Дабрачыннасць у філіяле ААТ «ККХ «ММЗ» у г. Стоўбцы – справа не новая, і нашы работнікі неаднаразова даказвалі сваю гатоўнасць падставіць плячо ў цяжкую хвіліну.
Неабыякавыя завадчане збіраюць сродкі на дарагое лячэнне, складаныя аперацыі, рэабілітацыю і догляд. І цяпер, падчас эпідэміялагічнай пагрозы, работнікі філіяла не змаглі не адгукнуцца на прапанову, якая паступіла ад адміністрацыі прадпрыемства, – арганізаваць дабрачынную акцыю для УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» па барацьбе з COVID-19.
На спецыяльны дабрачынны рахунак бальніцы пералічана 3946,50 рубля. За іх закуплены сродкі індывідуальнай аховы для медыкаў.

– Спадзяёмся, што і наш удзел дапаможа медыкам справіцца з каранавіруснай інфекцыяй, якая можа закрануць кожнага, прыйсці ў любы дом, любую сям’ю, – адзначыў дырэктар філіяла Леанід Маліноўскі. – Сёння як ніколі важныя нашы згуртаванасць і падтрымка адзін аднаго. Медыцынскія работнікі штодзень сутыкаюцца з небяспечным захворваннем, прымаюць на сябе асноўны ўдар у барацьбе з ім. Толькі разам мы зможам супрацьстаяць гэтаму выпрабаванню.
Дырэктар філіяла падкрэсліў:
– Медыкі – сапраўдныя героі сучаснасці, і мы шчыра ўдзячны ім за самаадданую працу, сілу духу, міласэрнасць, патрыятызм.
Галоўны ўрач Стаўбцоўскай ЦРБ Святлана Глебка выказала калектыву філіяла словы ўдзячнасці за падтрымку, спагадлівасць, увагу і разуменне.
Сапраўды, добрыя справы не застаюцца незаўважанымі, і няхай яны вернуцца да завадчан моцным здароўем, росквітам і дабрабытам.
Аксана МАЧОНАЯ, спецыяліст па інфармацыі і рабоце з моладдзю ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы
Фота Наталлі КЛЫГАЧ