Перапрацоўшчыкі рэалізуюць маштабны інвестпраект

Главное Минщина мы тобой гордимся Ступені поспеху Эканомiка

Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын пасля закладкі капсулы часу ў гонар будаўніцтва ў Стоўбцах новай школы наведаў ААТ “Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат” – вядучае прадпрыемста раёна.

Кіраўнік вобласці прайшоўся па цэхах, пагутарыў з работнікамі, абмеркаваў з кіраўніцтвам камбіната перспектывы развіцця.

Як паведаміла дырэктар Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната Рамуальда Бурдукевіч, 8 ліпеня бягучага года быў падпісаны кантракт з аўстрыйскай кампаніяй коштам 2,5 мільёна еўра на пастаўку абсталявання для новага цэха па забою жывёлы. Рэалізацыя гэтага маштабнага праекта дазволіць прадпрыемству выпускаць прадукцыю, якая адпавядае сертыфікату “Халяль”, і асвойваць новыя рынкі збыту.

Папярэдні кошт праекта ў адпаведнасці з бізнес-планам складае 18 мільёнаў беларускіх рублёў. На прадпрыемстве падкрэсліваюць, што крыніцай такіх значных інвестыцый з’яўляюцца ўласныя сродкі.

На даны момант звярнула ўвагу правядзенне работ на пляцоўцы побач з мясакансервавым камбінатам. “Добраўпарадкоўваем аўтастаянку для сваіх работнікаў”, — патлумачыла Рамуальда Бурдукевіч.

Удзел перапрацоўшчыкаў у аздабленні горада заўважыла і кіраўніцтва раёна. У адказ у бягучым годзе запланавана ўладкаванне тратуарнай дарожкі па вуліцы Падлеснай (ад вуліцы 17 Верасня да павароту на камбінат).

Падчас гутаркі з кіраўніком Мінскай вобласці работнікі камбіната выказалі сваю задаволенасць умовамі працы і яе аплаты. Так, сярэднямесячная зарплата на камбінаце за студзень-чэрвень 2020 года склала 1430 рублёў. Сярэдні ўзрост работнікаў – 37 гадоў. Стабільная работа прадпрыемства ўсяляе ім упэўненасць у заўтрашнім дні. Невыпадкова, што на цяперашні момант 27 работніц знаходзяцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем да трох гадоў. Перапрацоўшчыкі з радасцю успрынялі вестку пра будаўніцтва ў Стоўбцах новай школы, выказалі ўдзячнасць за ўзведзены некалькі гадоў таму дзіцячы сад № 8.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Ксеніі РУБІН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *