«У Азербайджане добра адпачываць, а ў Беларусі – добра жыць». Сям’я Зейналавых са Стоўбцах выбрала Беларусь

Главное Соцыум

Сям’я Ількіна і Алёны Зейналавых выбрала Беларусь месцам нараджэння сваіх дзяцей

У азербайджанска-беларускай сям’і лічаць так: «У Азербайджане добра адпачываць, а ў Беларусі – добра жыць»

Іх дому Стоўбцах

Усмешлівага Ількіна Зейналава, ураджэнца Азербайджанскай Рэспублікі, многія ведаюць у Стоўбцах, дзе ён вядзе сезонны гандаль кавунамі, а таксама ў Новым Свержані, дзе адкрыў прадуктовы магазін. Гэты бізнес хутчэй можна назваць сямейным, бо Ількіну ва ўсім дапамагае жонка Алёна, карэнная стаўбчанка. Яна ж вучыць мужа размаўляць па-нашаму, па-беларуску.

У мінулым годзе споўнілася запаветная мара Зейналавых: яны набылі ўласны дом. Настрой радасны, але і работы – больш чым шмат. Ужо пачалі разбудоўваць яго на свой лад, плануюць надбудаваць другі паверх, каб усім хапіла месца.

Сёння ў сям’і Ількіна і Алёны Зейналавых двое дзяцей – 10-гадовы Антон і маленькая Лэйла, якой няма і двух гадкоў. У найбліжэйшы час у сям’і чакаюць папаўнення.

Ількін умее працаваць

У Беларусі Ількін Зейналаў амаль 30 гадоў. Ён прыкіпеў душой да нашай рэспублікі яшчэ тады, калі ўпершыню прыехаў разам з бацькамі ў шасцігадовым узросце. Тады быў нялёгкі час, і многія пакідалі родныя мясціны ў пошуках работы, сродкаў для існавання… У Мінску старэйшыя Зейналавы займаліся тым, што гандлявалі на рынку. Крыху зарабіўшы грошай, вярнуліся дамоў. Ількін закончыў у Азербайджане школу, адслужыў у арміі. У яго на целе назаўсёды засталася адзнака аб салдацкай службе – у выглядзе кулявога ранення, атрыманага падчас ваеннага канфлікту ў Нагорным Карабаху…

Калі прыйшоў час рабіць жыццёвы выбар, Ількін быў адзін са сваёй вялікай сям’і (бацькі, брат і дзве сястры), хто вырашыў паехаць у Беларусь. Фарбаваў у Мінску аўтамабілі і меў добры заробак. Грошы пасылаў сваім блізкім у Азербайджан.

«У Беларусі ў мяне жыве толькі адзін дзядзька, – кажа ён і паказвае на Алёну, дзяцей: – Мая сям’я – вось і ўся мая радня. Калісьці я вельмі хацеў пазнаёміцца з мясцовай дзяўчынай і стварыць сям’ю».

«Майму мужу вельмі пашанцавала, – не ўтойвае сваіх пачуццяў і Алёна Зейналава. Тлумачыць сакрэт іх сямейнага шчасця: – Ва ўсім падтрымліваю яго, дапамагаю ў бізнесе». І дадае самае істотнае: «Ількін умее працаваць. Для сям’і ён кармілец, здабытчык».

У свой час Ількін займаўся каратэ-до, уступіў у баксёрскі клуб. Яму даводзілася выступаць нават на міжнародных спаборніцтвах. Але кінуў гэты занятак, калі зламаў руку. Функцыі рукі аднавіліся, аднак ён вырашыў перакваліфікавацца – са спорту на гандаль кавунамі.

Яго жонка на даны момант у дэкрэтным адпачынку, а ўвогуле яна тэатральны рэжысёр, працуе ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў. Калі рэжысёр называе сваё прозвішча, у яе часта цікавяцца: «А вядомая расійская тэлевядучая не ваша сваячка?»

Радзіма – у імені дачкі

Штогод Ількін Зейналаў знаходзіць магчымасць, каб пабываць на Радзіме. А Беларусь і Азербайджан раздзяляюць 3,5 тысячы кіламетраў. «Пералёт на самалёце ў абодва бакі каштуе 500 долараў. Калі ехаць на машыне – абыходзіцца танней», – заўважае Ількін.

Некалькі разоў ездзіла разам з мужам і Алёна. «Там іншы клімат, цікавая культура, адрозная ад нашай», – кажа яна.

У сваёй інтэрнацыянальнай сям’і Зейналавы падтрымліваюць абедзве блізкія ім культурна-рэлігійныя традыцыі – хрысціян-скую і мусульманскую. Гучыць у іх доме і азербайджанская мова, калі Ількін запрашае ў госці сваіх «беларускіх» землякоў.

Ён ужо прывык да беларускай кухні, а, калі ёсць настрой, уласнаручна гатуе сваю любімую страву – шашлыкі. «У мужа свой рэцэпт. Мяса атрымліваецца смачнае, з арыгінальнымі прыправамі, але не вострае», – апісвае смак Алёна.

Здаецца, Ількін, каб наблізіць да сябе Радзіму, назваў дачку Лэйлай. У блакітнавокай дзяўчынкі – прыгожае арабскае імя. Пра сваю радаслоўную яна даведаецца пазней, калі падрасце, а ўвогуле дзень нараджэння кожнага члена сям’і – гэта сямейнае свята. Ды і кожны дзень праходзіць у іх з радасцю, калі справы ладзяцца.

«У Азербайджане ўжо паспелі кавуны», – паведамляюць Зейналавы, якія, дзякуючы інтэрнэту, падтрымліваюць відэасувязь са сваёй азербайджанскай раднёй.

Іх клічуць у госці на Каўказ разам з дзецьмі. І паедуць пры першай магчымасці – каб пабачыцца і заадно адпачыць на Каспійскім моры.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *