
У Стаўбцоўскім філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» адкрыты чарговы сезон нарыхтовак. І першая сыравіна, якая паступіла на перапрацоўку, – ягадная.
Гэтымі днямі перапрацоўшчыкі актыўна закупляюць клубніцы ў Брэсцкай і іншых абласцях для глыбокай замарозкі. Неўзабаве з беларускага Палесся пачнуць паступаць чарніцы.
– Аб’ёмы нарыхтовак садавіны і гародніны засталіся на ўзроўні мінулага года, – адзначае дырэктар філіяла Яраслаў Буйніцкі. – Чакаем яблыкаў, гэта самы масавы від сыравіны.
Паралельна з нарыхтоўкамі ў філіяле ажыццяўляецца выпуск сокаў, нектараў, джэмаў, фруктова-ягадных напаўняльнікаў і іншай вітаміннай прадукцыі.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара