«Купалінка» з ветлівасцю прадаўцоў

Гандаль Нумары

image_pdfimage_print

Хто ж возьмецца аспрэчваць, што гандляваць трэба ўмець. І гэта прызванне. Ветэран спажывецкай кааперацыі Таіса Меляшкевіч на сваім асабістым вопыце гэта перажыла. Выпускніца Маладзечанскага ўлікова-планавага тэхнікума атрымала спецыяльнасць бухгалтара і паехала працаваць у Шашкоўскае сельпо. Было гэта ў далёкіх ужо 60-гадах. Потым яе перавялі на працу бухгалтарам у Нёманскае сельпо. Аднак ёй хацелася стаць за прылавак. Раскладваць тавар, прапаноўваць яго пакупнікам, клапаціцца пра асартымент прылаўкаў, радавацца, калі тавар раскупляецца – для Таісы Аляксандраўны ў гэтым «смак» прафесіі. І яна прымае рашэнне пакінуць кабінет з яго паперамі і стаць прадаўцом. Доўгі час працавала ў «Культтаварах» – быў такі магазін на плошчы Леніна ў райцэнтры. Многія  стаўбчане і жыхары раёна ведаюць Таісу Аляксандраўну ў твар. Яна працавала і ў мэблевым аддзеле «Гаспадарчых тавараў», і ў «Сувенірах». І ніколі ў яе не было дрэннага настрою. Не цяжка ёй расказаць пакупніку пра тавар, паказаць яго, усміхнуцца, пажартаваць, падняць настрой. Мо таму і сама яна застаецца абаяльнай і прыгожай.

Цяпер талент прадаўца з 49-м стажам кіраўніцтва райспажыўтаварыства скарыстала, адкрыўшы новы магазін «Купалінка» па вуліцы Ленінскай, куды пераехаў былы ўнівермаг «Маладзёжны». У краме зроблены рамонт, набыты новыя вітрыны, іншае гандлёвае абсталяванне. Інтэр’ер магазіна сімпатычны, тавар раскладзены кампактна, і пры гэтым ён увесь – навідавоку. Немалаважна і тое, што створаны добрыя бытавыя ўмовы для прадаўцоў з абсталяваным санвузлом. Працаваць – адно задавальненне. Гэта пацвярджае і каляжанка Таісы Аляксандраўны Лілія Кухарава, выпускніца Мінскага тэхнікума савецкага гандлю. У яе таксама вялікі стаж работы за прылаўкам. Райспажыўтаварыства з удзячнасцю скарыстоўвае вопыт ветэранаў спажывецкай кааперацыі, і яны таксама адказваюць ведамству сваёй стараннасцю, прафесіяналізмам, уменнем арганізаваць гандаль, выканаць даведзеныя вытворчыя паказчыкі і стварыць добры імідж прадпрыемствам райспажыўтаварыства.

Мы назіраем, што прыцягвае ўвагу пакупнікоў. У «Купалінцы» – багаты выбар прадукцыі, якую набываюць на падарункі нават за мяжу: беларускія ручнікі, абрусы і іншыя рэчы з ільну. Не меншы попыт на беларускую парфуму. Магазін прапануе і іншую прадукцыю айчынных фабрык і заводаў. Гэта невялікая па плошчы крама ўмясціла і аддзел рытуальных тавараў. Кожны пакупнік можа знайсці для сябе тут тое, што хацеў бы набыць. А прадаўцы стараюцца звярнуць увагу на тавар так, каб пакупнік не выйшаў без пакупкі. І шчыра сказаў: «Дзякуй!»

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

На здымку:ветэраны спажывецкай кааперацыі Таіса Меляшкевіч і Лілія  Кухарава.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *