У ТАА «СЖК «Налібакі» практычна завершана нарыхтоўка кармоў з траў першага ўкосу. Таварыства ў лідарах па ўраджайнасці кармавых угоддзяў. З кожнага гектара тут атрымліваюць каля 200 цэнтнераў зялёнай масы. Закладзена звыш 7,5 тысячы тон сенажу.
– Травастой вырас добры, і мы справіліся з пастаўленай задачай, – расказвае дырэктар таварыства Віталій Кушнер. – Пад першы ўкос было адведзена 903 гектары бабова-злакавых траў. Для нашай гаспадаркі важна мець паўтарагадовы запас кармоў, бо гэта аснова стабільнай работы жывёлагадоўчай галіны – спецыялізуемся на вытворчасці малака і мяса. Да таго ж, з году ў год павялічваем колькасць буйной рагатай жывёлы.

і старшыня рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Васілій Хвацік (у цэнтры) выказваюць падзяку за працу інжынеру-механіку Віктару Дошчачку, вадзіцелю Станіславу Філіповічу, механізатару Ігару Панасюку, вадзіцелю Вячаславу Дошчачку, механізатару Антону Маскалевічу і галоўнаму аграному Георгію Яўсейчыку (апошні на пярэднім плане)
Віталій Іванавіч на кармавых палетках з раніцы да позняга вечара. Кіраўнік падкрэслівае, што касавіца – кампанія хуткаплынная, таму асаблівая ўвага надаецца якасці сенажу. Пры спрыяльных умовах надвор’я дастаўляюць з сенажацяў у сянажную траншэю штодзень да 600 тон правяленай зялёнай масы, якую трамбуюць дзве адзінкі тэхнікі, на адвозцы занята дзесяць аўтамашын і трактароў. Здрабняецца правяленая маса кормаўборачным камбайнам. Варта дадаць, што напярэдадні касавіцы ў гаспадарцы надзейна адрамантавалі тэхніку, распрацавалі нормы аплаты працы, правялі з работнікамі інструктаж па прытрымліванні тэхнікі бяспекі на рабочым месцы.
Для занятых на ўборцы кармоў арганізавана двухразовае харчаванне.
У мінулую сераду ва ўрочышчы Кляцішча шчыраваў кормаўборачны атрад. Падзякаваць рупліўцам палеткаў за шчырую працу завіталі старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень і старшыня рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Хвацік.

– Ваша таварыства – прыклад для іншых гаспадарак раёна, як трэба працаваць і дасягаць высокіх паказчыкаў, – сказаў Дзяніс Сяргеевіч, звяртаючыся да работнікаў. – За апошнія гады дасягнута істотная прыбаўка ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Ёсць важкія поспехі і ў раслінаводчай галіне: павялічылася ўраджайнасць збожжавых і кармавых культур, наведзены парадак на зямлі.
Васілій Хвацік падкрэсліў, што пад кіраўніцтвам вопытнага і гаспадарлівага дырэктара таварыства дынамічна развіваецца. Людзі атрымліваюць дастойную заработную плату, маюць належныя ўмовы для работы. Створана і прафсаюзная пярвічка, якая, як падкрэсліла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч, з’яўляецца адной з лепшых у раёне.

Васілій Міхайлавіч уручыў каштоўныя падарункі ад імя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі дырэктару таварыства Віталію Кушнеру, галоўнаму аграному Георгію Яўсейчыку, інжынеру-механіку Віктару Дошчачку, які працуе на кормаўборачным камбайне, механізатарам Ігару Панасюку, Антону Маскалевічу, Мікалаю Новіку і Валерыю Саланкевічу, вадзіцелям Вячаславу Дошчачку і Станіславу Філіповічу. Васілій Хвацік перадаў кіраўніку гаспадаркі і два камплекты складной мэблі, каб работнікі маглі культурна паснедаць у палявых умовах.
Надвор’е спрыяе, і ў таварыстве неўзабаве пачнецца другі ўкос, з якога разлічваюць насушыць і неабходную колькасць сена. Адна з галоўных задач для хлебаробаў цяпер – рамонт збожжаўборачных камбайнаў. Разлікі на ўраджай сёлета неблагія, і яго трэба будзе своечасова і якасна ўбраць.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара