Шпіталь закрываецца, адкрываецца водалячэбніца

Главное Медыцына Минщина мы тобой гордимся

УАЗ «Стаўбцоўская цэнтральная раённая бальніца» вяртаецца да ранейшага рэжыму дзейнасці

З 13 ліпеня ў стаўбцоўскай бальніцы пачаўся новы адлік. Пасля татальнага мыцця аддзяленняў завяршыў сваё функцыянаванне інфекцыйны шпіталь, які быў разгорнуты на базе бальніцы чатыры месяцы таму, і такім чынам установа аховы здароўя перайшла на штатны рэжым работы.

І гэта – ужо падзея, прагноз (магчыма, пакуль асцярожны) на далейшае развіццё сітуацыі з каранавіруснай інфекцыяй пад кантролем медыкаў.

Што цяпер адбываецца ў бальніцы? Як арганізавана аказанне медыцынскай дапамогі інфіцыраваным?

Расказвае галоўны ўрач бальніцы Святлана Глебка:

– Для аказання дапамогі інфіцыраваным хворым працуе інфекцыйнае аддзяленне на 25 ложкаў. Мы вярнуліся да таго, што было ў нас да каранавіруснай інфекцыі. На даны момант у ад-дзяленні ёсць свабодныя месцы, лячэнне праходзяць 15 пацыентаў. Двое з іх – іншагароднія, якія далечваюцца і чакаюць пераводу ў медыцынскія ўстановы па месцы жыхарства. Сітуацыя з інфекцыяй стабілізуецца і ў межах рэспублікі.

– Святлана Здзіславаўна, дзе месціцца інфекцыйнае аддзяленне?

– Яно знаходзіцца на пятым паверсе тэрапеўтычнага корпуса і аснашчана кропкамі кіслароду, неабходнага для хворых з інфекцыяй. Мы працуем над тым, каб у ім з’явіліся дадатковыя кіслародныя кропкі.

– Сярод  хворых ёсць тыя, хто ў цяжкім стане?

– Не, проста калі ёсць такая магчымасць, то чаму яе не выкарыстаць? Цяпер на лячэнні ў інфекцыйным аддзяленні знахо-дзяцца хворыя на пнеўманіі, ступень цяжкасці якіх ацэньваецца як звычайная для такога захворвання.

– Засталося дзяленне на «чыстую» і «брудную» зоны?

– Так. Прысутнасць віруса ніхто не адмяняў, таму нельга губляць пільнасці. І нам рэкамендавана захаваць раздзяленне пацыентаў. Бу-дзем выяўляць хворых з тэмпературай і – для меншай колькасці кантактаў –  прымаць іх у асобным кабінеце інфекцыйнага аддзялення. Паміж зонамі захоўваем шлюзы. Адным словам, выкананне санэпід-рэжыму і мер прафілактыкі (нашэнне масак, шапак, халатаў, шчыткоў) застаецца на першым плане.

– Інфекцыйны кабінет працуе і ў паліклініцы?

– Так. Туды звяртаюцца тыя, хто стаіць на ўліку. Не трэба забываць, што акрамя COVID-19 ёсць мноства іншых інфекцыйных захворванняў. Такім хворым таксама неабходныя медыцын-скія нагляд, дапамога і г. д.

– Спецыялістаў у бальніцы дастаткова?

– Недахопу кадраў няма нават з улікам таго, што ў нас пачалася пара водпускаў. У чарговы адпачынак адпраўлены персанал тэрапеўтычнага і неўралагічнага ад-дзяленняў, частка работнікаў паліклінікі. Цяпер максімальна даём работнікам водпускі, каб падрыхтавацца да асенняга перыяду. Восенню традыцыйна назіраецца пад’ём захваральнасці.

– А як цяпер са зваротамі да ўрачоў?

– У летні перыяд іх колькасць змяншаецца. Ідзе звычайны лячэбны працэс. Запасу лекавых сродкаў, а таксама сродкаў індывідуальнай аховы, антысептыкаў у нас хопіць да верасня. Па-ранейшаму не спыняем работу з хворымі непасрэдна дома. Хто знаходзіцца ў стацыянары, атрымлівае лячэнне ў тым ліку ад спадарожных і хранічных захворванняў.

Аднак таго напружання, якое было ў бальніцы некалькі месяцаў таму, ужо няма. Мы рыхтуемся да адкрыцця аддзялення фізіятэрапіі і рэабілітацыі, ажыццяўляем рамонт Налібацкай амбулаторыі. Спраў шмат, як і раней, але ў нас зусім іншы настрой, пазітыў з’явіўся.

– Многіх стаўбчан цікавіць, ці можна зрабіць у бальніцы тэст на наяўнасць каранавіруснай інфекцыі.

– Тэсты выконваем згодна з паказаннямі, калі ёсць адпаведная клінічная карціна.

Ці змянілася схема лячэння ад віруснай інфекцыі сёння і некалькі месяцаў таму?

– Схемы лячэння агульнавядомыя. Гэта антыбактэрыяльная тэрапія, а астатняе залежыць ад стану пацыента, яго спадарожных захворванняў і г. д. У кожным выпадку ўрач ацэньвае становішча і прымае рашэнне.

– Дзякуй вам і шчаслівага водпуску пасля напружанай шматмесячнай працы!

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *