У раддоме гучалі віншаванні ад «Белай Русі»

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

Па добрай традыцыі, раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” пабывала з віншаваннямі ў радзільным доме, дзе гэтымі святочнымі ліпеньскімі днямі нарадзіліся восем немаўлят.

Сімвалічна, што біяграфія гэтых васьмі маленькіх грамадзян Беларусі (сямі дзяўчынак і аднаго хлопчыка) ужо знітавана з гісторыяй роднага краю і яго  людзьмі. Дзякуючы прафесіяналізму медыкаў радзільнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы малышы паспяхова з’явіліся на свет, пасопваюць сабе пад мірным небам, азораным з нагоды свята агнямі феерверка, і не адчуваюць недахопу ўвагі і клопату. Хіба гэтага мала?.. Калі матэрыял выйдзе ў газеце, яны разам з матулямі ўжо выпішуцца дамоў, і прыемным напамінкам пра знаходжанне ў бальніцы акурат у святочныя дні застанецца падарунак і кветкі ад раённай арганізацыі “Белая Русь”.

Павіншаваць жанчын прыехалі кіраўнік гэтай раённай арганізацыі, дырэктар школы № 3 г. Стоўбцы Жанна Лысая і члены савета арганізацыі: рэдактар раённай газеты “Прамень” Нэлі Астрэйка, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль, вядучы юрысконсульт «ДРБУ № 135» Вольга Калевіч.          

– Нашай акцыі, прымеркаванай да Дня Незалежнасці, гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ужо восем гадоў. Столькі гадоў мы імкнемся ўносіць свой сціплы ўклад у паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў рэспубліцы, – звярнулася да жанчын Жанна Лысая. – Прыемна бачыць сярод вас знаёмыя твары і спадзявацца, што калі-небудзь вы зноў вернецеся сюды – за другім, трэцім, а можа – і чацвёртым дзіцем.

Шчырасць сказанага яна падкрэсліла выключна па-жаночы, па-мацярынску – пацалункам кожнай парадзіхі.

Сярод знаёмых твараў, пра якія згадала Жанна Лысая, – яе калега па школе Наталля Краскоўская, якая да выхаду ў дэкрэтны адпачынак працавала педагогам-дэфектолагам. Чацвёртага ліпеня ў Наталлі нарадзілася дачка – трэцяе і, напэўна, асабліва доўгачаканае ў сям’і дзіця, калі ўлічыць, што двое старэйшых дзяцей – сыны.   

“А гэта наш работнік, медык”, – падказваюць пра яшчэ адну маму – Лілію Шыманскую.  У іх з мужам нарадзіўся першынец. У святочным спісе немаўлят ён адзіны хлопчык сярод дзяўчынак.

Сярод жанчын, маладзенькіх і не вельмі, вылучаецца самая дасведчаная мама – Іна Новік з Вішняўца. У іх з мужам гэта чацвёртае дзіця. Дачушку назавуць Міланай, і яе дзень нараджэння – акурат 2-га ліпеня, у дзень вызвалення Стоўбцаў.

У знамянальны дзень 2-га ліпеня нарадзіліся таксама дачушкі ў стаўбчанкі Марыны Прымаковай і Марыны Янушка з Рубяжэвічаў, у абедзвюх сем’ях гэта другое дзіця. А ў не менш адметны дзень 3-га ліпеня папоўніліся сем’і Вікторыі Уласік з Заямнага і стаўбчанкі Алены Песак. У сям’і Вікторыі – дачушка-першынец, у сям’і Алены – другое дзіця. Святочнымі днямі жаданы першынец з’явіўся і ў сям’і Анастасіі Русецкай.       

Паўторымся, што ў святочныя дні ліпеня нарадзіліся ў Стоўбцах восем дзетак, і сярод іх толькі адзін – хлопчык. У народзе лічаць: дзявочы “бэбібум” – надзвычай добрая прыкмета. Яна – да міру.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Жанна Лысая віншуе з нараджэннем дачкі Наталлю Краскоўскую.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *