Школьнае лета

Адукацыя Нумары

ПАСТУПІЦЬ У ВНУ БЕЗ ЭКЗАМЕНАЎ

На базе СШ № 3 ужо  больш  за  20 гадоў вядзецца сістэмная работа з найбольш здольнымі і адоранымі вучнямі па інфарматыцы (праграмаванні). Даную сістэму мы назвалі Школа юных праграмістаў (ШЮП).

У мінулым навучальным годзе ў рамках ШЮП  займаліся больш за 30 вучняў 4-11 класаў з СШ № 3, а таксама некалькі вучняў з гімназіі № 1 і СШ № 2. Пры жаданні Школу юных праграмістаў могуць наведваць і вучні іншых школ нашага раёна.

Работа вялася па такіх накірунках: знаёмства з праграмаваннем (4-5 класы), вывучэнне асноў праграмавання з выкарыстаннем вучэбнай сістэмы Сhip; асновы праграмавання (6-8 класы), вывучэнне метадаў рашэння задач павышаванай складанасці (алімпіядных) з выкарыстаннем сістэм праграмавання FreePascal і C++ і ўдзелу ў рознага ўзроўню алімпіядах і турнірах па праграмаванні. Наступны накірунак – прыкладное праграмаванне і навукова-практычная работа (8-11 класы), якая ўключае вывучэнне сістэмы праграмавання Delphi, складанне прыкладных праектаў і ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах па інфарматыцы.

Вынікі работы за мінулы навучальны год можна  назваць паспяховымі. Прывяду найбольш значныя. Каманда Школы юных праграмістаў, якая прадстаўляла Стаўбцоўскі раён, заняла першае месца на Мінскай абласной алімпіядзе па інфарматыцы сярод камандаў раёнаў вобласці. У асабістым заліку вучань 10 класа Мікіта Сазановіч заняў першае месца, вучань 11 класа Уладзіслаў Сазановіч – другое месца, васьмікласнік Павел Камёнка – 10-е месца (дыплом ІІІ ступені), дзевяцікласнік  Вадзім  Ракевіч  – 21-е месца сярод 59 удзельнікаў (пахвальны водгук).

На рэспубліканскай алімпіядзе па інфарматыцы сярод 120 удзельнікаў былі тры вучні ШЮП: Мікіта Сазановіч (першае месца, 800 балаў з 800 магчымых), Уладзіслаў Сазановіч (дыплом ІІ ступені), Павел Камёнка. Лідары ШЮП браты Мікіта і Уладзіслаў Сазановічы прайшлі адборачны тур і былі запрошаны на міжнародныя алімпіяды па інфарматыцы для школьнікаў краін СНД. Камандная алімпіяда прайшла ў Санкт-Пецярбургу, а асабістая – у Маскве. Вучні ўзнагароджаны  дыпломамі І і ІІ ступеняў.

На Мінскай абласной навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў па інфарматыцы дзесяцікласнік Міхаіл Харламаў выступіў з дакладам і быў узнагарожаны дыпломам ІІІ ступені.

Нашы былыя выпускнікі Аляксандр Раманчанка і Максім Чабан вырашылі падтрымаць пачынаючых праграмістаў. Яны выдзелілі паўтара мільёна рублёў на прызы для школьнікаў – лідараў груп. Дарэчы, Аляксандр і Максім падчас  вучобы ў школе таксама паспяхова займаліся ў ШЮП. Аляксандр быў дыпламантам рэспубліканскай алімпіяды. Заняткі ў Школе юных праграмістаў вызначылі іх прафесійны накірунак: абодва паступілі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.  Аляксандр Раманчанка цяпер  кіраўнік мінскага офіса распрацоўкі праграмнага забеспячэння кампаніі Head Hunter – вядучага партала па пошуку работы на прасторах СНД. Максім Чабан – вядучы Java-распрацоўшчык гэтай жа кампаніі. Аляксандр і Максім прыехалі ў сваю родную школу на традыцыйнае свята «Вынікі навучальнага года ШЮП». Яны цікава расказалі пра сваю работу і ўручылі вучням прызы – камп’ютарную літаратуру і канцылярскія прылады. З пажаданнямі, удзячнымі словамі вучням за іх поспехі выступілі на гэтай   урачыстасці  дырэктар  СШ № 3 Ж. М. Лысая, сацыяльны педагог В. Г. Трафімчук. Прызамі, дыпломамі і падзякамі былі адзначаны 20 вучняў 4-11 класаў.

Вучні выпускнога класа закончылі навучанне і ў ШЮП. Уладзіслаў Сазановіч, дзякуючы паспяховым выступленням на алімпіядах, мае права паступлення без уступных экзаменаў у ВНУ нашай рэспублікі на спецыяльнасці, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Больш таго, з Санкт-Пецярбургскага даследчага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі – вядучай ВНУ Расійскай Федэрацыі ў галіне інфармацыйных тэхналогій — яму паступіла запрашэнне стаць студэнтам без уступных іспытаў з персанальнай стыпендыяй на першы курс.  Пажадаем Уладзіславу найлепшага выбару, поспехаў у вучобе і на жыццёвым шляху.

Важна адзначыць, што праграмаванне – гэта адзін з прадметных накірункаў. Яно эфектыўна развівае логіка-алгарытмічнае і камбінатарнае мысленне вучняў. Сістэма ШЮП пабудавана такім чынам, каб вучні маглі прыйсці (лепш у 4-7 класах), паспрабаваць сябе ў праграмаванні і зрабіць вывад: падабаецца ім ці не даны накірунак. Тым, каму падабаецца, прапаноўваецца паглыбленая падрыхтоўка па алімпіядным і прыкладным праграмаванні, што з’яўляецца мосцікам да выбару будучай прафесіі. У сучасны момант спецыялісты ў галіне інфармацыйных тэхналогій, у прыватнасці, праграмісты, вельмі запатрабаваны і маюць высокі ўзровень заработнай платы.

Запрашаем  у Школу юных праграмістаў тых, хто жадае павысіць свой узровень ведаў і ўменняў у галіне праграмавання і інфармацыйных тэхналогій, удзельнічаць у алімпіядах па гэтых прадметах і перамагаць, ствараць свае ўласныя праграмныя праекты і ўдзельнічаць у навукова-практычных канферэнцыях.  Дадатковую інфармацыю аб ШЮП можна знайсці на сайце prog.schoolner.by.

Уладзімір РАДЗІОН, кіраўнік Школы юных праграмістаў

 

АБ ІХ АСАБЛІВЫ КЛОПАТ

З мэтай арганізацыі летняга адпачынку і занятасці непаўналетніх, недапушчэнні ўчынення імі правапарушэнняў з 1 мая па 1 верасня Стаўбцоўскім РАУС сумесна з зацікаўленымі ведамствамі рэалізуецца міжведамасная спецыяльная праграма «Клопат».

Акрамя аздараўленчай, адной з асноўных задач гэтай праграмы з’яўляецца арганізацыя занятасці падлеткаў, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Інспекцыяй, камісяй па справах непаўналетніх, аддзелам адукацыі, спорту і турызму, упраўленнем па працы і занятасці райвыканкама прымаюцца меры па працаўладкаванні «цяжкіх» падлеткаў, накіраванні іх у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры.

На тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна ў бягучым годзе функцыянуюць чатыры стацыянарныя дзіцячыя аздараўленчыя лагеры –  «Церамок»,  «Нёман»,  імя Я. Чайкі, «Крынічка», а таксама 23 лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей на базах навучальных устаноў. Акрамя таго, штогод на тэрыторыі раёна размяшчаюцца палатачныя лагеры, у якіх адпачываюць навучэнцы школ горада Мінска. У лагерах   «Церамок»,  «Нёман»  і  імя Я. Чайкі супрацоўнікі міліцыі забяспечваюць кругласутачную ахову грамадскага парадку.

На базе аздараўленчага лагера «Нёман» у летні перыяд функцыянуюць сем профільных лагераў: «Непаседы», «Лідар», «Юны даследчык», «Зялёны свет», «Эўрыка», «Алімпіец», дзе адпачываюць актывісты раённай піянерскай арганізацыі. У лагеры «Абаронца Айчыны» ў асноўным адпачываюць падлеткі, якія знаходзяцца на розных відах уліку і патрабуюць павышанай увагі.

У ходзе правядзення летняй аздараўленчай кампаніі органамі ўнутраных спраў асаблівая ўвага ўдзяляецца папярэджанню крадзяжоў асабістай маёмасці, у першую чаргу – мабільных тэлефонаў. З мэтай папярэджання крадзяжоў хочацца звярнуцца да бацькоў, якім мы рэкамендуем не даваць дзецям з сабой у лагер мабільныя тэлефоны, аўдыя- і відэатэхніку, дарагое адзенне, залатыя ўпрыгажэнні.  Вядома, не ўсе падлеткі ў перыяд летніх канікул прыцягваюцца да арганізаванай формы адпачынку, многія з іх летам любяць адпачываць дома, дзе застаюцца без бацькоўскага кантролю на цэлы дзень. Ім варта нагадаць аб неабходнасці захоўвання мер бяспекі на вадаёмах, на аўтадарогах.

З мэтай забеспячэння кантролю за арганізацыяй работы сельскіх  дамоў культуры і клубаў, занятасцю моладзі ў вячэрні час аддзелам унутраных спраў сумесна з зацікаўленымі ведамствамі ў летні перыяд праводзяцца рэйдавыя мерапрыемствы па месцах масавага адпачынку моладзі.

Штогод у перыяд з мая па верасень вялікая колькасць падлеткаў прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці. Пераважна па прычыне ўжывання спіртных напіткаў. Пры разбіральніцтве ўстанаўліваюцца дарослыя, якія схілялі непаўналетніх да супрацьпраўных дзеянняў. Гэта не толькі асобы, якія «за кампанію» ім налівалі, але і работнікі гандлёвых арганізацый, хто прадаваў ім спіртное. Варта нагадаць індывідуальным прадпрымальнікам, прадаўцам магазінаў райспажыўтаварыства, што рэалізацыя алкагольнай прадукцыі, у тым ліку і піва, тытунёвых вырабаў асобам, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту, забаронена. За парушэнне правілаў гандлю спіртнымі напіткамі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць з накладаннем штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь. Такія ж штрафныя санкцыі і за продаж тытунёвых вырабаў.

Міхаіл АЗАНОВІЧ,начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС

 

У БІБЛІЯТЭЦЫ

Мы захацелі пазнаёміцца бліжэй, чым жыве Стаўбцоўская дзіцячая бібліятэка. Пад кіраўніцтвам дырэктара Шашкоўскай школы мастацтваў Алены Іосіфаўны Каралец адправіліся ў Стоўбцы.

Усе былі зачараваны тым, як дырэктар раённай бібліятэкі Наталля Мікалаеўна Даўлюд распавядала пра кнігі, пра новых аўтараў, рэкламавала дзіцячыя часопісы. Яна расказала, якія кнігі карысна чытаць дзецям, якія часопісы ім будуць цікавыя.

Пасля гэтага дзіцячы ансамбль «Капель» выступіў з канцэртнай праграмай «Вандраванне па казачнай краіне».

У нас завязаліся новыя знаёмствы. Мы па-іншаму адчулі значнасць кнігі ў жыцці. Многім захацелася зноў акунуцца ў захапляльны свет кнігі і запісацца ў бібліятэку.

Наталля КАБЫЛІНСКАЯ,вучаніца 9 класа Шашкоўскай СШ

 

КАНІКУЛЫ – БЕЗ ДЫМУ І АГНЮ

На Стаўбцоўшчыне завяршыўся першы этап акцыі «Канікулы без дыму і агню».

Даная акцыя заслугоўвае быць шырока разрэкламаванай, таму што яе мэта – папярэджанне пажараў з-за дзіцячага свавольства з агнём, гібелі і траўматызму дзяцей у перыяд летніх канікулаў. Работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пабывалі з акцыяй ва ўсіх аздараўленчых лагерах раёна, дзе дзеці знаходзяцца кругласутачна. Сустрэчы суправаджаюцца паказам аварыйна-выратавальнай тэхнікі, асвойваннем навыкаў работы з вогнетушыцелем.

Без дзіцячых галасоў не бывае і пажарная часць горада, куды дзеці з ахвотай прыходзяць на экскурсіі. «Сярод пажарнай тэхнікі і ўзбраення асаблівыя ўражанні ў дзяцей ад паласы псіхалагічнай падрыхтоўкі. Складаныя перашкоды спрабавалі пераадольваць не толькі хлопчыкі, а і дзяўчынкі», –  зазначыла інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч.

Усё тое, што выратавальнікі-пажарныя перадаюць дзецям, павінна гарантаваць ім не толькі цудоўны летні настрой падчас адпачынку, а і бяспечную будучыню.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *