Валанцёры, верныя памяці продкаў

Главное Год малой родины Минщина мы тобой гордимся

Кожны панядзелак у Новым Свержані нехта абавязкова прыходзіць на могілкі, а менавіта на іх старую частку, і наводзіць там парадак. Для чаго? Каб не ўмірала памяць пра нашых продкаў

Самаарганізаваліся мясцовыя жыхары

На чале самаарганізаванай ініцыятыўнай групы – мясцовая жыхарка Тамара Гаўрыловіч.

Тамара Анатольеўна – паспяховы індывідуальны прадпрымальнік, які па панядзелках, пачынаючы з леташняй восені, адкладвае свае надзённыя пытанні і становіцца валанцёрам. На шчасце, у яе знайшліся і аднадумцы. Гэта Юрый Віленчыц, муж і жонка Уладзімір і Ганна Баярын (дарэчы, яны прыязджаюць са Стоўбцаў), Зоя Аўтуховіч. Падтрымалі Тамару Анатольеўну сястра Таццяна Светагор і сын Іван.

Таццяна Светагор і Ганна Баярын: разам праца ідзе хутчэй

Гэтыя людзі складаюць касцяк валанцёрскай групы, хоць ён мог бы быць куды большым у амаль двухтысячным Новым Свержані. На жаль, колькасць тых, хто адгукнуўся на прапанову Тамары Гаўрыловіч (а яна паўсюдна ў вёсцы, у тым ліку і ва ўласным магазіне, развесіла аб’явы аб правядзенні суботнікаў на могілках), аказалася зусім невялікай. Сярод добраахвотнікаў – Людміла Майстрэнка, Таццяна Найдзяновіч, Сцяпан Скурат, Галіна Атрушкевіч, Тамара Фалюк, Святлана Нікіціна, а таксама школьнік са Стоўбцаў Глеб Багдановіч, у якога на навасвержанскіх могілках пахаваны бабуля з дзядулем.

Выходзіць, што значную работу па добраўпарадкаванні старых магіл распачала і ажыццяўляе купка людзей.

Уладзімір Баярын: «Кожны надмагільны надпіс – скарбніца інфармацыі»

Прыбралі каля 300 старых дрэў

– Што тут было? Адны зараснікі! Ксёндз, калі асвячаў магілы, прабіраўся па вузенькай сцежачцы, – малююць мае суразмоўнікі ранейшую карціну, якая была такой не адзін дзясятак гадоў.

Уявіць на гэтым месцы непралазныя зараснікі сапраўды цяжка, таму што цяпер перад намі – чыстая і адкрытая пляцоўка, на якой «забаўляюцца» промні сонца. Спілаваны аварыйныя дрэвы, і мы налічылі не менш за 300 пнёў! Валанцёры працавалі і з секатарамі. Выдалялі кустоўе, якое старанна зграбалі ў кучы, затым выносілі… Некаторыя магілы аказаліся непадступнымі, таму прыходзілася лезці праз агароджу.

«А колькі рытуальных вянкоў паадкопвалі!.. Гэта ж не галлё, якое можна спаліць. На магілы варта несці не гэтае смецце, а лампадкі або жывыя кветкі», – акрэсліваюць праблему навасвержанскія валанцёры.

Дзякуючы надвор’ю яны актыўна працавалі і зімой. Тамара Гаўрыловіч падводзіць пэўную рысу пад зробленым:

– Работы выканана шмат, хоць памагатых не хапала. Былі брудныя, мокрыя, змерзлыя, стомленыя, але не адчайва-ліся. Цяпер глядзім – і душа радуецца. Будзем працягваць добраўпарадкаванне старых магіл. І да людзей звяртаемся: прыходзьце дапамагаць! Асабліва патрэбныя мужчынскія рукі. Чакаем школьнікаў…

Тамара Гаўрыловіч узяла на сябе ініцыятыву добраўпарадкавання старых могілак у Новым Свержані

У найбліжэйшых планах валанцёраў – хімапрацоўка прыбранай тэрыторыі, каб не дапусціць новых парасткаў.

Адкрыўся каталіцкі некропаль ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя

А якія цудоўныя помнікі адкрыліся погляду пасля намаганняў валанцёраў! Сярод іх ёсць сапраўдныя творы мастацтва з каменю, металу, якім 100, 150 гадоў. Яны непадуладныя часу. Некаторыя, праўда, пахіліліся або ўраслі ў зямлю, трэснулі…

«Адразу мы маглі не заўважыць тую ці іншую магілу, наступалі на яе, а потым прасілі ў думках прабачэння… А як трапечацца сэрца, калі дакранаешся да старадаўніх помнікаў!» – прызнаюцца валанцёры.

Помнік у выглядзе раскрытага Евангелля добра захаваўся і праз стагоддзе

Яны расказалі, як напярэдадні Радаўніцы заўважылі на адным з помнікаў выяву, вельмі падобную на ікону Маці Божай Казанскай. Здалёку падалося, што нехта намаляваў яе, а падышоўшы бліжэй, зразумелі: так дзіўна разросся мох. Ім Усявышні дасылаў і іншыя знакі адабрэння.

Аднойчы пасля рабочага дня на могілках Таццяна Светагор сустрэлася ў сне з сынам-нябожчыкам. Ён усміхаўся і казаў усім: «Паглядзіце, гэта мая мама!»

Надпісы на помніках сведчаць пра пахаванні канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Знайшліся помнікі з сімваламі масонаў. Валанцёраў гэта ўзрушыла, абудзіла ў іх цікавасць да гісторыі і тых асоб, якія спачываюць пад крыжамі. «Вось бы сюды археолагаў, даследчыкаў! Тут жа скарбніца інфармацыі!» – упэўнены яны.

Адзін з помнікаў, які можна назваць творам мастацтва

Гэтае месца вечнага спачыну ў амаль 600-гадовым Новым Свержані ўнікальнае.  Нягледзячы на гістарычныя напластаванні, яно застаецца дзеючым. Вакол яго – акопы, маўклівыя сведкі вызвалення Стоўбцаў летам 1944 года.

Памятаць пра годнасць

Могілкі ў Новым Свержані займаюць амаль 5 га, таму, калі мы дамаўляліся аб сустрэчы, Тамара Гаўрыловіч абазначыла месцазнаходжанне валанцёраў: «Будзем працаваць там, за салдацікамі». Меліся на ўвазе помнікі польскім жаўнерам, якія загінулі ў савецка-польскай вайне 1920–1921 гадоў. Апошнім часам гэтая тэрыторыя пры ўдзеле польскага боку набыла добраўпарадкаваны выгляд.

– Нам будзе сорамна, калі мы не паклапоцімся пра парадак на іншых пахаваннях, – заўважае Тамара Анатольеўна. І гэта таксама адказ валанцёраў на пытанне: «Што вядзе вас сюды, на могілкі, ужо амаль на працягу года?»

Самае крыўднае для валанцёраў – убачыць на ачышчанай тэрыторыі новы сметнік. Такое, на жаль, бывае… Нехта, прыбіраючы магілы сваіх блізкіх, не дайшоў, на жаль, да спецыяльна абсталяванай для збору адходаў пляцоўкі…

Людзі, памятайце пра чалавечнасць, будзьце годныя памяці продкаў!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *