Франтавіка хвалюючае слова

Дзякуй, салдат! Нумары

Аднаго з нямногіх ветэранаў вайны ў Новым Свержані Анатоля Дзягеля на гэты раз не прыйшлося прасіць апрануць пінжак з узнагародамі. Наша сустрэча здарылася акурат 9 Мая, калі ўся  краіна святкавала Дзень Перамогі, калі ветэран вайны прымаў удзел ва ўрачыстасцях на плошчы Бессмяротнасці. Прайшоў мітынг, і школьнікі паднеслі яму кветкі. У ягонай душы нарадзілася асаблівае пачуццё душэўнага ўзрушэння, шчырасці, калі захацелася расказаць пра сваё жыццё ўсё. Магчыма, нават тое, што было схавана ў тайніках  душы, пра што саромеўся  раней гаварыць… Набягалі адзін за адным успаміны, змешаныя са слязамі і даўкім камяком у горле…

Я ўключыла дыктафон… 

БЫЎ ХЛАПЧУКОМ

Яшчэ калі былі пад акупацыяй, немцы вывезлі нас на прымусовыя работы ў Баранавічы. Рабілі на чыгунцы, а кармілі – не дай Бог. Я тады хлапчуком быў, 16-17 гадоў. А разам з намі – і старэйшыя мужчыны. Гляджу, то адзін уцячэ, то другі. Аднойчы спыніўся састаў – цялятнік, як мы яго называлі. Я з яшчэ адным хлопцам з Падзерычаў, Мікалаем Дрожжам, пакідалі кіркі і ўскочылі ў яго.

Прыехалі ў Савоні. Прыпынак. Ідзем у бок Сінявы. Я ж у той час нідзе далей сваіх Падзерычаў не быў, можа адзін раз у Стоўбцах, але, разумею, – мы ўжо ў сваёй старонцы. Недалёка ад Сінявы размяшчаліся нямецкія баракі. Глядзім, дык на траве абучаюць маладых стральбе. Тыя падыходзяць то «двойкамі», то «чацвёркамі». Якое шчасце – на нас, хлапчукоў, не звярнулі ўвагі! Кіруем з Мікалаем да бліжэйшай кудзеркі лесу, і – раптам – чуем вокрык над нашай галавой: «Лажыцеся і паўзіце!» Выконваем загад. У лесе нас сустракаюць двое партызан. Вінтоўкі штыкамі ў зямлю і дапытваюць: «Хто вы? Адкуль ідзяце?» Праўда, пасля знаёмства прынеслі нам хлеба і сала. Пасля больш падрабязных роспытаў пра бацькоў нас усё-такі адпусцілі і наказалі нідзе не заходзіць і нікому нічога пра гэтую сустрэчу не расказваць… Мы падзякавалі і ўзялі кірунак на Падзерычы. Дома тата мой адразу пабег  па бацьку Мікалая.

Пры немцах прыходзілася хавацца ў гумне. Такое было жыццё…

НА ФРОНТ – ТРОЕ СЫНОЎ І БАЦЬКА

Нас у бацькоў было чацвёра сыноў.  Застаўся дома толькі самы меншы – Канстанцін (ён з 1930 года). Бацька і нас трое пайшлі на фронт…

Старэйшы Віктар (ён з 1922 года) прызываўся на службу яшчэ да вайны. Служыў у Расіі. Калі пачалося наступленне немцаў, ён быў у цяжкай артылерыі. Абараняў Маскву. Напісаў дамоў ліст. Так, пару слоў… На Курскай дузе ім было дужа цяжка. Але выжыў. Загнаў фашыстаў у Берлін і – 8 мая –  загінуў…  Сям’і ў яго не было. За сваё кароткае жыццё ён нічога добрага не пабачыў. Хадзілі ў лапцях, а ён, бедалага, пашыў сабе нейкія тапачкі на гумовай падэшве. Дзесьці і ваксы дастаў, каб пачысціць іх… 

Калі пачалася вайна, забралі ў войска і майго брата Жэню. Ён трапіў таксама ў рускую армію. Загінуў у 44-м, 16 красавіка… Праз дзесяць дзён, 26-га красавіка, я  ўжо быў у польскай арміі. Мяне забралі ў 17 гадоў. Старэйшыя мужчыны, якіх таксама прызывалі разам са мною, чамусьці ўсе жадалі служыць у польскай арміі. Падвербавалі і мяне. Пад Беластокам мы амаль цэлую зіму правялі ў лесе, у зямлянках.

А потым камандзір дывізіі сабраў нас і аб’явіў аб гатоўнасці да ваенных дзеянняў. Нас кінулі на фарсіраванне Нэйсы, Одэра… Мінамётчыкі акапаліся на ўскраіне лесу. У мяне трэці нумар па мінамёце, на сабе – пліта і іншае, грузу больш чым на 50 кг. У шэсць раніцы аб’явілі біць з усёй зброі. Страшна! Не магу, як уяўлю сабе, што ледзьве не патапіліся ў тых нямецкіх  рэках, што немец бамбіў нас з самалётаў…                       

Пасля ранення рукі я аддзяліўся ад сваёй  часці. Час ішоў –  нічога не патрабаваў,  не пісаў нікуды. Таму польскіх узнагарод не маю, а ордэны Айчыннай вайны, «За баявыя заслугі» – вось яны.   

ДА РОДНАГА ХУТАРА

Пасля ранення мне далі водпуск на два месяцы. Калі адбыў яго, з’явіўся ў райваенкамат. Там мяне камісавалі. Рана цякла, рука была апухлая…  

Калі атрымаў водпуск, было ўжо холадна. Са Стоўбцаў ішоў дадому пехатою. Транспарту ж тады не было, а калі хто едзе на возе – незнаёмы. На мне –польская шапка-рагатка, шэры шынялёк. Салдат, адным словам. Падабраў нейкую палачку і так, абапіраючыся, іду. А насустрач –мая суседка. Дзяўчына. Спынілася. «Толя, гэта ты?» Я быў так  рады, што мяне пазналі. Пагутарылі. Рушыў далей. Дарогу ведаю добра. Дайшоў да Грабёнаўшчыны (да гэтай вёскі ішла калісьці наша зямля, хутар) і завярнуў на межы.

Няспешна праходжу Енчыкаў хутар. У Новым Свержані быў такі знакаміты доктар Енчык. Дык гэта была зямля ягонага брата, асадніка. Усяго два конікі ў яго, а зямлі трэба абрабляць многа. Я ж некалі кароў пасвіў, гной вывозіў, дык запомніў, які ў гэтых суседскіх коней дышаль. Няўклюдны такі, што на каляіне і конь паваліцца.

А вось і да роднай зямелькі падыходжу. Гляджу,  дык мама жне жыта адна. У нас было сем гектараў зямлі. Гаравала яна. Бацька вярнуўся з фронту жывым, але адразу застаўся на браніроўку ў леспрамгасе. Рабіў недалёка ад Нясвіжа, дадому прыязджаў толькі на выхадныя. Мама, калі ўбачыла мяне, кінула серп і давай абдымаць, плакаць…

МАТУЛІН ЛЯНОК

Але са сваёй скалечанай рукой я тады нічога не мог дапамагчы маме. У гаспадарцы былі карова, авечкі, свінні, куры. Куры жылі з намі ў хаце. У падпечку. Мама як пашле сабраць там яйкі, дык такіх жахаў нагледзішся: процьма тараканаў –  шырокіх, тоўстых, чорных, і прусакоў – тонкіх, вузкіх, рудых…

На корм карове пасеялі сырадэлю. Хто яе скосіць? Я вазьму пад паху касу, ды так і «чэрпаю» злёгку. Маме трэба ж было жаць жыта, ячмень, авёс. Яшчэ і лён. Сеялі ладны кавалак яго і стараліся добра апрацавць. Спачатку палолі, потым ірвалі і ставілі ў кучкі, галоўкамі ўверх, у гумно звозілі і пранікам абівалі насенне. А потым мама –  вечны супакой ёй – рассцілала лён на балоце, каб вылежаўся. Пасля яго церлі, трапалі, абдзіралі шчоткамі з густа-густа набітымі  цвікамі… Асобна адбіралі лён на кудзелю. Цэлую зіму мама прала, бо летам не было на гэта часу.     

Калі я выступаю ў школе, кажу дзецям, што мы цяпер жывем выдатна. У дамах – дываны, мэбля. У дварах – машыны. А ў нас у вёсцы мама пасыпала гліняную падлогу попелам. На ўсю вёску ні ў кога не было веласіпеда.

У 1949-м я застаўся на работу ў Навасвержанскі лесазавод.  Год я хадзіў на работу з Падзерычаў пяшком 12 кіламетраў, пакуль сабраў на веласіпед. З заробку трэба было і хлеб купляць. У мамы было сала, а хлеба не ставала. 

А як я аказаўся ў Новым Свержані? Родная цётка маёй жонкі Ліды была замужам за заслужаным настаўнікам Міхаілам Іосіфавічам Лобанам. Пасля вайны ён рабіў у Горкаўскай школе дырэктарам. У Новым Свержані яны набылі дом, і я застаўся ў іх, як кажуць, у прымах. У гэтым доме жыву і цяпер. Некалі, перад тым, як стварыць сваю сям’ю, раіўся з мамай. Мама заспакоіла мае хваляванні: «Ты не глядзі на нас, старых. У цябе складваецца лёс, то і не пярэч яму».      

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Нягледзячы на цяжкія ўспаміны, якімі падзяліўся інвалід вайны Анатоль Дзягель, пасля размовы з ім засталіся самыя светлыя пачуцці. Перапаўняе павага да гэтага чалавека, да яго жыццёвых арыенціраў. Немагчыма не захапляцца яго характарам – такім чалавекалюбным і за ўсё ўдзячным. Сярод розных калізій, якія яму, як і ягонаму пакаленню, давялося перажыць (страціў на вайне двух братоў, атрымаў раненне, выбіваўся з галечы, застаўся малаграматным, бо не паспеў закончыць і чатыры класы польскай школы), кранаюць да слёз яго адносіны да сваёй сям’і, да людзей, сыноўнія клопат і ласка.     

Давайце вучыцца ў нашых ветэранаў таму, што называецца – жыць!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *