Сёння — Дзень чыгуначніка
Бягучы год выпрабоўвае чыгуначнікаў, як і прадстаўнікоў іншых галін народнай гаспадаркі, на трываласць. Тым не менш, ім ёсць што супрацьпаставіць. Гэта вернасць прафесіі, надзейнасць перавозак і гарантыя бяспекі руху, не зважаючы на розныя аб’ектыўныя фактары.

Як заўважае намеснік начальніка чыгуначнай станцыі Стоўбцы Андрэй Гурыненка, сёлетняя эпідэміялагічная сітуацыя адмоўна адбілася на перавозцы пасажыраў і грузаў. Грузаперавозкі скараціліся ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам прыкладна на 10 працэнтаў, пасажырскія перавозкі – дзесьці на чвэрць. Гэта нядзіўна ва ўмовах, калі на Беларускай чыгунцы адменены рух паяздоў далёкага накіравання.
Разам з тым па чыгуначнай станцыі Стоўбцы за змену праходзіць не менш за 60 паяздоў, за суткі – удвая болей. Іх сустракае і праводзіць дзяжурная па станцыі Вольга Дудзінец. Граматны спецыяліст, надзвычай адказная ў выкананні службовых абавязкаў – такія водгукі ў калектыве пра Вольгу Аляксееўну.

Мы бачым яе за пультам, дзе пад рукамі – адразу некалькі тэлефонаў і іншых сродкаў сувязі. Дзяжурнай па станцыі вядзецца запіс у журналы інфармацыі, якая паступае ад саставіцеляў паяздоў. Перад вачыма ў Вольгі Аляксееўны – табло кіравання рухам паяздоў праз станцыю Стоўбцы.
Дзяжурства па станцыі ажыццяўляецца ў кругласутачным рэжыме. На даны момант адказны клопат чыгуначнікаў – забяспечыць перавозку збожжа новага ўраджаю. Вагоны для яго загрузкі і перавозкі падаюцца своечасова, згодна з заяўкамі грузаадправіцеляў.
На чыгунку Вольга Дудзінец прыйшла ў 1989 годзе пасля Аршанскага тэхнікума чыгуначнага транспарту. Знайшла тут не толькі прызванне, але і лёс. На станцыі пазнаёмілася з дарожным майстрам, а потым маладыя спецыялісты пажаніліся. Дынастыя Вольгі і Сяргея Дудзінцоў – узор для калег як у прафесійным, так і ў сямейным жыцці.

Увогуле на станцыі, як кажуць чыгуначнікі, няма дрэнных работнікаў.
У білетнай касе пазменна абслугоўваюць пасажыраў сем білетных касіраў. Сёлета на пасаду старшага білетнага касіра прыйшла Алена Талашка. Дастойную змену падрыхтавала Алена Казакевіч, перад тым як выйсці на заслужаны адпачынак.
У свой час Алена Талашка пачынала на чыгунцы правадніком, працавала білетным касірам. Вопыту ў яе дастаткова, каб выконваць сваю справу з высокім узроўнем культуры.
Для зручнасці пасажыраў сёлета на вакзале ўстаноўлены плацежна-даведачны тэрмінал, з дапамогай якога пасажыры набываюць білеты на паязды рэгіянальных ліній эканом-класа.

Выйшла сёлета на заслужаны адпачынак і Таццяна Санько, чыгуначнік з амаль саракагадовым стажам. Палову яго Таццяна Георгіеўна была на пасадзе намесніка начальніка станцыі. На працягу 15 гадоў працавала дзяжурнай па станцыі. Адначасова завочна вучылася ў Аршанскім тэхнікуме чыгуначнага транспарту.
– У Стоўбцы мая сям’я пераехала з Негарэлага, калі я хадзіла ў шосты клас. Мама працавала на вакзале паштовым работнікам. Я прыходзіла да яе і бачыла, як шчыруюць чыгуначнікі. Калі з’явілася месца аператара пры дзяжурным па станцыі, яна папрасіла, каб мяне ўзялі, – прыгадвае ветэран-чыгуначнік.
Таццяна Санько і сёння не сядзіць без справы, дапамагае калегам. На станцыі для яе, як і для многіх, хто прысвяціў чыгунцы не адзін дзясятак гадоў жыцця, усё блізкае і дарагое.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара