Сёння адзначаецца Дзень работнікаў падатковых органаў

Главное Эканомiка

Сёлета сваё прафесійнае свята работнікі інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскім раёне адзначаюць пад знакам юбілейнай даты – 30-годдзя падатковай службы.

Ля яе вытокаў стаялі вядомыя на Стаўбцоўшчыне фінансісты, такія як Ніна Пятрышча (першы кіраўнік інспекцыі), Ала Лобач, Галіна Анікейчык, Надзея Дасько. З 2005 года ўзначальваў інспекцыю Іосіф Сяліцкі. У маі 2020 года на гэтую пасаду прызначана Алена Стула.

За абмеркаваннем аператыўных спраў у начальніка інспекцыі Алены Стула начальнікі ўпраўленняў інспекцыі Таццяна Грэская і Святлана Шык

У інспекцыю Алена Іванаўна прыйшла адразу пасля школы па парадзе сваёй матулі – Лобач Алы Сцяпанаўны – і такім чынам стала прадаўжальніцай дынастыі падаткавікоў. Свой працоўны шлях пачала сакратаром-машыністкай. Каб стаць прафесіяналам, закончыла фінансава-эканамічны каледж, БДЭУ, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Ва ўсе часы імідж падатковай інспекцыі трымаецца на высокай кваліфікацыі яе супрацоўнікаў, іх аналітычным падыходзе да справы, імкненні ствараць вакол сябе прыгажосць. Для гэтага варта па-глядзець на добраўпарадкаваную тэрыторыю інспекцыі і адчуць крэатыўны настрой падаткавікоў.

Электронны ключ для плацельшчыкаў

– Калектыў абнавіўся маладымі кадрамі, – знаёміць са свежымі тэндэнцыямі Алена Стула. –  На даны момант сярэдні ўзрост работнікаў інспекцыі не перавышае 40 гадоў. З 27 чалавек 17 маюць статус дзяржслужачых. Усе працуем на галоўную задачу – забеспячэнне даходнай часткі бюджэту.

– Алена Іванаўна, гэта напрамую залежыць ад колькасці плацельшчыкаў падаткаў, але не толькі. Якія сучасныя спосабы ўзаемадзеяння з плацельшчыкамі найбольш эфектыўныя?

– Плацельшчыкі становяцца больш дысцыплінаванымі, законапаслухмянымі. Па стане на 1 чэрвеня 2020 года на ўліку знаходзіліся 672 арганізацыі, у прыватнасці 544 – камерцыйныя, 992 індывідуальныя прадпрымальнікі і 27 584 фізічныя асобы, з іх 821 чалавек займаецца рамесніцтвам, утрымлівае аграсядзібы і ажыццяўляе іншыя віды дзейнасці, якія не патрабуюць дзяржрэгістрацыі. Летась у сувязі са змяненнямі ў заканадаўстве некаторыя індывідуальныя прадпрымальнікі перайшлі ў разрад фізічных асоб і на аплату штомесячнага збору ў залежнасці ад сваёй дзелавой актыўнасці.

Мы надаём вялікую ўвагу інфармацыйна-растлумачальнай рабоце з плацельшчыкамі. Працуем на тое, каб папярэдзіць парушэнні падатковага заканадаўства, пры гэтым максімальна выкарыстоўваем дыстанцыйныя формы ўзаемадзеяння.

Даўно не з’яўляецца навінкай  падключэнне да электронных сэрвісаў падатковых органаў, што аблягчае работу абодвум бакам. На даны момант  паслугай электронных ключоў ужо карыстаюцца 93 працэнты юрыдычных асоб і 84 працэнты індывідуальных прадпрымальнікаў раёна.

Вядучы адміністратар Руслан Жданок, чыё фота занесена на Дошку гонару падаткавікоў Міншчыны, абслугоўвае сетку з 30 камп’ютараў

Падаткі, эканоміка і эпідэміялогія

– Сума падаткаў напрамую залежыць ад эканамічнага становішча прадпрыемства ці індывідуальнага прадпрымальніка. У апошнія месяцы ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй некаторыя з іх значна страцілі ў аб’ёмах паслуг.

– Для плацельшчыкаў Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 143 ад 24.04.2020 «Аб падтрымцы эканомікі» прадугледжана зніжэнне ставак адзінага падатку ў два разы, у адносінах да індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб прыменены ў другім і трэцім кварталах бягучага года паніжальныя каэфіцыенты па стаўках падаткаў на нерухомасць, зямлю і арэнду.

Такую магчымасць выкарысталі чатыры юрыдычныя асобы (на суму 7 мільёнаў 576 тысяч рублёў), а таксама 122 індывідуальныя прадпрымальнікі (на суму 21 мільён 771 тысяча рублёў). Ільгота аказалася значнай і своечасовай дзяржаўнай падтрымкай для самазанятых, таму што некаторыя ўжо думалі аб закрыцці сваёй справы.

Штодзённая работа – непрыкметная

– Раскажыце пра структуру падатковай інспекцыі раёна.

– Інспекцыя складаецца з двух упраўленняў і двух аддзелаў. Плацельшчыкамі – фізічнымі асобамі займаецца ўпраўленне па рабоце з фізічнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і юрыдычнымі асобамі – упраўленне ўліку падаткаў. Аналітычную дзейнасць ажыццяўляюць аддзел кантрольнай работы і аддзел камеральных праверак. У нас ёсць магчымасць праводзіць камеральныя  і выбарачныя праверкі, маніторынгі плацельшчыкаў адносна правільнасці налічэння падаткаў без выхаду на месца.

Штодзённая работа інспекцыі часцей за ўсё непрыкметная, але яна дае свой плён. На даны момант ідзе зверка баз даных плацельшчыкаў падатку на нерухомасць і зямельнага падатку, каб прад’явіць гэтыя падатковыя плацяжы на 2020 год на якасна высокім узроўні.

– Алена Іванаўна, па выніках работы за 2019 год ваша фота занесена на Дошку гонару Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь. Хто яшчэ з вашых калег адзначаны за добрасумленную працу?

Значны ўклад у работу інспекцыі ўносяць Эла Вярэніч, Таццяна Паплаўская, Таццяна Шарафановіч, Людміла Фаміна, Наталля Блінкоўская

– Да прафесійнага свята ўручана Ганаровая грамата інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці начальніку аддзела кантрольнай работы Эле Вярэніч, Падзяка Міністэрства – намесніку начальніка аддзела кантролю за арганізацыямі Людміле Фаміной. Фота вядучага адміністратара Руслана Жданка занесена на Дошку гонару інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці. Абноўлена і Дошка гонару стаўбцоўскай інспекцыі: сёлета на яе занесены фота начальніка аддзела камеральных праверак Вольгі Грыгарцэвіч, галоўнага дзяржаўнага падатковага інспектара Валянціны Доўнар і прыбіральшчыцы Людмілы Процька.

Падзякамі начальніка інспекцыі адзначаны галоўны бухгалтар Святлана Гамза, юрыст Марына Петруковіч, начальнік упраўлення ўліку падаткаў Таццяна Грэская.

Не магу не назваць тых нашых супрацоўнікаў, якія свой багаты вопыт перадаюць моладзі. Гэта  намеснік начальніка ўпраўлення ўліку падаткаў Іна Кедрон,  галоўныя дзяржаўныя падатковыя інспектары Святлана Каласоўская, Таццяна Шарафановіч і Алена Макась, вядучы рэферэнт Таццяна Паплаўская і інш.

Мы не забываем сваіх ветэранаў: Людмілу Вайтовіч, Станіславу Садоўскую, Лідзію Жук, Святлану Ельяшэвіч, Алену Васілеўскую, Валянціну Емяльянаву, Алену Шапавалаву, Наталлю Ярашэвіч.

Карыстаючыся выпадкам, віншую калектыў інспекцыі, ветэранаў працы са знамянальнай датай – 30-годдзем  утварэння падатковых органаў. Жадаю вам і вашым блізкім моцнага здароўя, шчасця, поспехаў і дабрабыту.

За пяць месяцаў 2020 года

  • Выкананне плана даходаў у кансалідаваны бюджэт забяспечана падаткавікамі раёна на 100,1 працэнта, што ў грашовым выражэнні склала 14 мільёнаў 246 тысяч рублёў.
  • Тэмп росту ў супастаўных цэнах да ўзроўню 2019 года дасягнуў 118,7 працэнта.
  • У адносінах да плацельшчыкаў праведзена пяць камеральных праверак і адна – выбарачная. Па выніках камеральных праверак былі накіраваны суб’ектам гаспадарання 80 паведамленняў па пытаннях унясення змяненняў у пададзеныя дэкларацыі, і, пасля іх удакладнення плацельшчыкамі, даналічана падаткаў і спагнана 422,6 мільёна рублёў. У ходзе выбарачнай праверкі выяўлены парушэнні з боку суб’-екта гаспадарання, якому даналічана 31,2 тысячы рублёў падаткаў.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *