Міні-рынак «Яблычак» цяпер яшчэ больш прыцягвае да сябе пакупнікоў

Соцыум

Мінірынак у вёсцы Яблынаўка цяпер яшчэ больш прыцягвае да сябе пакупнікоў і проста тых, хто любіць прыгажосць.

Размешчаны пры ажыўленай аўтадарозе, ён здалёку звяртае на сябе ўвагу размаляваным гандлёвым радам. На ім – яркія выявы яблыкаў, груш, вішань і грыбоў – таго, што звычайна прапануюць набыць падарожнікам мясцовыя жыхары.

Выканала малюнкі дырэктар ДУК «Стаўбцоўскі раённы цэнтр народнай творчасці» Марына Халецкая. Яна кажа, што, маючы мастацкую адукацыю,  зрабіць гэта было нескладана. З навядзеннем парадку на міні-рынку і вакол яго дапамагла сям’я Камаевых. Назва ж яго – «Яблычак», сугучная з назвай вёскі.

У дзень адкрыцця гандлёвыя месцы былі ўпрыгожаны паветранымі шарамі і стужкамі, што надавала падзеі асаблівую ўрачыстасць. На яе сабраліся жыхары не толькі Яблынаўкі, але і суседніх вёсак. Для іх у выкананні дуэта з сімвалічным імем «Яблынька» (у складзе Марыны Халецкай і Алы Янскай) прагучала песня «Вёсачка мая». Прысутныя падтрымлівалі артыстаў апладысментамі і добрым настроем. Гандаль на міні-рынку ішоў на ўра. Спыняліся машыны, і выходзілі пакупнікі па спелыя, наліўныя ягады. Яны дзякавалі за вітамінную прадукцыю, песні і такія цёплыя адносіны да малой радзімы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *