Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

ПОЛЕ, ДЗЕ СПЕЕ ЧАСНОК

ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» –  сельгаспрадпрыемства, дзе займаюцца вырошчваннем агародніны на даволі вялікіх плошчах. Сёлета тут пасаджана 140 гектараў цыбулі, 30 – часнаку, па дваццаць – сталовых буракоў і морквы. Аб гэтым расказвае Анатолій  ШАФАРЭНКА.

– Анатолій Віктаравіч, найбольшую плошчу ў агародзе займае цыбуля, якую вырошчваеце не першы год. Зразумела, набыты пэўны вопыт, а якія сарты   высявалі сёлета?

–  Што тычыцца менавіта цыбулі, то вопыт паступова назапашваецца. Для яе вырошчвання маем усё неабходнае: набыты поўны шлейф машын, спецыяльная лінія па дапрацоўцы цыбулі, пабудавана агароднінасховішча. Асноўную частку плошчаў, як і планавалі, засеялі насеннем цыбулі жоўтай, белай і фіялетавай расійскай селекцыі. А таксама пасеялі два галандскія гібрыды. Убіраць іх будзем восенню. А ў пачатку жніўня плануем пачаць уборку цыбулі з сеянкі – пасадзілі чатыры сарты. Тры галандскія – чырвоны «Кармен», «Сеттон», «Стурон» і адзін з самых папулярных у насельніцтва – нямецкі «Штуттгартер Ризен». Усе яны высокаўраджайныя і добра захоўваюцца. Вострыя і паўвострыя на смак – якія каму падабаюцца.

–  Як развіваюцца расліны? Ці ёсць сёлета праблемы?

– Халоднае чэрвеньскае надвор’е, недахоп вільгаці і дэфіцыт азоту затрымалі развіццё ўсіх гароднінных культур. Але мы прымаем неабходныя меры для таго, каб падтрымаць расліны. Праводзім падкормкі мікраэлементамі, апрацоўваем супраць хвароб і шкоднікаў. Таму ёсць спадзяванні атрымаць неблагі ўраджай. Галоўнае, каб паспела сфарміравацца цыбуліна. Сеянка ужо зараз набірае сілу. Змагаемся з цыбулевай мухай, якая сёлета асабліва наступае на пасевы. А таксама і з пустазеллем. Вельмі данімае сёлета смолка (дрёма) белая. Думаю, што гэта рэха безадвальнай апрацоўкі глебы. Для вырошчвання гародніны лепшая, хоць і даволі затратная, паўпапаравая. З пустазеллем барацьбу будзем весці да самай уборкі.

–  А ў якім стане часнок? Прадпрыемства адзінае ў раёне садзіць гэтую гароднінную культуру.

– Рыхтуем часнаковае поле пад уборку. А іменна, абрываем «стрэлкі». Работа марудная, бо робіцца ўручную. Запрашаем усіх жадаючых. Працуюць вяскоўцы, школьнікі і столінцы. Часнок –культура патрабавальная, асабліва калі вырошчваецца на вялікіх плошчах. Таму паступова адточваем тэхналогію. Дарэчы будзе набыць невялікі трактар з вузкай каляінай і спецыяльны культыватар, каб праводзіць міжрадковыя рыхленні. Адным словам – прымяняць максімум механізацыі і мінімум хіміі. Аднак без пратручвальнікаў не абысціся. Сёлета, напрыклад, надта прагрэсіруюць каранёвыя гнілі.

Як і ў мінулым годзе ўвесь сабраны ўраджай часнаку пойдзе для далейшага назапашвання насення, з мэтай павелічэння пасадачных плошчаў. На чатырох гектарах зараз найлепш развіваюцца расліны, якія садзілі адным зубком-шарыкам. Убіраць часнок будзем у сярэдзіне ліпеня камбайнам, які набылі летась. Першая прыкмета яго паспявання пасля абрыву «стрэлак»  – пажоўклае ніжняе лісце. Калі ж «стрэлкі» не зрывалі, то ўбіраць часнок трэба тады, калі яны набухнуць і растрэскаюцца.

– Як вядома, на даволі немалых плошчах  пасеялі сталовыя буракі і моркву. Але вопыт паказвае, што рэалізаваць ураджай гэтых культур звычайна бывае нялёгка.

– Разлічваем, што прададзім. Ёсць пэўныя напрацоўкі з расійскімі пакупнікамі.

Справа ў тым, што расіяне бяруць не толькі цыбулю і часнок. У «фуру» яны загружаюць  адначасова і іншыя гароднінныя культуры – усяго патроху, і пастаўляюць у гіпермаркеты, якія, у сваю чаргу, зацікаўлены купляць невялікімі партыямі разнастайную прадукцыю. Такім чынам і нам будзе выгадна рэалізоўваць сваю. І буракі, і морква развіваюцца нармальна. Сеялі насенне расійскай і галандскай селекцыі, прымяняючы інтэнсіўную тэхналогію. Вынікі работы падвядзём восенню.

Гутарыла Надзея БАТАЛКА

 

ДАРУЧЫЛІ ВОПЫТНЫМ

Без такой тэхнікі, як пагрузчык, не абысціся ў любой вытворчасці. І тым больш у сельскагаспадарчай, дзе яе прымяняюць на розных работах у раслінаводчай і жывёлагадоўчай галінах. Пагрузчык патрэбен таксама інжынернай службе, будаўнічай брыгадзе. Апошнім часам мехдвары сельгаставарыстваў раёна актыўна папаўняюцца сучаснай амкадораўскай тэхнікай. Франтальныя ўніверсальныя пагрузчыкі новай маркі «Амкадор-352», з дапамогай якіх можна паспяхова вырашаць самыя разнастайныя задачы, набылі нядаўна ААТ «Шашкі», «Радзіма Якуба Коласа», «Дзераўное». Даручылі тэхніку вопытным трактарыстам Станіславу Ключніку, Генадзю Янскаму і Станіславу Дзям’янку, якія заняты на нарыхтоўцы кармоў. 

 

І СТАРШЫНЯ ЗАКАСАЎ РУКАВЫ

У жыцці ўсяму свой час. Вось і старыя таполі ў Сверынаве зжылі свой век.  Раслі яны абапал дарогі, якраз каля маёй хаты. Падымецца бура – малюся, каб Бог абнёс бяду, каб не звалілася дрэва, не накрыла хату.

На працягу чатырох гадоў я звярталася ў розныя інстанцыі. Мне давалі адказы, прасілі пачакаць. Зразумела, работа па спілоўванні магутных дрэў няпростая, патрабуе спецыяльнай тэхнікі, навыкаў.

Як толькі заступіў на пасаду новы старшыня Мікалаеўшчынскага сельвыканкама Анатоль Мядзведзь, я пайшла на прыём да яго. І што вы думаеце, прайшло няшмат часу, і дрэвы былі спілаваны. Мала таго, Анатоль Іванавіч у рабочай вопратцы прыйшоў нам дапамагчы справіцца з галлём. Узяў пілу, распілоўваў ствалы, зносіў галіны. У апошні час нячаста ўбачыш, каб кіраўнікі паказвалі такі прыклад. Удзячныя мы, дай Бог яму здароўя, поспехаў на яго рабоце, павагі людской.

Марыя ФЛЕР’ЯНОВІЧ,жыхарка вёскі Сверынава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *