У Стоўбцах закладзена капсула часу і адкрыты памятны знак у гонар будаўніцтва новай школы

Адукацыя Главное Минщина мы тобой гордимся Ступені поспеху

Сёння ў Стоўбцах урачыста была закладзена капсула часу і адкрыты памятны знак у гонар будаўніцтва новай школы. Удзел у цырымоніі ўзялі старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын і старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень.

Новая, чацвёртая па ліку, школа, разлічаная на 720 месц, ужо пачала будавацца ў шматпавярховым жылым мікрараёне, таму фонам ва ўрачыстага дзейства былі вежавыя краны і іншая спецыялізаваная тэхніка, рабочыя ў касках.

Для Стаўбцоўшчыны, дзе за апошнія чатыры дзясяткі гадоў не ўзводзіліся падобныя аб’екты, гэта сапраўды знакавая падзея.

У капсуле часу — сімвалічнае пасланне да нашчадкаў. У ім ёсць такі наказ: “Любіце сваю радзіму, павялічвайце дасягненні раёна і Мінскай вобласці”.

Адкрыць капсулу мяркуецца ў 2040 годзе, з нагоды 100-годдзя з дня ўтварэння Стаўбцоўскага раёна.

Аляксандр Турчын падкрэсліў:

– Будаўніцтва школ і дзіцячых садоў – сведчанне таго, што ў нас ёсць будучыня. На Міншчыне сёлета плануем адкрыць 11 дзіцячых дашкольных устаноў, а таксама ўзводзім фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Мар’інай Горцы, школы ў Калодзішчах, Стоўбцах і нават у сельскай мясцовасці – вёсцы Занарач Мядзельскага раёна. Рашэнне аб іх будаўніцтве падтрымаў Прэзідэнт краіны. Сярод прыярытэтных дзяржаўных задач – развіццё сацыяльнай, інжынернай, транспартнай інфраструктуры. Стаўбцоўшчына з будаўніцтвам школы атрымала новы імпульс у развіцці.

У Стоўбцаў, акрамя таго, ёсць і іншыя козыры, якія адкрываюць перспектывы для добраўпарадкавання і стварэння камфортных умоў жыцця для гараджан. Гэта рашэнне аб тым, што ў 2022 годзе райцэнтр прыме эстафету абласных “Дажынак”. У горадзе фактычна ўжо пачалася падрыхтоўка да будучага свята.

У закладцы капсулы часу разам з кіраўніцтвам вобласці і раёна брала ўдзел і маладая шматдзетная матуля Кацярына Галімская. Да слова сказаць, Кацярыне не так даўно, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Турчын уручыў ордэн Маці. Ад імя бацькоў раёна яны падзякавала органам улады за будаўніцтва новай школы. Згодна з праектам, у ёй будуць самыя сучасныя ўмовы для развіцця дзяцей, у тым ліку басейн, спартыўныя і гімнастычныя залы, стадыён, гульнявыя пляцоўкі, вулічныя трэнажоры і інш. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва складае 18 месяцаў, таму ўжо ў наступным годзе будзе магчымасць убачыць шчаслівыя твары вучняў і іх бацькоў, педагогаў.

Пасля цырымоніі кіраўнік Мінскай вобласці пагутарыў з дзецьмі і моладдзю, адказаў на іх пытанні.

Звяртаючыся да прысутных і ўсіх жыхароў раёна, Аляксандр Турчын выказаў упэўненасць, што будучыя пакаленні з удзячнасцю ацэняць уклад у развіццё раёна тых, хто сёння жыве і працуе на стаўбцоўскай зямлі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Ксеніі РУБІН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *