З 2016 года Стоўбцы прыраслі на цэлы мікрараён

Главное Минщина мы тобой гордимся Ступені поспеху Эканомiка

У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Стаўбцоўскага раёна на 2016-2020 гады вызначаны асноўныя прыярытэты ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, прычым з улікам тых пераваг, якія дапамагаюць выкарыстоўваць патэнцыял раёна па максімуме. Сярод апошніх — выгаднае геаграфічнае становішча, зручныя транспартныя камунікацыі, зямельныя і працоўныя рэсурсы, арыентаванасць прамысловага комплексу на мясцовую сыравіну і выпуск экспартнай прадукцыі, устойлівы прадпрымальніцкі сектар і інш. Пра тое, што дасягнута раёнам за апошнія пяць гадоў, мы пагутарылі з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Пашкевіч.

За пяцігодку – больш за 500 новых рабочых месцаў

– Ірына Баніфацыеўна, у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця закладзены курс, па якім рухаецца раён. На што ён нацэлены? 

– Праграма была зацверджана на сесіі раённага Савета дэпутатаў, аднак пры неабходнасці ў яе ўносяцца пэўныя карэктывы, змяненні, і гэта дае магчымасць своечасова рэагаваць на эканамічную сітуацыю, запыты рынку і да т. п.

Асноўныя мэты пяцігодкі заключаюцца ў росце якасці жыцця насельніцтва, развіцці сельскіх населеных пунктаў, транспартнай інфраструктуры, забеспячэнні занятасці людзей, росце іх даходаў і інш.  На даным этапе адна з ключавых задач – павышэнне эфектыўнасці дзеючых прадпрыемстваў і стварэнне новых вытворчасцяў з высокім дабаўленым коштам.

– Не так даўно ў Стоўбцах, у філіяле маторнага завода, быў адкрыты новы ўчастак высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця. Размова ішла пра значныя інвестыцыі, стварэнне высокатэхналагічных рабочых месцаў з узроўнем заработнай платы ў 1,5 тысячы рублёў. Як развіваюцца ў гэтым напрамку іншыя прадпрыемствы раёна? 

– На Стаўбцоўшчыне штогод з’яўляецца больш за 100 новых рабочых месцаў. На даны момант малы і сярэдні бізнес раёна – гэта прыкладна тысяча індывідуальных прадпрымальнікаў і 280 камерцыйных прадпрыемстваў. Лічба перыядычна вагаецца ў той або іншы бок па прычыне таго, што адны прадпрыемствы ці ІП закрываюцца, а новыя пачынаюць работу.

Дасягненню пастаўленых мэт служаць інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя і, безумоўна, моладзь, якая сама па сабе з’яўляецца носьбітам і рухавіком прагрэсу.

Інвестыцыі ў тэхналогіі і новую школу

– Куды пайшлі асноўныя аб’ёмы інвестыцый?

– Інвестыцыі ідуць на ўкараненне новых тэхналогій, павышэнне прадукцыйнасці працы і інш. Вельмі ўдалымі ў гэтым плане былі 2017, 2018 гады. Тэмп росту інвестыцый склаў 130,4 працэнта і 147,5 працэнта адпаведна.

Акрамя філіяла ААТ «ККХ «ММЗ» у г. Стоўбцы, дзе рэалізуецца імпартазамяшчальны праект, за апошнія два гады найбольшыя інвестыцыйныя ўкладанні таксама зроблены ў галіне энергетыкі (45 мільёнаў рублёў на  рэканструкцыю падстанцыі 220 кВ «Стоўбцы» з пераводам на напружанне 330 кВ і будаўніцтва паветранай лініі 330 кВ Стоўбцы – Баранавічы для выдачы магутнасці Беларускай АЭС) і ТАА «Сула Плюс» (пабудаваны завод па перапрацоўцы бульбы).

Актыўна выкарыстоўваюць інвестыцыі і сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. У цэлым каля 30 мільёнаў рублёў выдаткаваны гаспадаркамі на будаўніцтва новых аб’ектаў і развіццё тэхналагічных працэсаў.

У бліжэйшы час найбольшыя аб’ёмы інвестыцый мы чакаем у выніку будаўніцтва цэха па забоі жывёлы ў ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», а таксама будаўніцтва новай школы ў Стоўбцах. Нагадаю, што ў 2018 годзе быў здадзены ў эксплуатацыю яшчэ адзін значны сацыяльны аб’ект – дзіцячы сад № 8.

– А замежныя інвестыцыі ў наш раён прыходзяць?

– Мы актыўна працуем па прыцягненні прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. У адпаведнасці з планам пяцігодкі іх павінна быць прыцягнута на 4 мільёны 882 тысячы долараў ЗША. За чатыры гады ўжо паступілі 4 мільёны 311 тысяч долараў ЗША, і ў бягучым годзе чакаецца паступленне каля 1,5 мільёна долараў ЗША.

Сельская гаспадарка забяспечвае 45-48 працэнтаў выручкі

– Наш раён лічыцца сельскагаспадарчым, але паспяхова працуюць і прамысловыя прадпрыемствы. У якіх суадносінах знаходзяцца гэтыя сферы народнай гаспадаркі?

– За бягучую пяцігодку аб’ёмы прамысловай прадукцыі павінны прырасці на 25,5 працэнта, чакаецца перавыкананне гэтага паказчыка. Да слова сказаць, спраўляемся мы і з планам пяцігодкі адносна рознічнага тавараабароту (ён складае 112,9 працэнта).

Наш раён традыцыйна лічыцца сельскагаспадарчым. Прадукцыя сельскай гаспадаркі ў агульным аб’ёме выручкі ад рэалізацыі складае 45-48 працэнтаў. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі павінна вырасці за пяцігодку на 107,3 працэнта. Згодна з разлікамі, чакаецца рост больш чым на 110 працэнтаў. Гаспадаркі раёна актыўна працуюць над павышэннем эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці, зніжэннем выдаткаў, расшырэннем вытворчых магутнасцяў.

Мільёны долараў папоўнілі абаротныя сродкі

– Ірына Баніфацыеўна, магчымасць для развіцця прадпрыемстваў дае продаж тавараў на экспарт. У нас многа экспартаарыентаваных прадпрыемстваў?

– Экспартам тавараў займаюцца ў сярэднім 44-46 прадпрыемстваў раёна, экспартам паслуг – 23. Нягледзячы на тое, што экспарт тавараў ажыццяўляецца ў 29 краін, асноўнай сярод іх з’яўляецца Расійскай Федэрацыя.

Прадпрыемствам мясной прамысловасці (ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», кампаніі «Агракамбінат «Колас») у сувязі з закрыццём расійскага рынку ў апошнія два гады прыйшлося дыверсіфіцыраваць свой экспарт. Адбылася пераарыентацыя паставак у Казахстан, Грузію і іншыя краіны, аднак, на жаль, вярнуць былыя экспартныя пазіцыі не дазваляе цэнавы фактар.

– Якія прадпрыемствы лідзіруюць па экспарце?

– Найбольшая ўдзельная вага экспарту сярод прадпрыемстваў раёна ў «Фрэор Рэфрыгерайшн», Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната, «Сула Плюс». Разам яны забяспечваюць больш за палову (51,5 працэнта) экспартных адгрузак па раёне.

Акрамя таго, экспартныя пастаўкі актыўна падтрымліваюць і новыя прадпрыемствы. У іх ліку  такія таварыствы з абмежаванай адказнасцю, як  «Нёман-інвестмент», «Іва-Вуд», «Алнэкс», «Стовек», якія выпускаюць разнастайную прадукцыю.

На аднаго беспрацоўнага прыходзяцца 24 вакансіі

– Адзін з асноўных паказчыкаў дабрабыту і стабільнасці – наяўнасць працы. Якая сітуацыя на рынку працы раёна?

– Летась было працаўладкавана на створаныя рабочыя месцы 150 грамадзян (пры плане 110), у 2018 годзе – 164 (пры плане 100). Падобная тэндэнцыя набыла ўстойлівы характар.

Колькасць занятых у эканоміцы раёна на 01.01.2020 склала 17 314 чалавек. Іх лік расце (тэмп росту – 101,4 працэнта), і, такім чынам, зніжаецца колькасць беспрацоўных. На 1 студзеня 2020 года стаяў на ўліку ў службе занятасці 21 беспрацоўны (у параўнанні з 2018 годам менш на 13 чалавек). Узровень зарэгістраванага беспрацоўя складае 0,12 працэнта.

– На якія вакансіі могуць разлічваць тыя, хто шукае працу?

– Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне мае дастаткова розных прапаноў. На кожнага беспрацоўнага рэальна прыходзяцца 24 вакансіі.

Каб не дапусціць напружанасці на рынку працы, раённы выканаўчы камітэт пастаянна аналізуе сітуацыю адносна звольненых і  прынятых на працу, трымае на кантролі пытанні цякучасці кадраў і да т. п.

Дзявятае месца па ўзроўні заработнай платы

– А калі звярнуцца да тэмы даходаў, атрыманых жыхарамі раёна, што варта сказаць?

– З году ў год у раёне назіраецца стабільны рост заработнай платы. Хоць у нас няма буйных прадпрыемстваў, як, напрыклад, у прысталічным рэгіёне, Стаўбцоўскі раён у маштабах Мінскай вобласці выйшаў па ўзроўні заработнай платы на дзявятае месца.

Калі ў 2016 годзе яе сярэднямесячны памер быў 609,7 рубля, то за студзень-красавік 2020 года дасягнуў 981,6 рубля (тэмп росту да аналагічнага леташняга перыяду – 114,3 працэнта).

Годны ўзровень заработнай платы актывізуе і жыллёвае будаўніцтва. За чатыры гады пяцігодкі ўведзена ў эксплуатацыю 72,5 тысячы м2 жылля, пабудаванага ў тым ліку індывідуальнымі забудоўшчыкамі, пры плане на пяцігодку 82,5 тысячы м2. У бягучым годзе мяркуецца прырасці на 22 тысячы м2 жылля.

Курортам не лічымся, але прывабліваем турыстаў і інвестараў

– Стаўбцоўшчына з яе багатай гісторыка-культурнай спадчынай і маляўнічай прыродай здольная мець яшчэ большую інвестыцыйную і турыстычную прывабнасць. Што для гэтага трэба?

– Любіць і развіваць сваю малую радзіму, быць гаспадарамі на зямлі.

На сайце райвыканкама размешчаны пералік зямельных участкаў, якія могуць зацікавіць патэнцыйных інвестараў. Адзін з гэтых участкаў прыдатны для рэалізацыі інвестпраекта, тры ўчасткі разглядаюцца як пляцоўкі для індустрыяльнага будаўніцтва. Спрабуем уцягнуць у гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемыя аб’екты на тэрыторыі раёна – любы жадаючы можа ўзяць іх у арэнду або купіць.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара   



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *