Служаць Рэспубліцы Беларусь

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

У ліпені раённаму ваеннаму камісарыяту, як і вызваленню нашай роднай рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, спаўняецца 70.

Райваенкамат – асаблівая структура ў сістэме органаў абароны і ў жыцці кожнага мужчыны, пачынаючы з 16-ці і, фактычна, да дасягнення ім пенсіённага ўзросту. Адсюль пачынаецца шлях прызыўніка, які ідзе выконваць свой канстытуцыйны доўг. Менавіта адсюль пачынаўся шлях у бессмяротнасць. Так было ў гады вайны, калі многія з мабілізаваных на вайсковую службу адразу пасля вызвалення Беларусі не вярнуліся дамоў і навечна паляглі салдатамі на палях той вайны. Так было і ў мірны час, калі нашы хлопцы адпраўляліся служыць у гарачыя кропкі… Напэўна, гэта вельмі сімвалічна, што менавіта раённы ваенны камісарыят стаў ініцыятарам сёлетняга капітальнага рамонту стэлы ў гонар воінаў – нашых землякоў, якія загінулі ў Афганістане. Памяць аб абаронцах Айчыны павінна жыць і быць патрыятычнай. Сумесная работа ваенкамата і раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі – гэта ўсяго адзін з напрамкаў яго разнапланавай дзейнасці. Поруч з імі ідзе ў гэтай рабоце і раённая ветэранская арганізацыя на чале з Іосіфам Язвінскім.

Шаноўныя ветэраны вайны – яскравы прыклад патрыятызму і любові да сваёй Радзімы – былі запрошаны і на святкаванне 70-гадовага юбілею райваенкамата. Раённы ваенны камісар Вячаслаў Воранаў уручыў ім юбілейныя медалі – «70 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Сярод узнагароджаных – тыя, хто ваяваў на фронце і ў партызанскіх атрадах, працаўнікі тылу, былыя малалетнія вязні фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў. А ветэрану вайны Сяргею Хмелю паступіла двайное віншаванне – таксама і ад ветэранскай арганізацыі, бо ён адзначыў свой 90-ты дзень нараджэння.    

Пра юбілейны ўзрост райваенкамата і станаўленне ў розныя перыяды гісторыі наглядна расказаў відэафільм, створаны яго работнікамі. У фотаздымках, ва ўспамінах ваенных камісараў і супрацоўнікаў адкрываліся старонкі былыя і сучасныя.

Днём стварэння райваенкамата лічыцца 6 ліпеня 1944 года.  Сярод асноўных задач, над вырашэннем якіх працуюць афіцэры і вольнанаёмныя служачыя, –  мабілізацыйная гатоўнасць, тэрытарыяльная абарона раёна, сацыяльная абарона ваеннаслужачых, ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, у тым ліку прафарыентацыйная работа,  і т. п. Прафесіяналізм, сумленнасць – залог якаснага выканання пастаўленых задач, закліканых садзейнічаць  стабільнасці і бяспецы нашай краіны.

У дзейнасці ваенкамата вялікую ролю адыгрывае асоба кіраўніка – ваеннага камісара. Знакавы перыяд у яго гісторыі звязаны з камісарам Рыгорам Кароткіным. У другой палове 70-х гадоў пад яго кіраўніцтвам быў пабудаваны прызыўны пункт. Тады раённы ваенны камісарыят заняў ганаровае трэцяе месца сярод 22-х райваенкаматаў Мінскай вобласці, а яго камісар быў узнагароджаны граматай Міністэрства абароны. Далейшымі паслядоўнікамі Рыгора Герасімавіча былі ваенкамы  Валянцін Шчабятун, Юрый Ягораў, Вячаслаў Асоўскі, Сяргей Падалянчык.

Апошнія гады кіраўніцтва ваенкаматам ажыццяўляе  Вячаслаў Воранаў. Летась па выніках планавай праверкі Генеральнага штаба райваенкамату выстаўлена станоўчая адзнака. Але самыя красамоўныя і цёплыя словы прагучалі ў адрас Вячаслава Воранава ад тых, з кім ён непасрэдна ўзаемадзейнічае, з кім прыходзіцца вырашаць розныя пытанні. Да прыкладу, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Рыгор Мамайка ахарактарызаваў яго «як чалавека вялікага вопыту і невычэрпнай энергіі, з залатымі рукамі, які стварыў вакол сябе дастойную каманду». Старшыня раённай арганізацыі КПБ Ніна Дубовік прадставіла Вячаслава Генадзьевіча як настаўніка: «Ён умее заспакоіць бацькоў, параіць прызыўніку ў які род войск ісці служыць і даць наказ, працягвае добрыя традыцыі». Адна з іх – правядзенне на Стаўбцоўшчыне сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі дзён прызыўніка, уручэнне павестак у памятных месцах раёна і Мінскай вобласці.          

У сувязі з 70-гадовым юбілеем райваенкамата фактычна ніводзін яго работнік не застаўся без адзнакі сваіх сціплых заслуг. Адметна, што большую частку асабовага саставу складаюць жанчыны. Віншаванні калектыву перадалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі, кіраўніцтва Стаўбцоўскай раённай арганізацыі «Белая Русь», вайсковай часці ў Наваколасаве, райаддзела міліцыі, аўтапарка № 17, Наваколасаўскага сельвыканкама і інш. Артысты раённага Цэнтра культуры падарылі юбілярам канцэрт. 

Сваіх сяброў і партнёраў райваенкамат аддзячыў спецыяльным памятным медалём – «70 год Стаўбцоўскаму райваенкамату», а таксама буклетам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: раённы ваенны камісар Вячаслаў Воранаў уручае юбілейную ўзнагароду ветэрану вайны  Уладзіміру Шырочыну; ветэраны ваенкамата – Рыгор Кароткін і Аляксандр Лыпка.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *