Аляксей Пальчык у ліку самых вопытных і тытулаваных работнікаў ААТ «Агранёманскі»

Главное Сельская гаспадарка

Механізатар Аляксей Пальчык працуе ў ААТ «Агранёманскі». Ён у ліку  самых вопытных і тытулаваных работнікаў сельгаставарыства.

Дзякуючы яго нястомнай працы прымнажаюцца здабыткі гаспадаркі. Агульны працоўны стаж Аляксея Канстанцінавіча налічвае сорак гадоў, трыццаць тры з якіх дбайны працаўнік шчыруе на палетках таварыства. Яму любая работа па сіле, і механізатар робіць даручаную справу заўсёды выдатна. Гэтаму чалавеку не трэба тлумачыць, што і як зрабіць, бо ён дасканала ведае агратэхніку і вывучыў усе палеткі. Галоўнае – паставіць задачу, і яна будзе абавязкова выканана дакладна, бо ўсе дзеянні механізатара вывераны і адточаны. З Аляксеем Канстанцінавічам лёгка працуецца спецыялістам агранамічнай галіны, бо з ім нават можна параіцца, на якім участку лепш пасеяць тую ці іншую культуру.

Аляксей Пальчык мясцовы, са Слабады. З маленства звыклы да працы, настойлівы і мэтанакіраваны. А прывіў любоў да нялёгкай сялянскай работы свайму сыну яго бацька, які таксама шчыраваў у гаспадарцы на трактары. І Аляксей Канстанцінавіч працягнуў дынастыю. За дзесяцігоддзі работы накручана па палях не адна сотня тысяч кіламетраў. Механізатар паказвае прыклад на ўнясенні вадкіх мінеральных угнаенняў і падкормцы раслін. А таксама на хімапрацоўцы – сёлета заняў другое месца ў раённым спаборніцтве на выкананні гэтай тэхналагічнай аперацыі. У распараджэнні механізатара імпартны высокапрадукцыйны апырсквальнік RAPTOR вытворчасці французскай кампаніі BERTHOUD, а таксама трактар «Беларус», на якім возіць розныя грузы. У папярэднія гады, працуючы на збожжаўборачным камбайне, Аляксей Пальчык дабіваўся высокіх намалотаў і прымаў удзел у раённых і абласных дажынках. Ён уладальнік пераходнага прыза, заснаванага ў гонар праслаўленага камбайнера, ветэрана працы Генадзія Цвіркі. Неаднойчы руплівец палеткаў станавіўся пераможцам раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў на выкананні розных палявых работ. Фотаздымак Аляксея Пальчыка занесены на Дошку гонару таварыства.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *