Напярэдадні масавай уборкі збожжавых і зернебабовых культур у ААТ «Каганец» на працягу многіх гадоў праводзіцца традыцыйны абрад «Зажынкі». І сёлета ў гаспадарцы парупіліся дастойна правесці гэтае свята.
Дзейства праходзіла на полі за хутарам Алешкава. Галоўнымі ўдзельнікамі свята сталі камбайнеры і вадзіцелі, якія ў чаканні старту жніва стаялі ля камбайнаў і аўтамашын, гатовыя па першым сігнале вывесці тэхніку ў поле.
Хлебаробаў павіншаваў з пачаткам уборкі дырэктар таварыства Пётр Малахаў.
– Гэта мая дзявятая ўборачная ў якасці кіраўніка таварыства, – звярнуўся Пётр Міхайлавіч да прысутных. – І пастаянна баліць душа за кожны каласок, за кожны гектар вырашчанага ўраджаю. Намалот будзе залежаць ад камбайнераў. Менавіта на іх плечы ўскладзена важная задача – напоўніць склады збожжам. Жадаю ўсім моцнага здароўя і каб сёлета мы правялі і завяршылі жніво сваімі сіламі.
Права зажаць першы сноп новага ўраджаю – даўней лічылася, што ён валодае магічнай сілай, – было дадзена жанчынам, ветэранам працы. Уручылі сімвал новага ўраджаю і важкі каравай кіраўніку гаспадаркі.
– Уборачная – галоўны паказчык усёй нашай плённай працы на працягу года, – сказаў галоўны аграном Дзмітрый Мельнікаў. – Дзень сёння асаблівы, надышла гарачая пара, і кожнага з нас чакае напружаная работа – ад золку да позняга вечара. Трэба будзе пастарацца ўбраць збожжавы клін своечасова і без страт.
Клірык кафедральнага сабора святой праведнай Ганны іерэй Георгій Кур’ян благаславіў пачатак уборкі, асвяціў удзельнікаў жніва, тэхніку, усіх прысутных і пажадаў высокага намалоту і дабрабыту.
Для хлебаробаў падрыхтавалі салодкі стол. Камбайнеры і вадзіцелі, а таксама госці пачаставаліся караваем. Суправаджалася свята абрадавымі песнямі ў выкананні работнікаў Засульскага сельскага дома культуры і спецыялістаў таварыства.
Гучыць каманда: «Па машынах!» І тэхніка дружна рушыла ў поле.
Збожжавы клін у гаспадарцы налічвае плошчу 1250 гектараў, у тым ліку пад азімымі занята 865 гектараў. На ўборцы ўраджаю задзейнічаны чатыры экіпажы. Перадавы камбайнер Сяргей Карабін, які летась намалаціў каля 1400 тон збожжа, працуе з памочнікам Дзянісам Трафімавым. Таксама ў ліку тысячнікаў мінулагодняга жніва – камбайнер Сяргей Шахно, якому сёлета даручылі новы збожжаўборачны камбайн КЗС-1218, памочнікам у яго рупіцца Валерый Калкоўскі. Вадзім Доўгі шчыруе ў пары з Дзмітрыем Карніцкім.
Вылучаецца стараннем маладзёжны экіпаж. Уладзіслаў Камейша – за штурвалам камбайна, а яшчэ летась быў памочнікам. Хлопец завяршае вучобу ў БДАТУ і цяпер праходзіць у таварыстве практыку. Вернецца ў гаспадарку дыпламаваным інжынерам. Побач з ім завіхаецца аграном-аграхімік Юрый Семяненка, які падчас жніва дапамагае ўбіраць ураджай, а вясною шчыраваў на трактары. Ва Уладзіслава Камейшы гэта шостая па ліку ўборачная, у Юрыя Семяненкі – другая.

Адвозяць збожжа ад камбайнаў вопытныя вадзіцелі Вадзім Паляшчук і Сяргей Рубін. Сярод маладых прадстаўнікоў гэтай прафесіі шчыруе Алег Даўгапол.
– Сёлетняе жніво крыху ўскладнілася тым, што азімы рапс і збожжавыя выспелі практычна адначасова, таму ўборку вялі паралельна, – расказвае галоўны аграном Дзмітрый Мельнікаў. – Хлебаробы стараліся, працавалі напружана ўвесь сезон, прытрымліваліся тэхналогіі, і мы разлічваем завяршыць уборачную з неблагім намалотам. Біялагічная ўраджайнасць складае каля 35 цэнтнераў збожжа з гектара.
У таварыстве ўбралі рапс, які аддзячыў 27 цэнтнерамі на круг. Калі ўлічыць паказчык бальнасці зямлі мясцовых палеткаў, то гэта даволі неблагі вынік. Намалацілі 545 тон масланасення.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара