«Герой на ўсе часы». Зінаідзе Ярашэвіч — 80

Главное Сельская гаспадарка

Праслаўлены ў мінулым аператар машыннага даення ААТ «Радзіма Якуба Коласа», Герой Сацыялістычнай Працы, руплівіца з агульным 62-гадовым працоўным стажам, чалавек года Міншчыны, шматдзетная маці Зінаіда Ярашэвіч адзначыла 1 ліпеня 80-годдзе

Дасягнуты жывёлаводамі МТФ «Пагарэлае» рэкордны паказчыкзвыш дзесяці тысяч кілаграмаў малака ад каровы – да гэтага часу не пакарыўся ніводнай ферме раёна. Дзесяцітысячны рубеж так і застаецца вяршыняй, да якой імкнуцца перадавыя калектывы сельгаспрадпрыемстваў.

Зінаіда Пятроўна – вядомы і паважаны чалавек. Імя гэтай руплівай жанчыны навечна ўпісана залатымі літарамі ў летапіс працоўнай славы гаспадаркі і раёна. Яна нарадзілася ў вёсцы Андрушы Нясвіжскага раёна. Пасля замужжа пераехала жыць у Пагарэлае. Уладкавалася аператарам машыннага даення на мясцовую ферму на той час калгаса «Перамога». Шчыра працавала, і яе рупнасць была заўважана. Зінаіда Пятроўна першая ў раёне перавысіла чатырохтысячны рубеж па надоях малака ад каровы і атрымала ў 1988 годзе за сваю рупнасць званне Героя Сацыялістычнай Працы. Праз некаторы час былы старшыня калгаса Канстанцін Каробка прапанаваў перадавому аператару машыннага даення ўзначаліць калектыў, маўляў, навучыш усіх працаваць, як сама. І Зінаіда Пятроўна не падвяла: на працягу ўсяго часу яе брыгадзірства ферма была ў ліку лепшых сярод падобных вытворчых падраздзяленняў раёна. У гонар праслаўленай жанчыны-працаўніцы райкам прафсаюза работнікаў АПК заснаваў пераходны прыз, які па выніках года перадаецца лепшай па паказчыках малочнатаварнай ферме раёна.

Зінаіда Пятроўна сціплая і нешмат-слоўная, не любіць хваліцца і зорачку Героя заўжды надзявала толькі на ўрачыстасці. У савецкі час была дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, намеснікам старшыні Савета Саюза. На 27-м з’езде КПСС яе выбралі членам прэзідыума. Узнагароджана ордэнамі «Знак Пашаны», Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Леніна і медалямі. Зінаіду Пятроўну выбіралі дэпутатам ад Стаўбцоўскага раёна на 2-гі і 3-ці Усебеларускія народныя сходы. За шматгадовую і добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі Прэзідыум рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагародзіў Зінаіду Ярашэвіч нагрудным знакам «За заслугі». Яна пераможца раённага конкурсу «Жанчына года – 2015» у намінацыі «Жанчына-легенда». У 2017 годзе ёй прысвоены тытул «Чалавек года Міншчыны». Сёння для нас гэта гісторыя, а для Зінаіды Пятроўны – жыццё, напоўненае яркімі і незабыўнымі падзеямі.

Гады бягуць няўмольна. Летась Зінаіда Ярашэвіч выйшла на заслужаны адпачынак. Агульны працоўны стаж жанчыны склаў 62 гады, з якіх 58 яна адпрацавала ў жывёлагадоўчай галіне сельгаставарыства і 29 – узначальвала МТФ «Пагарэлае». Яе работа, ацэненая званнем Героя, – прыклад для моладзі і будучых пакаленняў. Такіх людзей у нашай краіне нямнога. Але не за ўзнагароды Зінаіда Пятроўна шчыравала, а проста ў другім рытме жыць не магла. Яна і сёння застаецца такой жа жвавай і маладой душою. Многа працуе і дома, бо без работы сядзець не можа. Зінаіда Ярашэвіч сцвердзілася ў жыцці не толькі як прафесіянал, але і як маці, бабуля і прабабуля. Выгадавала дастойных дзяцей, якім перадала любоў да працы. У бабулі шасцёра ўнукаў і тры праўнукі.

З юбілеем Вас, Зінаіда Пятроўна! Жадаем моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *