У жыцці ўсё магчыма, калі ёсць мара. Наш сённяшні герой гэта пацвярджае. Канстанцін Чэрнік, сёлетні выпускнік Рубяжэвіцкай СШ, актывіст БРСМ, днямі стаў пераможцам раённага этапу рэспубліканскага фотаконкурсу «Сэлфі & фота з вышыванкай», і яго фотаздымак будзе прадстаўлены на абласным этапе конкурсу.
– Косця, віншуем цябе з перамогай. Раскажы, як прыйшла ідэя зрабіць такі фотаздымак?
– Пра фотаконкурс даведаўся ў сацыяльных сетках. Я працую ў парку-музеі інтэрактыўнай гісторыі «Сула», таму ідэя для фота з’явілася адразу. Гэтае месца вельмі каларытнае, і кожная яго частка насычана сапраўднай гісторыяй. Зрабіць здымак у вышыванцы ў гэтых мясцінах было асаблівым задавальненнем. Рэалізаваць жаданне дапамагла мая верная сяброўка – кабыла па мянушцы Цветагора. З усіх шасці коней з ёй працую часцей за ўсё. Стала нечаканасцю атрымаць перамогу, таму што былі цікавыя фотаздымкі і ў іншых удзельнікаў. Па-сапраўднаму верыў, што мая ідэя не падвядзе. Так і здарылася.
– Ведаю, што ты ўжо два гады, з’яўляючыся школьнікам, працуеш у парку-музеі. Як табе ўдаецца спалучаць вучобу і работу?
– Трапіў у парк-музей па рэкамендацыі настаўніцы з Рубяжэвіцкай СШ Рамуальды Ігнацьеўны Сабалеўскай. Два гады таму быў патрэбны работнік, які ўмее абыходзіцца з коньмі. У нашай сям’і заўсёды была гаспадарка, таму з дзяцінства магу ездзіць верхам на кані, маю іншыя навыкі. З часам асвоіўся з працай у канюшні на тэрыторыі парку-музея. Пазней пачаў праводзіць экскурсіі. Валодаю трыма музычнымі інструментамі, таму пачаў прымаць удзел у розных мерапрыемствах. У парку-музеі працую па выхадных, бо шмат часу займае падрыхтоўка да паступлення. Мару стаць студэнтам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і вучыцца на лесагаспадарчым факультэце па спецыяльнасці «турызм і прыродакарыстанне». Спадзяюся, у мяне ўсё атрымаецца.
– Сярод тваіх хобі і фатаграфаванне. Чым цябе прываблівае гэты занятак?
– Займацца фота пачаў тры гады таму. Мне вельмі падабаецца вандраваць. Падчас падарожжаў можна ўбачыць шмат незвычайнага. Як жа гэтую прыгажосць не адлюстраваць праз здымак? Заўважыў, што ў мяне гэта атрымліваецца, і так адкрыў ў сабе новую здольнасць. Заўсёды спрабую знайсці правільны ракурс, прыкмеціць нешта асаблівае, няўлоўнае…
– Косця, часам можна пачуць нараканні на сучасную моладзь. Што думаеш ты на гэты конт?
– Мне здаецца, што моладзь развіваецца, бярэ ўдзел у розных акцыях. Яна неабыякавая да таго, што адбываецца навокал. Прыемна, што апошнім часам многія пачалі актыўна цікавіцца беларускай культурай. З’явілася больш беларускамоўнай моладзі.
– Маладосць – гэта пара натхнення, адкрыццяў… А што яна значыць для цябе?
– Здаецца, гэта самы цудоўны перыяд у жыцці чалавека. Гэта час вялікіх магчымасцяў, ажыццяўлення мар… Маладосць – агеньчык у душы, які можа распаліць цэлае вогнішча карысных спраў.
Жадаю маладым жыхарам Стаўбцоўшчыны не ўпускаць сваіх магчымасцяў, марыць і дзейнічаць. Абавязкова стаўце перад сабой мэты і рэалізуйце іх. Цяпер наш час!
Ксенія РУБІН
Фота Марты ДУБІНЕЦ