароткі перыяд ірванула наперад лясная гаспадарка. Ад ручных піл прыйшлі да шматаперацыйных  харвестараў і фарвардараў.

Падмуркам для развіцця лясгаса служыць тое, што было зроблена пакаленнем, якое прадстаўляе Уладзімір Зялёнка. А гэта канторы і цэхі, рамонтна-механічныя майстэрні, паляўнічыя комплексы, пабудаваныя ў лясніцтвах. У аб’ёмах вытворчасці дасягнуты значны рост. На гэты конт Уладзімір Зянонавіч прыгадаў даўнейшае пасяджэнне, калі дырэктар лясгаса запатрабаваў ад ляснічых для адгрузкі на экспарт па два вагоны балансаў у месяц. Сёння і 10 вагонаў з кожнага лясніцтва – далёка не мяжа.

Сапраўды, перспектывы сучаснага пакалення лесаводаў надзвычай вялікія і працаёмкія. У бліжэйшы час у лясгасах пачынаецца збор пасляваеннага ўраджаю, у сувязі з чым разліковая лесасека ўзрасце не ў 2-3 разы, а ў 10-20 разоў, і гэта азначае, што ў столькі ж павялічацца плошчы пасадак і догляду лясных культур. «Менавіта ў аб’ёмах пасадак і догляду, а не высечкі (высякуць сучасныя машыны), – падкрэслівае Уладзімір Зялёнка, – крыецца задача лесаводаў. І праца гэтая будзе вельмі нялёгкай».

Абапіраючыся на асабісты вопыт, ветэран лясной гаспадаркі параіў маладым спецыялістам не заседжвацца ў кабінеце, а выкарыстоўваць любую магчымасць, каб пабыць у лесе. «Трэба самім бачыць, што робіцца і як, якія планы будаваць». Неабходна ўсё рабіць сумленна, каб не дапускаць браку на ўчастках лясных культур. «След ад гэтага застаецца на ўсё жыццё», – даводзіць Уладзімір Зянонавіч.

Звяртаючыся да моладзі, ён падзяліўся сваімі прынцыпамі:

– Неабходна зарабляць свой аўтарытэт сярод падначаленых. Каб прыкмеціў калектыў, кіраўніцтва, не варта сядзець у цянёчку або грэцца ля кастра, калі ўсе робяць. На суботніках будзьце лідарам. І – ніколі не брыдкаслоўце.

Колішнія настаўнікі Уладзіміра Зялёнкі, у прыватнасці Хадасевіч М. А., вучылі яго любую справу даводзіць да канца, адказна ставіцца да сваёй працы.

Ветэран лясной гаспадаркі звярнуў увагу моладзі на галоўнае – быць гаспадарамі ў лесе, любіць лес.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,  фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *