Стоўбцы – горад міру, мараў і надзей

Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

Святочныя мерапрыемствы з нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшлі 3 ліпеня ў Стоўбцах.

Адыходзяць у нябыт тыя далёкія ваенныя гады. Няўмольны час бярэ сваё: пасівелі скроні ветэранаў, твары зрэзалі глыбокія маршчыны. Не такі цвёрды і ўпэўнены іх крок, не тая моц у руках, якімі  яны некалі трымалі зброю, змагаючыся з ворагам. З кожным днём ветэранаў Вялікай Айчыннай становіцца ўсё менш. Дарагія ветэраны! Прыміце наш нізкі паклон за мірнае неба над галавой.

У гэтыя першыя дні ліпеня мы пераносімся ў той далёкі ваенны час, задумваемся аб шчасці, аб цане мірнага жыцця, бо 2 ліпеня жыхары Стаўбцоўшчыны святкавалі 70-годдзе вызвалення Стоўбцаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а 3 ліпеня – адметны ўдвая: Дзень Рэспублікі, Дзень Незалежнасці, 70-годдзе вызвалення Беларусі ад фашысцкага нашэсця.

Яркае летняе сонейка сабрала ўсіх стаўбчан на плошчы Бессмяротнасці. Сотні гараджан, прадстаўнікі працоўных калектываў, школ прыйшлі на святое месца ў нашым горадзе. Мітынг-рэквіем «Рэха нашай памяці», прысвечаны святкаванню 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрыў намеснік старшыні райвыканкама С. Шэсцель. Затым слова бярэ старшыня раённага выканаўчага камітэта У. Місько.

Цёплым і пранікнёным было выступленне Уладзіміра Трафімавіча. Ён узгадаў старонкі ўсенароднай барацьбы, партызанскі рух на Стаўбцоўшчыне, трагічныя ваенныя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі нашага раёна. Старшыня райвыканкама шчыра падзякаваў ветэранам вайны і працы за здабытую перамогу, за мір і шчасце на зямлі.

Да мікрафона ў святочным настроі падыходзілі ўдзельнікі ўрачыстасці: ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік вызвалення горада Стоўбцы Фёдар Каржанкоў, вучаніца сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы Дзіяна Сідаровіч. Павіншавалі з вялікімі дзяржаўнымі святамі і пажадалі жыхарам раёна Божай дапамогі благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругі, протаіерэй айцец Аляксандр і настаяцель Рымска-каталіцкага прыхода Св. Казіміра ксёндз Адам. Прыслалі стаўбчанам свае віншаванні і нашы сябры з горада Азёры (Расія), якія зачытаў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель.

Хвілінай маўчання ўшанавалі ўдзельнікі мітынгу памяць тых, хто не вярнуўся з вайны. Над плошчай Бессмяротнасці ўзняліся рознакаляровыя шары – як сімвал шчасця, надзеі на заўтрашні мірны дзень. Да помніка і стэлаў героям-вызваліцелям былі ўскладзены вянкі і кветкі. Далей асноўная праграма народных гулянняў разгарнулася на плошчы Леніна горада Стоўбцы. Прадаўжэннем святочных мерапрыемстваў сталі канцэрт-віншаванне «Наш край Радзімаю завецца. У ім мірна, шчасліва жывецца» і, безумоўна,   канцэрт  зорак   беларускай   эстрады   Г. Калдуна  і В. Плотнікавай. А вечарам моладзь Стаўбцоўшчыны адпачывала разам з групай «Элемент», з удзелам братоў Саладухаў і Цімурам Прахіным у праграме «Маладосць краіны – гэта мы».

На вуліцы Ленінскай і вакол парку працавалі выстава-кірмаш майстроў народнай творчасці і сельскіх падворкаў. На стадыёне «Юнацтва» прайшлі спартыўныя спаборніцтвы. Кульмінацыяй свята стала рэспубліканская акцыя «Спяваем гімн разам». Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. І… святочны феерверк. Гэта –  гонар за нашу Беларусь, за свой край, за свой горад. Нездарма чуліся воклічы: «Красуй, Беларусь!», «Квітней, наша Стаўбцоўшчына!»

Мерапрыемствы з нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшлі ў многіх населеных пунктах раёна, арганізацыях. Да помнікаў і абеліскаў загінуўшым воінам і партызанам ускладзены кветкі і вянкі.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *