«Правесці ўборачную ў раёне за тры тыдні». На пасяджэнні ў райвыканкаме разгледжана пытанне падрыхтоўкі сельскагаспадарчых арганізацый раёна

Сельская гаспадарка

Фота носіць ілюстрацыйны характар

На пасяджэнні Стаўбцоўскага райвыканкама разгледжана пытанне падрыхтоўкі сельскагаспадарчых арганізацый раёна да ўборачнай кампаніі 2020 года.

Як паведаміў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дзяніс Дзішук, у бягучым годзе ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ўсіх форм уласнасці патрэбна ўбраць 21 571 га збожжавых і зернебабовых (без крупяных культур і кукурузы на зерне), 3281 га рапсу азімага.

У кожнай гаспадарцы распрацаваны рабочыя планы правядзення ўборачных работ, створаны рабочыя звенні для ўсіх тэхналагічных працэсаў, вызначаны аб’ёмы, назначаны адказныя асобы.

Пад ураджай 2020 года на збожжа было пасеяна 14 822 га азімых збожжавых культур і 3642 га азімага рапсу. Захавалася да ўборкі 14 162 га азімых збожжавых.

У сувязі з анамальна цёплым надвор’ем у зімовы перыяд фактаў гібелі азімага рапсу ў гаспадарках раёна не было зафіксавана. Рэдкія пасевы былі пераведзены са збожжавай у кармавую групу ў ААТ «Дзераўное» (99 га), ААТ «Рочавічы» (85 га), ААТ «Радзіма Дзяржынскага» (30 га), ААТ «Вішнявецкі-агра» (107 га), ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» (30 га).

Вясной 2020 года пасеяна 6379 га ранніх яравых збожжавых культур і 1030 га зернебабовых.

Асноўнымі прычынамі пашкоджання азімага рапсу і збожжавых культур паслужылі адсутнасць снежнага покрыва на пасевах у зімовы перыяд, адсутнасць ападкаў ранняй вясной і нізкія сярэднясутачныя тэмпературы.

Дзяніс Ігаравіч адзначыў, што такія гаспадаркі, як «Вялікі Двор» (Г. Бязушка), «Радзіма Якуба Коласа» (А. Чандакоў), «Налібакі Агра» (Г. Яўсейчык) выконваюць тэхналогіі апрацоўкі ўсіх культур.

З запланаванага валавога збору збожжа гаспадаркам неабходна паставіць у лік дзяржзаказу 7860 тон збожжа, засыпаць 4949 тон насення азімых збожжавых і 2794 тоны яравых збожжавых і зернебабовых. На гэтыя мэты высеяна насенне вышэйшых рэпрадукцый на плошчы 6251 га.

Асаблівую ўвагу ў перыяд уборачнай кампаніі патрэбна ўдзяліць уборцы насеннікаў шматгадовых траў. У раёне адведзена для насенняводства шматгадовых траў 206 га канюшыны лугавой і 261 га злакавых траў.

Для правядзення ўборачных работ у раёне будзе ўдзельнічаць 86 збожжаўборачных камбайнаў. На ўборцы рапсу будзе задзейнічана 47 адзінак з рапсавымі сталамі.

Нагрузка на адзін збожжаўборачны камбайн у сярэднім па раёне на ўборцы збожжавых культур складае 248 га. Самая высокая нагрузка на адзін збожжаўборачны камбайн – у ААТ «Шашкі» – 335 га, «Рочавічы» – 332 га, «Каганец» – 313 га, СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» – 295 га, «Налібакі Агра» – 271 га.

Пры спрыяльных умовах надвор’я для ўборкі збожжавых і зернебабовых культур у аптымальныя тэрміны што-дзённая нагрузка на адзін камбайн складзе 15 га, што дазволіць правесці ўборку за 17 рабочых дзён. У вышэйпералічаных гаспадарках уборка прадоўжыцца ад 18 да 22 дзён пры ўмове безаварыйнай работы камбайнаў і аптымальным надвор’і.

Для перавозкі намалочанага збожжа будзе задзейнічана 81 адзінка тэхнікі гаспадарак. Дадаткова будзе прыцягнута 5 адзінак аўтатранспарту. Штодзённы намалот у сярэднім павінен скласці 3,5-4,5 тыс. тон збожжа. Для яго апрацоўкі ў раёне існуе 26 збожжа-ачышчальна-сушыльных комплексаў. Сярэдняя апрацоўка на збожжасушыльных комплексах пры вільготнасці збожжа 19-24 % за суткі складзе 4,0 тыс. тон збожжа, а пры вільготнасці да 18 % – да 5 тысяч тон, г. зн. магутнасць сушыльных комплексаў дазваляе дапрацоўваць збожжа, якое паступае, у поўным аб’ёме і ў кароткія тэрміны.

Уборачная плошча збожжавых, рапсу і свірэпіцы складае 24 862 га. Частку саломы плануецца здрабніць. Для прасавання саломы ёсць 48 прэсаў розных мадыфікацый. У сярэднім па раёне патрэбна 23 дні для прасавання саломы.

Неабходна апрацаваць 12,46 тыс. га пасеваў гербіцыдамі ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях раёна.

Пры правядзенні ўборачных работ асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць пажарнай бяспецы на палях, збожжатаках і ў месцах захавання саломы.

Падрыхтавала Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *