У райвыканкаме ўзнагародзілі работнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх

Ахова правапарадку Важное

У раённым выканаўчым камітэце адзначаны ўклад у прафілактычную работу з непаўналетнімі калектыву інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі. Прымеркавана гэта да юбілейнай даты – 85-годдзя ўтварэння інспекцыі па справах непаўналетніх.

Старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Вадзім Гарохавік, намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая, начальнік інспекцыі Міхаіл Азановіч, намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько, спецыяліст інспекцыі Таццяна Бортнік

Падзякамі старшыні райвыканкама ўзнагароджаны начальнік інспекцыі Міхаіл Азановіч, старшы інспектар Вадзім Гарохавік і спецыяліст Таццяна Бортнік. Уручыла іх намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па справах непаўналетніх Жанна Лысая, якая выказала словы падзякі за плённую працу інспекцыі на карысць здаровага грамадства. Калектыў інспекцыі малады, ініцыятыўны. На чале яго стаіць вопытны кіраўнік Міхаіл Азановіч. Ён, як і старшы інспектар Вадзім Гарохавік, мае ў тым ліку і педагагічную адукацыю, Таццяна Бортнік і ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксандра Сідаровіч – юрыдычную адукацыю.

Аб прафесіяналах, адданых справе выхавання падрастаючага пакалення, якія ў цесным узаема-дзеянні з суб’ектамі прафілактыкі рэалізуюць патрабаванні Дэкрэта № 18, гаварыла і намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько.

Пасля віншаванняў мы ўзялі ў начальніка інспекцыі Міхаіла Азановіча бліц-інтэрв’ю.

– Міхаіл Вітальевіч, якая аператыўная абстаноўка ў падлеткавым асяроддзі на тэрыторыі раёна?

– З пачатку 2020 года зафіксавана пяць злачынстваў з удзелам непаўналетніх (у першым паўгоддзі мінулага года было сем). Фіксуецца зніжэнне, але актуальным застаецца ўчыненне злачынстваў падлеткамі, за якімі раней ужо фіксаваліся супрацьпраўныя дзеянні (сярод іх ёсць тыя, з кім праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа).

У маі, на падрыхтоўчым этапе рэспубліканскай міжведамаснай праграмы «Клопат», зарэгістраваны грабеж з удзелам непаўналетняга. Падлетак быў у кампаніі з  дарослым.

– Якія асаблівасці падлеткавай злачыннасці? Што хвалюе, на што варта звярнуць увагу?

– Падлеткі ўчыняюць злачынствы пераважна ў вячэрнія і начныя часы ў стане алкагольнага ап’янення, таму найпершая ўвага – на недапушчэнне фактаў ужывання імі спіртнога. Працуем на выяўленне фактаў продажу алкаголю непаўналетнім работнікамі гандлю. Апошнія сталі больш адказнымі, але, як сведчыць рэчаіснасць, знаходзяцца добрыя «дзядзі», гатовыя аказаць падлетку паслугу ў  набыцці спіртнога.

Турбуе і групавы характар злачынстваў, у тым ліку  разам з паўналетнімі. Сёлета ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй не так проста забяспечыць занятасць падлеткаў у летні перыяд.

– Колькі правапарушэнняў, звязаных з ужываннем алкаголю, выяўлена?

– З пачатку года на падлеткаў складзены два пратаколы за распіванне спіртнога або знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Таксама зафіксавана пяць фактаў прыцягнення да адказнасці бацькоў за невыкананне імі абавязкаў па выхаванні дзяцей, якія парушылі антыалкагольнае заканадаўства да дасягнення ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *