Вакансію запоўніў работнік з інваліднасцю

Важное Соцыум

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У бягучым годзе па накіраванні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама быў працаўладкаваны мужчына з інваліднасцю. Работу ён атрымаў па месцы свайго жыхарства, у аграгарадку Дзераўная.

Мужчына быў беспрацоўным, стаяў на ўліку ў службе занятасці і, калі з’явілася вакансія сацыяльнага работніка, якая падыходзіць яму згодна з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі, то адразу згадзіўся яе заняць.

– Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне кампенсуе наймальніку (у даным выпадку – тэрытарыяльнаму цэнтру) заробак гэтага работніка, а таксама сумы абавязковых страхавых узносаў і страхавых узносаў па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў. З тэрытарыяльным цэнтрам у нас быў заключаны дагавор тэрмінам на год на фінансаванне мерапрыемстваў па адаптацыі інваліда да працоўнай дзейнасці, – удакладняе галоўны спецыяліст аддзела занятасці і працоўных адносін Людміла Жэбіт.

– Людміла Аляксандраўна, колькі на Стаўбцоўшчыне людзей з інваліднасцю прэтэндуюць быць працаўладкаванымі?

– На даны момант з медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі (МРЭК) да нас паступіла больш за 60 індывідуальных праграм рэабілітацыі людзей з інваліднасцю (паўторных і  першасных), аднак далёка не ўсе гэтыя людзі з інваліднасцю звяртаюцца наконт садзейнічання ў працаўладкаванні. На цяперашні час на ўліку ў службе занятасці не зарэгістраваны ніводзін беспрацоўны з інваліднасцю, хоць мы накіроўваем ім пісьмы, у якіх прапануем свае паслугі, даём неабходныя кансультацыі. Людзі з інваліднасцю самастойна шукаюць сабе працу, а таксама тэлефануюць нам. Вакансій дастаткова, але далёка не ўсе падыходзяць ім у сувязі са станам здароўя (некаторыя маюць групу інваліднасці, але ў іх адсутнічае індывідуальная праграма рэабілітацыі інваліда, у такім выпадку неабходна звяртацца ў МРЭК для выдачы праграмы і далейшай работы ў напрамку працаўладкавання або прафнавучання).

Наладжана і навучанне па запатрабаваных на рынку працы прафесіях. Так, летась навучанне па прафесіі «майстар па манікюры» па накіраванні службы занятасці прайшла жанчына з інваліднасцю, і яна цяпер працуе ў Стаўбцоўскім філіяле Мінаблспажыўтаварыства.

Нагадаем, што парадак арганізацыі адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці ажыццяўляецца згодна з палажэннем, якое зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 128 ад 02.02.2009. Адаптацыя можа праходзіць у арганізацыях любых арганізацыйна-прававых форм і ў індывідуальных прадпрымальнікаў, дзе ёсць умовы для рэалізацыі мерапрыемстваў па адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *