Падтрымліваць прыборы ўліку ў рабочым стане

Важное Эканомiка

Працягваецца мадэрнізацыя сродкаў электрычнай энергіі.

Начальнік Стаўбцоўскага міжраённага аддзялення  філіяла «Энергазбыт» РУП «Мінскэнерга» Аляксандр Удавічэнка расказаў, як вядзецца работа з грамадзянамі падчас пандэміі, з якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца спажыўцы электраэнергіі і інш.

– У сувязі з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі работа з грамадзянамі вядзецца наступным чынам: калі прыборы ўліку электраэнергіі знаходзяцца па-за жылым памяшканнем, то мы іх мяняем, пламбуем, распламбоўваем – г. зн. праводзім усе віды работ; калі ж прыборы ўліку знаходзяцца ўнутры жылых дамоў, кватэр, гэта забараняецца, выключэннем з’яўляецца толькі аварыйная сітуацыя, калі прыбор уліку стаў прычынай адсутнасці электраэнергіі, – адзначыў Аляксандр Вітальевіч. – Практыкуем дыстанцыйную форму работы: дыспетчарская служба выкарыстоўвае мабільны тэлефон для таго, каб заяўкі і квітанцыі аб аплаце паслуг людзі пасылалі на «Вайбер». Большасці спажыўцоў падабаецца такая сістэма, пажылым людзям прапануем адпраўляць пісьмы з заявай і аплатай па пошце.

– З якімі праблемамі ці просьбамі часцей за ўсё да вас звяртаюцца?

– Як і раней, узнікаюць пытанні наконт электралічыльнікаў, якія недакладна працуюць. Таксама спажыўцы звяртаюцца да нас з просьбай правесці планавыя работы: замену электраправодкі, унутрыдамавога ці прысядзібнага электраабсталявання. Хачу адзначыць, што наша арганізацыя не мяняе электраправодку, пробкавыя засцерагальнікі, аўтаматы, якія знаходзяцца паблізу электралічыльніка.

– Можаце больш падрабязна расказаць пра паслугі вашай арганізацыі?

– Наша функцыя – замяняць прыборы ўліку і падтрымліваць іх у рабочым і апламбаваным стане. Гэта тычыцца як насельніцтва, так і юрыдычных асоб. Апошнім даступная паслуга дыстанцыйнага зняцця паказанняў пры наяўнасці аўтаматызаванай сістэмы кантролю ўліку электраэнергіі.  Сярод платных паслуг – пламбаванне, распламбоўванне, замена прыбораў электраўліку.

– Як вядзецца работа з неплацельшчыкамі?

– Мы кіруемся пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.11.2002 № 1578, у якой прапісаны меры ўздзеяння на неплацельшчыкаў электраэнергіі, свае дзеянні ўзгадняем з райвыканкамам. У выпадку неаплаты папярэджваем абанентаў, у тым ліку шляхам адпраўкі пісьмовага паведамлення. У крайнім выпадку – адключаем. Для пагашэння запазычанасці звяртаемся ў натарыяльную кантору ці суд. Аднаўляем электразабеспячэнне пасля поўнага пагашэння доўгу і аплаты паслугі падключэння.

Гутарыла Марына КУТАС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *