На прасторах Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

ІДЗЕШ ПА ТРАТУАРЫ – БАЧЫШ СВОЙ УКЛАД

У апошнія гады на вуліцах нашага горада актыўна вядзецца абнаўленне тратуарных дарожак, і матэрыялы для гэтых работ закупляюцца пераважна за сродкі, сабраныя жыхарамі раёна падчас суботніка.

З пачатку бягучага года для добраўпарадкавання тратуарных дарожак у Стоўбцах было закуплена 446,5 метра  пагоннага  дарожнага борта на суму 38 068 663 рублі, тратуарнага борта – 1151 метр пагонны на суму 21 334 870 рублёў і тратуарнай пліткі – 1 304 122 м2 на суму 104 631 687 рублёў. Матэрыялы гэтыя паслужылі добраўпарадкаванню пляцоўкі побач з дзіцячай музычнай школай, участкаў па вуліцы Танкістаў, Энгельса, Камуністычнай і іншых.

Як падкрэслілі ў аб’яднанні камунальных службаў, сродкі, што былі сабраны падчас суботніка, выкарыстоўваюцца толькі па адным прызначэнні – на закуп матэрыялаў, неабходных для абнаўлення тратуарных дарожак.

 

СЮРПРЫЗ У ПАШТОВАЙ СКРЫНІ

8-га чэрвеня ва ўсіх паштовых аддзяленнях раёна прайшла акцыя “Дзень посткросера”, з унікальнай магчымасцю набыць паштоўкі па спецыяльнай цане.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць лёгка падтрымліваць сувязь з блізкімі, сябрамі і нават незнаёмымі людзьмі. Сапраўды прыемна ўбачыць у сваёй паштовай скрыні паштоўку ад незнаёмага чалавека з іншага горада ці нават краіны. Іх адрозніваюць штамп, марка, почырк чалавека, мова, на якой зроблена пасланне. У далейшым гэта можа перарасці ў калекцыяніраванне і сапраўднае хобі.

– Стаць удзельнікам посткросінгу дастаткова проста, – патлумачыла намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух. – Для гэтага неабходна зарэгістравацца на сайце http://www.postcrossing.com, дзе вы пішаце свой дамашні адрас і каротую інфармацыю пра сябе (па жаданні). Далей неабходна выбраць у меню пункт “Адправіць паштоўку”, пасля чаго сістэма выдасць вам адрас выпадковага карыстальніка і ідэнтыфікацыйны код вашай паштоўкі. Гэтыя адрас і код неабходна напісаць на зваротным баку паштоўкі і адправіць яе ў “паштовы” шлях. Калі адрасат атрымае вашу картку, ён зарэгіструе яе на сайце, выкарыстаўшы ўказаны вамі на паштоўцы код. Пасля гэтага ваш адрас таксама некаму выпадзе, і вельмі хутка ў вас у руках будзе цудоўная картка… з ЗША, напрыклад.

Посткросінг – гэта цікавы і захапляльны праект, своеасаблівы міжнародны рух.

 

І «ЦЕРАМОК» – У КАЛОНЕ

У святочнай калоне разам з работнікамі філіяла ААТ “Кіруючая кампанія холдынгу “Мінскі маторны завод” у г. Стоўбцы” ішлі і дзеці – выхаванцы ведамаснага аздараўленчага лагера “Церамок”.

Такая традыцыя працягваецца не першы год, ад чаго святочная калона маторнікаў выглядае яшчэ больш яркай і прыгожай  Летась, напрыклад, “Церамок” прадстаўлялі хлопчыкі-кадэты. Апранутыя ў спецыяльную форму, яны стварылі сапраўды непаўторнае відовішча. Сёлета па плошчы Бессмяротнасці ішлі піянеры з кветкамі і шарамі.

Як адзначыў памочнік дырэктара па выхаваўчай рабоце і сацыяльным развіцці філіяла Віталь Шалькевіч, у пярэдадзень Дня Незалежнасці ў ведамасным летніку, у якім толькі за адну змену адпачываюць 239 дзяцей, прайшло шмат тэматычных мерапрыемстваў. Яны ўключалі ў сябе сустрэчы, прагляд кінафільмаў, канцэрты з ваенных песень і т. п. Да 31 ліпеня, дня нараджэння завода, рабяты рыхтуюць адмысловую праграму, з якой, па добрай традыцыі, выступяць на прахадной.

 

ТРЫ СЛАІ ДАРОЖНАГА ЗБОРУ

Каля васьмі мільярдаў рублёў вярнуліся ў раён з цэнтралізаванага фонду, у якім акумулюецца падатак з аўтаўладальнікаў.

– Сродкі гэтыя выкарыстоўваюцца для капітальнага рамонту аўтадарогі Аталезь – Сула працягласцю 5,1 км, – адзначыў начальнік ДРБУ № 135 Віталь Дзям’янка.

Тыдзень таму дарожнікі прыступілі да работ на гэтай аўтадарозе. Ніжні слой асфальту імі ўжо ўкладзены, а следам за ім, згодна з тэхналогіяй, будзе другі слой – роўны. На аб’екце задзейнічана асфальтаўкладваючая тэхніка. Кіруюць работамі прараб Вадзім Калпак і майстар Дзмітрый Жылянок. На завяршальнай стадыі будзе яшчэ і трэці, верхні, слой. Завяршыць асфальтаванне аўтадарогі плануецца ў ліпені.  

 

ЗАКЛАДВАЮЦЬ ЧАРНІЦЫ

Чатыры тоны чарніц заклалі ўжо ў камеру ахалоджвання працаўнікі аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства. Затым ягады перамесцяць у камеру шокавай замарозкі, расфасуюць і пакінуць на захоўванне з разлікам рэалізаваць каштоўны прадукт за валюту.

Выканаць пастаўленую задачу – нарыхтаваць не менш за 20 тон чарніц – у гэтым годзе аддзелу нарыхтовак будзе няпроста. Год на чарніцы неўраджайны, а тут яшчэ і нарыхтоўшчыкі іншых формаў уласнасці ствараюць сур’ёзную канкурэнцыю. Прыватнік вольны закупачную цану памяняць некалькі разоў на дзень, паспець зарыентавацца і не ўпусціць тавар.

 

З ЗАЕЗДАМ НА ДАЧЫ

Летні сезон – гарачы час і для вадзіцеляў аўтамагазінаў. У райспажыўтаварыстве кожны дзень у рэйс вызджаюць сем аўталавак. Яны абслугоўваюць жыхароў 110 аддаленых і маланаселеных вёсак раёна і хутароў, а таксама каля 30 садовых таварыстваў.

Лета – час добрай выручкі для магазінаў на колах, месячны тавараабарот у сярэднім складае 220 мільёнаў. А ў лепшых вадзіцеляў аўталавак Міхаіла Шастака і Сяргея Дзяржаўскага – яшчэ і больш. Магазін на колах прывозіць не толькі прадукты. Вяскоўцы і дачнікі могуць зрабіць любы заказ на прамысловыя  і будаўнічыя тавары.

 

КІНО – У ЛАГЕРЫ

У гэтыя летнія дні актывізавана дзейнасць аддзела па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва КУП “Мінаблвідэапракат”. З перасоўнымі кінавідэаўстаноўкамі спецыялісты наведваюць аздараўленчыя летнія лагеры. Для дзяцей  і падлеткаў прапаноўваюцца мастацкія, мультыплікацыйныя, дакументальныя фільмы. Рэпертуар падбіраецца сумесна з педагогамі, каб прагляд фільмаў быў карысны для станаўлення асобы прадстаўнікоў маладога пакалення.

Акрамя таго, кінавідэапракат абслугоўвае адпачываючых на туркомплексе “Высокі бераг”. Цяпер праводзіцца нямала турыстычных збораў, карпаратыўных сустрэч, арганізатары якіх заказваюць дыскатэкі. Аддзел па кінавідэаабслугоўванні мае добры вопыт правядзення дыскатэк і арганізацыі вечароў адпачынку.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *