Жыццё пражыць сумленна

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

Людзі, якіх вы бачыце на здымку, пражылі доўгі век – адлік гадоў і Мікалая Чыгрынца, і Еўдакіі Аўрашка пайшоў на дзясяты дзясятак. Клопат пра гэтых паважаных людзей узяла на сябе дзяржава, прадастаўляючы ім у Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце выдатныя ўмовы пражывання, медыцынскае абслугоўванне і пастаянны нагляд абслуговага персаналу.

Гэтыя паважаныя людзі з’яўляюцца ўзорам выхаванасці, высокай унутранай культуры. Так аб іх гавораць пражываючыя і супрацоўнікі сацыяльнай установы. Іх паважаюць, стараюцца сагрэць клопатам і ўвагай.

Мікалай Чыгрынец – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Усё сваё працоўнае жыццё ён аддаў рабоце ў калгасе пад Мінскам. Узначальваў сталярную майстэрню. У Мікалая Мікалаевіча   залатыя рукі. У свой час ён мог зрабіць адмысловыя рэчы з дрэва і металу.

Еўдакія Сяргееўна 40 гадоў адпрацавала даяркай у калгасе імя Леніна нашага раёна. Сумленная і сціплая працаўніца пакінула ў калектыве вельмі добрую памяць пра сябе. З нагоды святаў кіраўніцтва ААТ «Агранёманскі» пастаянна наведвае Еўдакію Сяргееўну ў доме-інтэрнаце, прывозіць ёй матэрыяльную дапамогу. Дырэктар сацыяльнай установы Валянціна Атрушкевіч гаворыць, што ААТ «Агранёманскі» паказвае іншым арганізацыям і прадпрыемствам добры прыклад, як трэба адносіцца да сваіх ветэранаў. Сярод пражываючых у доме-інтэрнаце – 37 чалавек з нашага раёна. Гэта дастойныя людзі, якія сумленна працавалі і прыгожа жылі. Валянціна Атрушкевіч лічыць, што кіраўніцтва арганізацый, адкуль яны пайшлі на пенсію, абавязана не забываць пра гэтых ветэранаў і так жа, як ААТ «Агранёманскі», ушаноўваць іх. Дзверы дома-інтэрната заўсёды адкрыты для гасцей.

З пачастункамі едуць да Еўдакіі Сяргееўны і прыхаджане Свята-Аннінскага храма. Для ўсіх яна – узор чалавека з хрысціянскімі дабрадзейнасцямі. У белай хусцінцы, акуратна апранутая, мірная, спакойная, удзячная, з позіркам, які выпраменьвае любоў і ласку, – такая яна і ў будні, і ў святы.

Еўдакія Аўрашка ў ліку 11 пражываючых у доме-інтэрнаце, хто  на асаблівым рахунку – мае  непасрэдныя адносіны да Вялікай Айчыннай вайны. Яна прымусова была вывезена гітлераўцамі ў Германію. Гэты здымак зроблены падчас уручэння Мікалаю Чыгрынцу і Еўдакіі Аўрашка дзяржаўнай матэрыяльнай дапамогі з нагоды 70-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *