На пляцоўцы побач з фізкультурна-аздараўленчым комплексам прайшоў флэшмоб “Мая радзіма! Мая Беларусь!”. На гэты час вуліца Міру стала пешаходнай.
Удзельнікаў свята парадавалі больш чым двухгадзінным канцэртам, у тым ліку з удзелам зорак беларускай эстрады, такіх як, Алёна Ланская, Жанэт, Аляксей Хлястоў, групаў “Беларусы”, “Правакацыя” і інш. Пад іх выступленні многія танцавалі. Была арганізавана шырокая забаўляльная праграма з атракцыёнамі, выстаўкамі-продажамі. Завяршылася свята познім вечарам дыскатэкай.
Якія ўражанні пакінула свята ў стаўбчан і гасцей? Давайце спытаем!

– Свята цудоўнае, тым больш, што акурат 31 ліпеня дзень нараджэння ў філіяла маторнага завода. Мы з жонкай абое – маторабудаўнікі. Адпачываем напрыканцы працоўнага тыдня, весялімся. У канцэрта тэматычная праграма. Няхай бы такія святы сталі традыцыяй.

– Усё вельмі падабаецца. Дзеці цягнуць на горкі, ласуюцца папкорнам. Мы, дарослыя, прыехалі з Новага Свержаня на артыстаў паглядзець. Галоўнае – святочная атмасфера. Можна зрабіць сэлфі з вядомымі артыстамі.

– Свята адбываецца побач з дамамі, дзе мы жывём, і нам нават не трэба ісці ў парк, куды мы звычайна ходзім гуляць. Матулі далі грошай на забавы, частку іх ужо патрацілі на батут. Набылі вязаны сувенір – ружовага кроліка. Хочам папасці на атракцыёны.

– У Стоўбцах я выступаю не ўпершыню. Горад не змяняецца ў плане таго, што людзі тут вельмі шчырыя. Вецер, холадна, а яны — усміхаюцца. Я запрасіла на сцэну галоўных зорак – стаўбцоўскіх дзяцей. Уражанні
атрымала яркія, таму што адчула ад слухачоў узаемнасць. Напэўна, за час пандэміі мы ўсе засумавалі па святах.
З задавальненнем выканала для стаўбчан песню “Беларусь” і іншы свой рэпертуар. У 2008-2009 годзе мне даводзілася бываць у Стоўбцах у рамках тура па Беларусі ў падтрымку нараджальнасці. Тады было дадзена 240 канцэртаў. Сама я са шматдзетнай сям’і. Нас у бацькоў – восем. Асабіста ў мяне двое дзяцей, дзве дачушкі. Вельмі люблю сваю сям’ю і без яе не ўяўляю будучага.
Перадайце мае словы ўдзячнасці тым дзецям, якія экспромтам спявалі і танцавалі разам са мной на сцэне. І ўсім стаўбчанам – паклон за тое, што любяць Беларусь, сваю малую радзіму.
Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара