Бяспека

Кантроль, бяспека Нумары

image_pdfimage_print

СЛУЖБА “101”: ПРАДУГЛЕДЖАНЫ ЎСЕ МАГЧЫМЫЯ НАДЗВЫЧАЙНЫЯ СІТУАЦЫІ

З 1-га ліпеня 2014 года ўступілі ў сілу адзіныя Правілы пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджаныя пастановай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь ад 14.03.2014.

Новыя правілы – адзіныя і ўніфікаваныя, фактычна яны адмяняюць 34 віды правілаў пажарнай бяспекі, якія раней існавалі для розных сфер  дзейнасці і арганізацый. Ва ўступіўшых у сілу правілах прапісаны ўсе магчымыя надзвычайныя сітуацыі, планы эвакуацыі, патрабаванні да дакументаў, якія павінны быць на аб’екце, прыводзяцца таблічныя даныя для аснашчэння пярвічнымі сродкамі пажаратушэння розных прадпрыемстваў і інш.

Азнаёміцца з афіцыйнай версіяй новых правіл можна на сайце – 102.by. Неабходныя тлумачэнні дасць і раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях (тэл. 5-92-66).

Таццяна ТАРАСЕВІЧ,інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях    

 

ІНСТРУКТАЖ: З МАЛЫХ ГАДОЎ АСВОЙВАЦЬ КУЛЬТУРУ ЭНЕРГАСПАЖЫВАННЯ

На жаль, менавіта ў цудоўную пару летніх канікулаў і адпачынкаў расце колькасць няшчасных выпадкаў з гібеллю і траўматызмам па прычыне асабістай неасцярожнасці. Адсутнасць культуры энергаспажывання, ігнараванне патрабаванняў забараняльных і папераджальных знакаў па электра- і цеплатраўматызму, дзіцячае свавольства і неразуменне небяспекі  вядуць да сумных наступстваў.

Статыстыка сведчыць, што толькі з пачатку 2014 года сярод насельніцтва рэспублікі зафіксавана шэсць выпадкаў паражэння электрычным токам, з іх пяць – са смяротным зыходам. З году ў год паўтараюцца няшчасныя выпадкі  падчас рыбнай лоўлі.

Асаблівую трывогу выклікаюць выпадкі паражэння электрычным токам непаўналетніх. У першую чаргу да іх прыводзіць бескантрольнасць, патуранне з боку бацькоў. Напрыклад, у чэрвені бягучага года ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці пад дзеянне электрычнага току трапіла дзевяцігадовае дзіця, якое выбрала месцам гульняў з равеснікамі трансфарматарную падстанцыю. На шчасце, хлопчык застаўся жывы, але атрымаў цяжкую траўму ў выглядзе тэрмічных апёкаў рукі і нагі. У 2013 годзе пры падобных абставінах жыццё аднаго дзіцяці абарвалася, яшчэ двое былі цяжка траўміраваны.

Паважаныя бацькі! Растлумачце сваім дзецям небяспеку гульняў каля аб’ектаў, якія знаходзяцца пад напружаннем: каля трансфарматарных падстанцый, апораў паветраных ліній электраперадач, размеркавальных шчыткоў, сілавых шафаў і т. п. Праходзячы міма такіх аб’ектаў, папрасіце дзіця ўслых прачытаць папераджальны знак – «Небяспечна для жыцця!». Няхай ён прагаворыць, як зразумеў яго, і, адпаведна, паабяцае вам, што будзе  выконваць патрабаванне знака.    

Часцей нагадвайце сваім дзецям аб тым, што забаронена: залазіць на апоры паветраных ліній электраперадач, запускаць папяровых змеяў паблізу правадоў ліній, кідаць дрот, металічныя прадметы на правады, разбіваць ізалятары на апорах ліній электраперадач, лавіць рыбу паблізу  паветраных  ліній электраперадач, падыходзіць блізка (бліжэй чым на восем метраў) да правіслых або абарваных правадоў, наліваць у электрачайнік ваду, папярэдне не выключыўшы яго з разеткі, хапацца за провад, калі выцягваеш вілку з разеткі, дакранацца да чалавека, які знаходзіцца пад дзеяннем электрычнага току. Смяротную небяспеку ўяўляе дакрананне да аголеных або абарваных правадоў. У выпадку паражэння чалавека электрычным токам неабходна неадкладна выклікаць урача і паведаміць пра здарэнне бацькам, педагогу, суседу, прахожаму і г. д.

Вадзім ХАЛОПІЦА,інспектар Стаўбцоўскага міжраённага аддзялення «Энерганагляд»

 

ДА ЎВАГІ: ЦВІЦЕ НЕБЯСПЕЧНЫ БАРШЧЭЎНІК

Гэтыя здымкі зроблены фотакарэспандэнтам падчас творчай камандзіроўкі ў Налібакі. На пад’ездзе мы заўважылі на абочыне дарогі баршчэўнік Сасноўскага – ён цяпер у самым цвеце. А потым яшчэ адна лапіна гэтай небяспечнай расліны прыцягнула ўвагу ля самай жывёлагадоўчай фермы ў Налібаках.

Гэты селекцыйны мутант вельмі небяспечны для чалавека. У летні перыяд пасля кантакту з баршчэўнікам з’яўляюцца фітахімічныя апёкі. Фуракумарыны, фотадынамічныя актыўныя злучэнні, трапляючы на скуру, выклікаюць моцныя апёкі і раны, якія доўга не зажываюць. Прычым, майка, паркалёвая сукенка і нават тонкая куртачка для гэтай каварнай расліны – не перашкода. У летні перыяд у медыцынскія ўстановы штогод звяртаюцца пацыенты пасля кантакту з баршчэўнікам. Асабліва небяспечны ён для дзяцей, якія могуць не ведаць аб яго ўласцівасцях, і зараснік гэтай расліны можа стаць месцам для іх гульняў. Баршчэўнік можа выклікаць апёкі І, ІІ ці ІІІ ступені. Калі сур’ёзныя пашкоджанні рук, ног, цела, то прымяняюцца нават рэанімацыйныя меры.

Таму гэтая расліна, калі ўбачыш яе на дарогах, а тым больш каля жылых і вытворчых памяшканняў, выклікае трывогу. Зразумела, што змагацца з ёю вельмі цяжка. Аднак, калі пакінуць баршчэўнік расці і размнажацца, будзе яшчэ больш праблем і клопатаў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ПРА СУМНЫ СУМНІК

Сумнік, ці па-руску «золотарник», – з выгляду прыгожая расліна. Асабліва падчас цвіцення, калі жоўтыя хвалі квецені, здаецца, радуюць вока. Але ўвага! Гэтыя кусцікі, што распаўсюджвалі як дэкаратыўныя, таксама прыводзяць да сумных вынікаў.

Ні ў якім разе не рабіце з сумніку букетаў, каб пазбегнуць праяў алергіі, атручэння. І яшчэ расліна гэтая небяспечная тым, што калі завядзецца хаця б кусцік у агародчыку, выцесніць адтуль, так бы мовіць, усё жывое. Пэўна, і самі назіралі, як ля сядзібы, што не мае належнага гаспадарчага догляду, высяцца толькі гэтыя высокія, ледзьве не ў рост чалавека расліны. Ці ж імі любавацца?

Калі распаўсюдзіцца, выкараніць сумнік няпроста. Таму і цяпер, да пачатку масавага цвіцення, пажадана пастарацца выкапаць, высекчы гэтыя цвёрдыя карэнні. І ў дварах, і на могільніках, дзе сумнік таксама  быў разведзены.

Ф. ФЯДОТАЎ

 

ТЫ ЯКОЙ ГРУПЫ, ГРЫБ?

У лесе расце нямала грыбоў, збор і нарыхтоўка якіх не рэкамендуюцца.

Да такіх непажаданых лясных дароў адносяцца так званыя грыбы-акумулятары, здольныя назапашваць у сабе радыенукліды, у прыватнасці, цэзій-137. Такім чынам, асцерагацца варта ў сваёй карзінцы гаркушак, курачак, грыба польскага, маслёнка, свінушкі тонкай, махавіка. Але не менш нездаровымі з’яўляюцца і сыраежкі, грузды, валнушкі, зялёнкі, скрыпніца, рашэтнік. Збіраць грыбы гэтай групы дапускаецца пры шчыльнасці забруджвання глебы цэзіем-137 да 1 Кі/км2.

У лясах, дзе шчыльнасць забруджвання глебы да 2 Кі/км2, можна смела нарыхтоўваць падбярозавікі, падасінавікі, лісічкі сапраўдныя, белыя грыбы, падзялёнкі, рыжыкі (гэта сярэдненазапашваючая група грыбоў). Асабліва будуць рады вашы дамашнія прынесеным дажджавіку, грыбу «парасоніку», апенькам, шампіньёнам, бо гэта група грыбоў – самая чыстая, слабаназапашваючая забруджванне.  

Сабраны ўраджай і грыбоў, і іншых лясных і агародных дароў можна праверыць на ўтрыманне радыенуклідаў і нітратаў у лабараторыі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі (тэл. для даведак – 5-49-19).

Нагадваем яшчэ раз і пра такую сезонную праблему як укусы кляшчоў, якія могуць быць разносчыкамі небяспечных інфекцый. Адпраўляючыся ў лес, варта апранаць светлае адзенне, якое поўнасцю закрывае цела, праз 1,5-2 гадзіны праводзіць самаагляды, для адпуджвання выкарыстоўваць спецыяльныя сродкі – рэпеленты. Арганізацыі, юрыдычныя асобы (аздараўленчыя лагеры, аграэкасядзібы і інш.) могуць звяртацца для правядзення акаралагічнай апрацоўкі сваёй тэрыторыі (тэл. для даведак – 5-44-08).   

Алена ЛОЙКА,загадчыца аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 

 

АКНО ДАІ: БЯСПЕЧНАЕ ЛЕТА

З 7-га ліпеня і да заканчэння летніх канікул на тэрыторыі раёна праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў “Бяспечнае лета”.

Неабходнасць такой акцыі выклікана дарожным становішчам. Так, 3-га ліпеня каля 10.30 у вёсцы Аталезь мясцовы жыхар, які кіраваў матацыклам «ІЖ», учыніў наезд на трохгадовае дзіця, што нечакана выйшла на праезджую частку. Па шчаслівай выпадковасці ўдалося пазбегнуць трагічных наступстваў, аднак дзіця шпіталізавана з траўмамі ў раённую бальніцу. Зыходзячы з аналізу здарэння, відавочна, што адбылося яно з-за недастатковага кантролю з боку бабулі, у якой дзіця знаходзілася ў летні перыяд.

Пакіданне дзяцей адных, асабліва малалетніх, – адзін з трывожных фактараў. Яшчэ адна не менш важная праблема на аўтадарогах – аварыйнасць з удзелам веласіпедыстаў.

Юным веласіпедыстам дазволены выезд на дарогі агульнага карыстання толькі з 14-ці гадоў, пры цвёрдым веданні правілаў дарожнага руху і добрых навыках ваджэння. Рух па праезджай частцы на веласіпедах дазволены толькі ў адзін рад на адлегласці не больш за метр ад яе правага краю. Вельмі небяспечна аб’язджаць на веласіпедзе грузавікі або аўтобусы, якія стаяць ля абочыны.

Абмяркуйце разам з дзецьмі, дзе можна катацца на роліках, самакатах, скейце. Канешне, прыдатныя для гэтага закрытыя пляцоўкі, стадыён, парк, але ні ў якім разе не праезджая частка. У абавязковым парадку неабходна абазначыць сваіх дзяцей святлоадбіваючымі элементамі, а асабістымі паводзінамі на дарозе паказваць станоўчы прыклад, а не наадварот.

Дзмітрый ВОРАНАЎ,начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *