Працаўнікі ААТ «Вішнявецкі—агра» ў ліку першых пачалі і завяршылі ў мінулую сераду ўборку азімага рапсу. Справіліся з гэтай работай у самыя сціслыя тэрміны.

Даная тэхнічная культура займала ў гаспадарцы плошчу 293 гектары. На палеткі выйшлі чатыры збожжаўборачныя камбайны КЗС-1218 з рапсавымі сталамі. Сярод экіпажаў – два сямейныя: сёлета Віталій Шода і Уладзімір Марзалюк працуюць з сынамі Максімам і Аляксандрам, а Аляксандр Навіцкі і Аляксандр Дубялёў – з памочнікамі Аляксандрам Новікам і Валерыем Рачком.
На ўсёй адведзенай пад гэтую культуру плошчы высявалі беларускі сорт «імперыял». Спачатку камбайнеры шчыравалі на палетках за Вішняўцом, дзе ўбралі 193 гектары, а затым пераехалі на стагектарнае поле ля Сінявы.
– Нашы хлопцы надзейна падрыхтавалі тэхніку і ўжо праверылі яе ў рабоце, – расказвае намеснік дырэктара Іосіф Меляшкевіч. – Адпрацавалі без паломак і справіліся з даручанай работай своечасова. Убралі вырашчаны ўраджай без страт і намалацілі 643 тоны масланасення.
Як адзначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ганна Трафіменка, за сваю рупнасць камбайнеры атрымаюць прэмію.
Практычна з першых дзён уборкі ў таварыстве пачалі рыхтаваць масланасенне да рэалізацыі. З усёй колькасці намалочанага ў лік дзяржзаказу паставяць 50 тон. На днях хлебаробы гаспадаркі прыступаюць да ўборкі збожжавых.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара
Згодна з інфармацыяй камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, сельгаспрадпрыемствы вобласці завяршаюць уборку азімага ячменю, ураджайнасць гэтай культуры складае каля 54 цэнтнераў з гектара, а ў Клецкім і Дзяржынскім раёнах атрымліваюць 69 і 62 цэнтнеры адпаведна. У гаспадарках жнуць азімы рапс – на круг выходзіць у сярэднім па 19 цэнтнераў. Вядзецца церабленне льну. Аграрыі цэнтральнага рэгіёна ўжо нарыхтавалі звыш 2 мільёнаў 800 тысяч тон сенажу. На ўмоўную галаву жывёлы прыпадае больш за 11,5 цэнтнера кармавых адзінак, што перавышае мінулагодні паказчык.