Усёй сям’ёй – у кафэ з караоке

Важное Грамадства

Чаго вы чакаеце, адпраўляючыся ў кафэ ці рэстаран? Мабыць, каб было смачна, каб паклапаціліся пра ваш камфорт, каб вам было ўтульна.

Гэтымі днямі для жыхароў Стоўбцаў адкрыла дзверы кафэ «Гарадок» па вуліцы Міру, 17. Сімвалічную чырвоную стужачку перарэзалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель і дырэктар установы Аляксей Далькоў.

Сяргей Яўгеньевіч адзначыў: «Горад будзе развівацца не толькі дзякуючы функцыянаванню прадпрыемстваў, устаноў сацыяльнай сферы, але і з’яўленню месцаў для адпачынку. У новым кафэ прыемна будзе правесці час як дзецям, так і дарослым».

Пасля афіцыйнай часткі гасцей запрасілі ў асноўную залу кафэ. Гучала музыка, можна было зрабіць заказ і проста атрымаць асалоду ад атмасферы. Наведвальнікам не давала сумаваць вядучая Вераніка Фурс. Яна падрыхтавала забаўляльную праграму. Можна было атрымаць сертыфікат на бясплатны кубачак кавы, правільна адказаўшы на пытанне. Так як сярод наведвальнікаў было шмат дзяцей, пра іх таксама паклапаціліся: казачныя героі раздавалі ім салодкія падарункі.

Пасля забаўляльнай праграмы намеснік дырэктара кафэ Надзея Далькова-Татарынец расказала пра ўстанову, чым яна парадуе жыхароў горада і раёна:

– Піцэрыя «Гарадок», якая размяшчалася па вуліцы Ленінскай у Стоўбцах, пераехала на вуліцу Міру і стала называцца кафэ «Гарадок». У нашай камандзе – кваліфікаваныя павары, якія дружна працуюць ужо некалькі гадоў.

Са шчырай усмешкай сустракаюць наведвальнікаў бармены-афіцыянты Ангеліна Сафонава і Яўгеній Гінтоўт

Мы спадзяёмся, што наша ўстанова стане тым месцам, дзе наведвальнікі змогуць добра правесці час. Гэтаму паспрыяе і ўтульны інтэр’ер, які падыдзе і для вялікай кампаніі. Адна з зал – для караоке, дзе можна ўспомніць вядомыя песні і праявіць свае вакальныя даныя. З радасцю мы прымаем заказы на пятніцу і суботу. У гэтыя дні ў праграме яшчэ запланавана і дыскатэка.

Меню ў нас – на розны густ. У ім прадстаўлены сушы, гарачыя стравы, піцы, бургеры, стэйкі, розныя гарніры…

Кафэ «Гарадок» – гэта ўтульны куток гарадскога жыцця. Ведайце: вам заўсёды тут рады.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *