НА СУВЯЗІ З АБАНЕНТАМІ

Главное Эканомiка

3 ліпеня адзначае сваё 25-годдзе РУП «Белтэлекам», нацыянальны аператар сувязі

А іх рады растуць практычна кожны дзень

Юбілейны тэлефон у гонар 25-годдзя ад электрамеханіка Жана Антульскага

Запыт кліента – закон для прафесіяналаў

Да 1996 года на Стаўбцоўшчыне дзейнічаў адзіны вузел сувязі, у якім працавалі тры сотні чалавек. З 1 студзеня 1996 года адбылася рэарганізацыя, у выніку якой утварыліся дзве асобныя арганізацыі – вузел паштовай сувязі (168 работнікаў) і вузел электрасувязі (132 работнікі).

Сёння ў калектыве сувязістаў працуюць 54 чалавекі.

Змяншэнне калектыву амаль у тры разы – гэта добра ці дрэнна?

– Гэта натуральны працэс, сведчанне таго, што за два з паловай дзясяткі гадоў сур’ёзна змянілася тэхналогія, з’явілася абсталяванне, якое не патрабуе ўмяшальніцтва, – удакладняе начальнік Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі Міхаіл Касабуцкі і падкрэслівае, што пры гэтым ніхто з «лішніх» работнікаў не аказаўся на вуліцы.

Начальнік Стаўбцоўскага ЗВЭС Міхаіл Касабуцкі

У апошнюю пяцігодку да ўсіх 40 аб’ектаў сувязі на тэрыторыі раёна пракладзены оптавалаконныя лініі. Кожны такі аб’ект – гэта непараўнальна большае, чым тэлефонная станцыя.

Сувязісты працуюць над павышэннем якасці паслуг, ахопліваючы абанентаў не толькі ў горадзе, але і ў сельскіх населеных пунктах. У спектры – больш за 70 розных паслуг, запатрабаваных і аднолькава даступных як фізічным, так і юрыдычным асобам.

Сувязісты фактычна могуць забяспечыць любую хуткасць перадачы даных згодна з запытам кліента. Пашкоджанні ўхіляюцца на працягу 48 гадзін у горадзе, 72 гадзін – у сельскай мясцовасці (у будныя дні), а заяўку можна пакінуць у любы час сутак па адзіным нумары 123. Для зручнасці кліентаў дзейнічае сэрвісны цэнтр.

На ўчастку продажу паслуг

З 1 студзеня 2018 года ўтвораны Стаўбцоўскі занальны вузел электрасувязі, у склад якога ўвайшлі Дзяржынскі і Уздзенскі вузлы электрасувязі.

Сёння на стварэнне іміджу занальнага вузла электрасувязі працуе нямала работнікаў, якія ў калектыве – значна больш за чвэрць веку. І Міхаіл Касабуцкі ўзначаліў яго акурат у 1995 годзе, а ўвогуле пачынаў сваю працоўную біяграфію ў Стаўбцоўскім вузле сувязі ў 1974 годзе электраманцёрам ІІІ разраду.

Намеснік начальніка Сяргей Блінкоўскі

– У нас нікога не здзівіш стажам работы 30 і больш гадоў, – дзеліцца  разважаннямі Міхаіл Касабуцкі, уладальнік звання «Ганаровы сувязіст Рэспублікі Беларусь». – За ўвесь час майго кіраўніцтва не прыгадаю такога выпадку, каб хтосьці з работнікаў звольніўся па прычыне таго, што не задавальняюць умовы працы, заробак і г. д. Кадравы рух ёсць пастаянна, але ён звязаны з павышэннем па службе, выхадам на пенсію, з сямейнымі абставінамі. Спецыялісты прыходзяць да нас і застаюцца, і ў гэтым бачыцца вынік граматнай кадравай палітыкі кіраўніцтва Мінскага філіяла РУП «Белтэлекам».

Відавочна, што ў калектыве сувязістаў жывуць традыцыі павагі да прафесіі і эфектыўнага партнёрства, культывуецца здаровы лад жыцця. Нельга не залюбавацца добраўпарадкаванай тэрыторыяй занальнага вузла электрасувязі, на якой вырас за чвэрць веку і свой сад.

Калектыў Стаўбцоўскага ЗВЭС

Паважаныя работнікі Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі, нашы абаненты!

Прыміце віншаванні са святам – 25-годдзем дзейнасці прадпрыемства, якое дапамагае ўсім нам быць сучаснымі, даступнымі і мабільнымі. Нас аб’ядноўвае тое, што мы развіваемся і шукаем зручныя і зразумелыя спосабы камунікацыі, здольныя палепшыць якасць нашага жыцця, надаць яму дынамізму і мэтанакіраванасці. На гэтым шляху жадаем вам моцнага здароўя, радасці, шчасця і, безумоўна, высакаскорасных тарыфных планаў, каб з імі кожны ваш дзень быў максімальна карысным і запамінальным. Са святам! 

Кіраўніцтва, прафсаюзны камітэт Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі Мінскага філіяла РУП «Белтэлекам»

Стаўбцоўскі ЗВЭС
  • 25 гадоў – гэта перыяд няўхільнага развіцця і росту: калі ў 1995 годзе абслугоўвалі прыкладна 8,5 тысячы тэлефонаў і 12 082 радыёкропкі, то сёння – амаль 19 тысяч тэлефонаў, паслугі аказваюць 10 тысячам абанентаў ByFly і 9,5 тысячы абанентаў інтэрактыўнага тэлебачання Zala
  • Аб’ём інвестыцый у развіццё сродкаў электрасувязі на тэрыторыі раёна склаў за апошнія пяць гадоў амаль 5,5 мільёна рублёў. З пачатку бягучага года асвоена 380 тысяч рублёў на будаўніцтва оптавалаконных ліній сувязі ў Царскім сяле г. Стоўбцы.
  • Стаўбцоўскі ЗВЭС складаецца з  чатырох участкаў: продажу паслуг (начальнік – Таццяна Салавей), станцыйнага (кіраўнік – вядучы інжынер электрасувязі Сяргей Лапко), транспартнага (начальнік – Міхаіл Салавей), лінейна-тэхнічнага (начальнік – Віктар Цецераў).
  • Амаль палова калектыву – з вышэйшай адукацыяй. Пераважна гэта выпускнікі Акадэміі сувязі Рэспублікі Беларусь (тут даюць сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю) і БДУІР. 
  • Значны ўклад у развіццё электрасувязі ўнеслі: Віктар Цецераў, Валянцін Плотнікаў, Міхаіл Касабуцкі, Людміла Віцько, Тадэвуш Бець, Жанна Яфрэменкава, Марына Высоцкая, Мікалай Пазняк, Генадзь і Вольга Вільнявец, Марына Вастраілава, Міхаіл Шэпцефраць, Сяргей Лапко, Святлана Ліхарад, Нэлі Смольнік, Юрый Жыбуль, Мікалай Макарэвіч, Юрый Трацяк, Сяргей Гаўрылаў, Вольга Зуева, Наталля Абрамовіч, Іна Нічыпаровіч, Марыя Пашковіч і інш.
  • У занальным вузле электрасувязі працуюць чатыры сямейныя пары: Генадзь і Вольга Вільнявец, Васіль і Нэлі Смольнік, Міхаіл і Таццяна Салавей, Сяргей і Анастасія Крапіўніцкія.
  • Сярод 57 ветэранаў працы Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі ёсць узнагароджаныя: Галіна Нічыпаровіч – ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені (1986 г.), Міхаіл Трафімчык – медалём «За працоўную доблесць СССР» (1986 г.). Іван Булаш – ветэран Вялікай Айчыннай вайны.  Усіх ветэранаў помняць у калектыве: іх радуюць падарункамі і матэрыяльнай дапамогай да юбілеяў, навагодняга і прафесійнага святаў, Дня пажылых людзей.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *