Верныя сыны сваёй Айчыны

Дзякуй, салдат! Нумары

image_pdfimage_print

70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 25-годдзю вываду савецкіх войск з Афганістана, адкрыццю абноўленага мемарыяла воінам-інтэрнацыяналістам ад жыхароў Стаўбцоўскага раёна – такое ганаровае прысвячэнне меў абласны семінар, праведзены на Стаўбцоўшчыне раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.

Праграма семінара, які сабраў на Стаўбцоўшчыне шмат гасцей, пачалася з урачыстасці. На гранітную пліту мемарыяла “Воінам-інтэрнацыяналістам ад жыхароў Стаўбцоўскага раёна”, абноўленага сёлета агульнымі намаганнямі працоўных калектываў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, – накінута сімвалічнае белае палатно. Пад яго покрывам – увекавечаныя імёны герояў. Варту ля помніка нясуць піянеры. Мітынг адкрываецца Гімнам Рэспублікі Беларусь. Разам з кіраўніцтвам раёна, раённага Савета дэпутатаў і раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” даніну павагі і прызнання васьмі нашым землякам, якія аддалі свае жыцці ў Афганістане, выказалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка, намеснік старшыні рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Уладзімір Баршчоў, дырэктар рэспубліканскага фонду дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам “Памяць Афганістана” Аляксандр Мятла.

Адметна, што сярод гасцей прысутнічаў і палкоўнік у адстаўцы – Віктар Сямёнавіч Князеў, бацька аднаго з тых, чыё імя застыла на чорным граніце помніка. Гэта ягоны адзіны сын Валерый – лейтэнант Валерый Князеў, які калісьці пайшоў па бацькавых слядах…

Пасля ўрачыстага адкрыцця адбылося асвячэнне помніка айцом Аляксандрам Марцінчыкам, ускладанне кветак і вянкоў. Пад гукі духавога аркестра прайшлі строем ваенныя, а з імі і юная змена – рабяты з ваенна-патрыятычнага клуба “Абаронца Айчыны”.       

ПРЭЗЕНТАЦЫЯ КЛУБА

Сувязь пакаленняў, патрыятычнае выхаванне моладзі – асноўная тэма, акрэсленая праграмай семінара. Ад помніка-манумента семінар перанёсся ў раённы Цэнтр культуры.

Прэзентаваў раённую арганізацыю ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” перад шаноўнымі гасцямі і сваімі калегамі – старшынямі раённых арганізацый воінаў-інтэрнацыяналістаў Мінскай вобласці, старшыня Рыгор Мамайка. Ён, у прыватнасці, заўважыў:

– Наша арганізацыя аб’ядноўвае ў сваіх радах 95 воінаў-інтэрнацыяналістаў. На нашым уліку – і бацькі загінуўшых рабят, якім мы аказваем дапамогу. Я ўдзячны за падтрымку савету арганізацыі, які ўзначальвае Генадзь Нагорны. У калектыве маторнікаў, дзе ён працуе, створана свая пярвічка, у яе ўваходзяць 11 воінаў-інтэрнацыяналістаў. Выказваю ўдзячнасць выканаўчай уладзе, сваім таварышам – Уладзіміру Кутасу, Мікалаю Бутрымовічу, Міхаілу Мамайку, усім грамадскім арганізацыям раёна і воінскай часці ў Наваколасаве, з якімі мы цесна супрацоўнічаем, дырэктару школы № 3 горада Стоўбцы Жанне Лысай, дзе месціцца наш клуб “Абаронца Айчыны”. Залу для клуба мы абсталявалі сваімі рукамі.

Спартыўна-патрыятычны клуб баявых адзінаборстваў “Абаронца Айчыны” – з нядаўніх пор стаў структурным падраздзяленнем раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, мае свой статут і кодэкс. Клуб – візітная картка арганізацыі і, безумоўна, яе гордасць. Дзейнічае ён з 1994 года пад нязменным кіраўніцтвам Рыгора Мамайкі. У апошні час клубам праведзена вялікая работа па ўступленні ў паўнапраўныя члены Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту, а таксама Беларускай асацыяцыі рукапашнага бою.

Як было відаць са слайдаў на экране, на трэніроўках рабяты займаюцца агульнафізічнай падрыхтоўкай, вучацца ваеннай справе і асновам бяспечнай жыццядзейнасці, рыхтуюцца да выканання канстытуцыйнага доўгу. Кожны год выхаванцы клуба (а іх на даны момант больш за 30 чалавек, сярод іх ёсць і дзяўчаты) папаўняюць рады студэнтаў ВНУ міністэрстваў абароны, унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях. А калі хто з хлопцаў не паступае і прызываецца ў армію, то ў райваенкамаце ён першы прэтэндэнт на службу ў элітных спецпадраздзяленнях.

Клуб гартуе смелых, з цвёрдым характарам, фізічна вынослівых маладых людзей, нягледзячы на тое, што некаторыя падлеткі прыходзяць сюды з не вельмі добрай характарыстыкай, а то і са статусам  «цяжкага». Пра эфектыўнасць перавыхавання скажа тое, што дзейнасць клуба адзначана ганаровай граматай упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама. Асобным рабятам клуб поўнасцю змяняе жыццё, дае старт да вялікіх спартыўных дасягненняў, як, напрыклад, Уладзіміру Джыгану.

Бясспрэчнае дасягненне (яго падкрэсліла дырэктар школы № 3 Жанна Лысая) – што ў клуба фактычна няма выпускнікоў. Усе рабяты, якія станавіліся дарослымі разам з клубам, застаюцца з ім і далей, працягваюць адносіны. Яны, дарэчы, пераканалі ў гэтым прысутных, бо з’ехаліся ў той дзень у Стоўбцы з розных куткоў Беларусі, усе выйшлі на сцэну… Паклаўшы рукі на плечы адзін аднаму, заспявалі… Немагчыма сумнявацца ў тым, што гэта і ёсць моцная каманда аднадумцаў, дружная сям’я.

Падобныя думкі пацвердзіла сваім выступленнем і сакратар раённай арганізацыі КПБ Ніна Дубовік, і Валянціна Атрушкевіч, цяперашні дырэктар Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната, якая з гонарам сказала: “У маёй сям’і з клубам звязаны абодва сыны. І іх сувязь з клубам не перарываецца”.

Сённяшні кадравы ваенны Юрый Лапкоўскі ўжо аддаў у родны яму клуб свайго сына-школьніка, а вось начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Міхаіла Азановіча, мяркуючы па яго настроі, з часам таксама чакае падобная “ракіроўка”… Увогуле, на прэзентацыю клуба прыйшоў і начальнік райаддзела міліцыі Іван Мамайка – у клубе займаецца яго сын Мікіта.             

Члены клуба розных пакаленняў прадэманстравалі на сцэне, на што яны здатныя.

ІНІЦЫЯТЫВА «АФГАНЦАЎ»

У абмеркаванні пытанняў дзейнасці раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў прыняў удзел і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Іосіф Язвінскі. Гэтыя дзве грамадскія арганізацыі звязваюць даўнія і цесныя сувязі. Іосіф Язвінскі  не ўспрымае рабят – “братоў па зброі”, інакш, як пераемнікаў ветэранаў Вялікай Айчыннай, іх баявых традыцый і нязломнага маральнага духу. Пры абнаўленні помніка ў гонар загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў ветэраны, як і іншыя жыхары раёна, зрабілі сваё пералічэнне, свой пасільны матэрыяльны ўнёсак. Яны набылі і – разам з вучнямі школы № 2 і раённым камітэтам БРСМ – пасадзілі побач з помнікам дзясятак туек. Разам з тым, “трэба больш працаваць са школамі і працоўнымі калектывамі, вучыць моладзь патрыятызму праз звычайныя рэчы – павагу да старэйшых, да законаў грамадства, ушанаванне тых, хто з’яўляецца ўзорам працоўнай доблесці”. Такія напрамкі сумеснай дзейнасці акрэсліў Іосіф Язвінскі.        

Ад Рыгора Мамайкі паступіла цікавая ініцыятыва. Загадам савета раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” зацверджаны Кубак па рукапашным боі імя Міхаіла Іванавіча Лянцэвіча. Гэты чалавек у свой час узначальваў трэцюю гарадскую школу, стаяў ля вытокаў клуба і спрыяў яго развіццю. Турнір у яго памяць будзе праходзіць штогод напярэдадні 15 лютага – Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў – сярод школ раёна і клубаў ваенна-патрыятычнай работы. Рыгор Мамайка прадставіў і спонсара гэтага мерапрыемства – мясцовага індывідуальнага прадпрымальніка Сяргея Мышкаўца. 

…І праз 70 мірных гадоў няхай працягваюцца баі – у трэнажорнай зале, на спартыўным полі, каб наша моладзь сталела і расла сапраўднымі мужчынамі, станавілася сынамі сваёй Айчыны. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

НА ЗДЫМКАХ: на адкрыцці абноўленага помніка выступае намеснік старшыні рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Уладзімір Баршчоў; старшыня раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Рыгор Мамайка вітае палкоўніка ў адстаўцы Віктара Князева, імя яго сына ўвекавечана на помніку.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *