У Стоўбцах прайшла сустрэча з прэс-сакратаром Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталляй Эйсмант

Афіцыйна Главное

У Стоўбцах прайшла сустрэча з прэс-сакратаром Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталляй Эйсмант. Удзел у сустрэчы брала і начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Шпілеўская.

У зале раённага цэнтра культуры сабраліся члены райвыканкама, дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, ідэалагічны актыў, кіраўнікі грамадскіх арганізацый раёна, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.

Адкрываючы сустрэчу, старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень пазнаёміў з тэмпамі развіцця Стаўбцоўшчыны, акцэнтаваў увагу на рабоце прадпрыемстваў і ўстаноў сацыяльнай сферы, рэалізацыі інвестыцыйных праграм. У ліку найбольш значных інвестпраектаў, якія ўвасабляюцца на Стаўбцоўшчыне, – будаўніцтва кацельні на мясцовых відах паліва магутнасцю 24 МВт і сярэдняй школы на 720 месцаў.

– Цяпер у рэспубліцы праходзіць шмат розных сустрэч, у тым ліку Прэзідэнт наведвае розныя рэгіёны краіны. Гэта магчымасць зразумець, чым жывуць людзі, паслухаць іх думку, – звярнула ўвагу Наталля Эйсмант.

У сваім выступленні Наталля Мікалаеўна перадала пазітыўную ацэнку, дадзеную Стаўбцоўскаму раёну кіраўніцтвам краіны: «Гэта моцны раён са значным патэнцыялам. Пацвярджэнне сказанага – невысокі працэнт зарэгістраванага беспрацоўя, дастойны ўзровень сярэдняй заработнай платы, які набліжаецца да 1000 рублёў. Разам з тым раёну ёсць куды расці ў плане павышэння заработнай платы, прыцягнення інвестыцый». Было адзначана, што раён нядрэнна спрацаваў ва ўмовах пандэміі.

Характарызуючы сітуацыю ў краіне, Наталля Эйсмант закранула самыя розныя тэмы – знешняй і ўнутранай палітыкі, сацыяльнага развіцця. Бываючы ў гушчыні падзей, побач з Прэзідэнтам, прэс-сакратар падзялілася сваімі ўражаннямі і эмоцыямі, падкрэсліла важную дэталь: «Прэзідэнт трымае на кантролі кожнае пытанне».

Прэс-сакратар спаслалася на думку Прэзідэнта, які абазначыў сучасную абстаноўку як сыхо-джанне «пяці пандэмій» адначасова: нафтагазавай, медыцынскай, вытворчай, інфармацыйнай і палітычнай. Відавочна, што многія з гэтых тэндэнцый – агульнасусветныя, закранаюць не толькі Беларусь, і ўсе яны сыходзяць у палітычную плоскасць.

У сучасным свеце мы штодзённа назіраем змены, адчуваем інфармацыйную вайну з яе фэйкамі і ўкідамі. «Інтэрнэт – гэта дабро і зло адначасова, і трэба разумець, што шмат чаго залежыць ад нас з вамі. У кожнага ёсць свае думкі, але ці можам мы ўсумніцца ў правільнасці шляху, па якім ідзе краіна?» – зазначыла Наталля Эйсмант.

Сустрэча прайшла ў інфармацыйна насычанай абстаноўцы, і яе асноўны пасыл  заключаецца ў тым, каб Беларусь заставалася стабільнай і мірнай краінай. Развіваючы яе, неабходна падцягваць да сучаснага ўзроўню пярвічнае звяно – маленькія гарадкі, вёскі, сістэму аховы здароўя і інш. Арыентацыя Прэзідэнта – на людзей, якія хочуць жыць у бяспечнай краіне, адчуваць сябе паўнапраўнымі гаспадарамі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Ксеніі РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *