Аграгарадок рыхтуецца сустрэць «Дажынкі»

Главное Год малой родины Минщина мы тобой гордимся

Аграгарадок Налібакі размешчаны на ўсходнім ускрайку Налібацкай пушчы. Першы ўспамін аб паселішчы датуецца 1447 годам. На тэрыторыі Налібак пабудаваны многія элементы базавай інфраструктуры: сельскі клуб, аддзяленне паштовай сувязі, сярэдняя школа, дзіцячы садок, фельчарска-акушэрскі пункт, комплексна-прыёмны пункт, магазіны. Сярод славутасцяў – касцёл Узнясення Дзевы Марыі і царква Святога Архангела Міхаіла. Праз аграгарадок праходзіць мясцовая аўтадарога Кляцішча – Налібакі – Дзераўная. У Налібаках бяруць пачатак дзве маленькія рэчкі – Лебяжода і Каменка, якія ўпадаюць у раку Вуса. 

Вабяць вока чыстыя вуліцы аграгарадка

Налібакі – здаровы пасёлак

Налібакі – глыбінка Стаўбцоўшчыны, прыгожая вёсачка з маляўнічымі краявідамі і чыстым паветрам. Жыць у гэтым краі – адно задавальненне, а прыехаць адпачыць – здароўя набрацца. Менавіта яшчэ і па гэтай прычыне ў 2017 годзе раённым выканаўчым камітэтам было прынята рашэнне аб далучэнні аграгарадка да міжнароднага праекта «Здаровыя гарады». Быў распрацаваны комплексны план асноўных мерапрыемстваў «Аграгарадок Налібакі – здаровы пасёлак». Адна з ключавых задач праекта – захаванне і ўмацаванне здароўя людзей, павелічэнне працягласці іх жыцця. Дарэчы, поспех рэалізацыі праекта базіруецца на ініцыятыве насельніцтва, на жаданні кожнага быць здаровым. Бо, як вядома, здароўе – багацце, без якога ўсё астатняе проста не мае сэнсу.

Царква Святога Архангела Міхаіла

Першай ластаўкай у ажыццяўленні намечаных мерапрыемстваў стала замена воданапорнай вежы. Людзей забяспечылі якаснай пітной вадой. Была заасфальтавана вуліца Ліпеньская, якая вядзе на возера Кромань.

З мэтай зніжэння захваральнасці медыкамі цэнтральнай раённай бальніцы штогод праводзяцца прафілактычныя і дыспансерныя  агляды насельніцтва. Работнікамі амбулаторыі распаўсюджваюцца сярод насельніцтва інфармацыйныя матэрыялы па пытаннях прафілактыкі сацыяльна значных захворванняў.  Арганізоўваліся лекцыі, накіраваныя на здаровы лад жыцця, а таксама розныя спартыўныя спаборніцтвы. І гэта дало свой плён. У выніку праведзенага комплексу запланаваных мерапрыемстваў павялічылася працягласць жыцця вяскоўцаў. Сёлета эпідэмія каранавіруса скарэкціравала планы, але людзі не расслабляюцца, стараюцца прытрымлівацца напрацаванага за папярэднія гады вопыту. Спадабаўся гэты маляўнічы куточак і сталічным жыхарам – нямала тут куплена імі дамоў пад дачы і ўчасткаў пад будаўніцтва. Мінчане не стаяць убаку ад надзённых спраў вяскоўцаў, падтрымліваюць парадак і стараюцца ўнесці свой уклад у агульную справу.

Аддзяленне паштовай сувязі заўсёды запатрабавана

Дружныя і працавітыя 

У аграгарадку жывуць гасцінныя, добразычлівыя, улюбёныя ў зямлю людзі – усіх налічваецца звыш 500 чалавек. Пераважная большасць з іх працавала і сёння рупіцца ў мясцовым сельскагаспадарчым таварыстве. Разам яны і святы ладзяць, і работу робяць. Лёгкія на пад’ём налібаччане з размахам адсвяткавалі 570-годдзе пасёлка. Масава выходзяць на суботнікі па добраўпарадкаванні, многія з уласнай тэхнікай. Не шкадуюць грошай для таго, каб прывесці ў парадак могілкі – вечны спачын продкаў. На сабраныя вяскоўцамі сродкі спілена 80 аварыйных і струхнелых дрэў. Людзі шчыра даглядаюць свае сядзібы, што надае аграгарадку адмысловы і непаўторны выгляд. Вылучаюцца сярод іншых прыдамавыя тэрыторыі Віктара і Алены Дошчачкаў, Фелікса і Ганны Мазуноў, Браніслава і Ірыны Кавалеўскіх. Прыгожа выглядае падвор’е старасты Іосіфа Жаўнерчыка, які праяўляе пастаянны клопат аб дабрабыце аднасяльчан. Налібаччане – людзі веруючыя, наведваюць мясцовыя касцёл і царкву, дзе святары таксама праводзяць з прыхаджанамі гутаркі аб здаровым ладзе жыцця.

Памяць аб вайне – помнік загінулым партызанам

«Сталіца» раённых «Дажынак»

Жыхары Налібак рыхтуюцца да прыёму гасцей. Сёлета ў пасёлку будзе ладзіцца раённае свята «Дажынкі-2020». Эстафету правядзення масавага штогадовага мерапрыемства прыняло ААТ «Налібакі Агра», цэнтральная сядзіба якога размяшчаецца ў аграгарадку. Кіраўніцтва гаспадаркі шмат робіць для таго, каб пасёлак стаў яшчэ больш прыгожым і ўтульным. Добраўпарадкаванне пачалі з канторы: дах накрылі металачарапіцай, сцены абшылі сайдынгам. Агарадзілі плотам з металапрофілю тэрыторыю новай малочнатаварнай фермы і правялі яе бетанаванне. Заменены дах на будынку збожжасклада, дыспетчарскай. Праводзіцца капітальны рамонт службовага жылля, агароджваецца тэрыторыя. Кіраўніцтва таварыства выдзеліла на гэтыя мэты будаўнічыя матэрыялы і рабочых. Штыкетнік набыты сельвыканкамам.

Добраўпарадкоўваецца тэрыторыя сельвыканкама

Шыкуецца і будынак мясцовай улады. Тэрыторыю агароджваюць прыгожым металічным плотам. Зроблены лавы, праведзена асвятленне. У аграгарадку прыводзяцца ў парадак аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння. Да свята прадугледжана абсталяваць дзіцячую гульнявую пляцоўку, паркоўкі. Пракладваюць тратуарныя дарожкі для пешаходаў. На прылеглых тэрыторыях сацыяльных аб’ектаў запланавана ўстанавіць малыя архітэктурныя формы. Зацікаўленымі раённымі службамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі робіцца ўсё для таго, каб свята хлебаробаў прайшло ў Налібаках на высокім узроўні.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *