Стаўбцоўшчына спартыўная

Нумары Спорт

АЛІМПІЙСКІЯ ІМКНЕННІ ЮНЫХ ЛЁГКААТЛЕТАЎ

«Гэты год паспяховы для юных стаўбцоўскіх лёгкаатлетаў», – мае рацыю, калі гаворыць так, трэнер ДЮСШ Анатоль Турчановіч. І ў дасягненнях здатных нашых спартсменаў яго плённая праца.

Рахунак лёгкаатлетычнаму вяснова-летняму сезону падвялі старты рабят на рэспубліканскіх спаборніцтвах Алімпійскіх дзён моладзі ў Гродне. У зборную каманду Мінскай вобласці былі ўключаны Кірыл Луцэвіч і Кірыл Борыс. Хлопцы спасцігалі спартыўную навуку, як і засвойвалі вучэбную праграму адпаведна ў школах № 3 і № 2 г. Стоўбцы, а з верасня прадоўжаць вучобу ў вучылішчах алімпійскага рэзерву. Алімпійскі брэнд трэба пацвярджаць спартыўнымі рэкордамі, і ў нашых абодвух  Кірылаў ёсць талент і здатнасць. Галоўнае, шліфаваць майстэрства настойлівай працай.

Прызавое месца заняла на згаданых спаборніцтвах у Гродне каманда Мінскай вобласці. Бронзавых медалёў удастоены Кірыл Луцэвіч і Кірыл Борыс, якія ўдала адолелі свой адрэзак дыстанцыі ў эстафеце 4 на 100 метраў. Яшчэ адна «бронза» на рахунку Кірыла Борыса, які стаў трэцім у бегу на 400 метраў з бар’ерамі. Прыемныя навіны, што й казаць. І яскравае сведчанне эфектыўнай работы выкладчыкаў фізічнага выхавання і трэнераў ДЮСШ, асабліва Анатоля Турчановіча.

 

НА ПЕРШЫМ ЭТАПЕ ФУТБОЛЬНАГА МАРШРУТУ

Гульнямі чарговага, дзясятага тура завяршыўся першы круг чэмпіянату Мінскай вобласці па футболе. Стаўбцоўская каманда «Нёман-Агра» прымала на стадыёне «Юнацтва» ФК «Старыя Дарогі».

Старадарожцы ўпэўнена лідзіруюць у групе «Б» футбольнага першынства. Нашым, каб перахапіць ініцыятыву, пажадана было перамагчы сапернікаў. Зрэшты такая задача ставіцца на кожную сустрэчу, але не так проста, калі канкурэнт моцны. І гульня выдалася цікавай, багатай на вострыя моманты і галявыя сітуацыі. Вынік нічыйны, але лік 3:3 нельга назваць мірным. Два галы ў вароты сапернікаў на рахунку Дзмітрыя Даўбейкі. Такім чынам пасля дзевяці праведзеных матчаў каманда «Нёман-Агра» набрала 17 ачкоў і займае другое месца ў групе «Б». На першым усталяваўся ФК «Старыя Дарогі». У чацвёрку мацнейшых, якая на папярэднім этапе становіцца мэтай для працягу барацьбы за чэмпіёнскае званне, таксама ўваходзяць каманды «Зорка-РФАЦ-Вікторыя» з Пухавіцкага раёна і «Гарадзея-2». У гэтых калектываў па 16 набраных ачкоў.

У групе «А» сенсацыйнага поспеху дабілася каманда «Маладзечна-ДЮСШ-4». 14:0 – з такім неверагодным лікам маладзечанцы разграмілі ў апошнім туры каманду з Беразіно. Пяць галоў у гэтым матчы правёў Павел Маісёнак, а ўсяго на яго рахунку 14 трапных удараў. Наш Дзмітрый Даўбейка, які ўзначальвае спіс бамбардзіраў, забіў у ходзе чэмпіянату 16 галоў.

Выніковую гульню таксама паказваюць футбольныя калектывы з Барысава і Жодзіна. Вельмі моцныя сапернікі будуць на другім этапе першынства вобласці. Але ж у склад мацнейшых трэба яшчэ трапіць.

Наступную сустрэчу каманда «Нёман-Агра» правядзе ў Дзяржынску 13 ліпеня.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *