Датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта стартавала ў Беларусі

Афіцыйна Выборы-2020 Главное

4 жніўня ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне. 9 жніўня — асноўны дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Пра тое, як будзе праходзіць галасаванне на Стаўбцоўшчыне, мы пагутарылі з сакратаром раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Таццянай Буката.

– Запрашаем выбаршчыкаў на выбарчыя ўчасткі. Кожны можа прыйсці ў зручны для сябе дзень і час, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак.  Датэрміновае галасаванне будзе арганізавана з 4 па 8 жніўня з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. У асноўны дзень галасавання, 9 жніўня, участкі будуць  адкрыты з 08.00 да 20.00, і на іх плануецца шырокая культурная праграма з удзелам самадзейных мастацкіх калектываў, работай гандлёвых кропак. Усё пройдзе традыцыйна і разам з тым адметна, па-святочнаму.

– Таццяна Іпалітаўна, у такім рэжыме будуць працаваць усе ўчасткі на тэрыторыі раёна?

– У нас 37 участкаў для галасавання, і два з іх – у Стаўбцоўскай ЦРБ і ў Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў – лічацца закрытымі, таму там галасаванне пройдзе толькі ў асноўны дзень.

У бюлетэнях будуць пазначаны прозвішчы пяці зарэгістраваных кандыдатаў, і выбаршчыкі маюць права прагаласаваць, паставіўшы любы знак у квадраце насупраць прозвішча аднаго з кандыдатаў ці ў квадраце «Супраць усіх».

– У галасаванні на сёлетніх выбарах ёсць якія-небудзь асаблівасці?

– У сёлетніх выбарах, згодна з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, бяруць удзел толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Асобы з відам на жыхарства і грамадзяне іншых дзяржаў такога права не маюць.

Па пытаннях выбарчага заканадаўства можна звярнуцца ў раённую камісію па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (кант. тэл. – 2-53-00) або знайсці адказы  на сайце райвыканкама – у рубрыцы «Выбары».

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *