На выбарчым участку – Герой Сацыялістычнай Працы

Важное Выборы-2020 Сельская гаспадарка

Былы брыгадзір МТФ “Пагарэлае” ААТ “Радзіма Якуба Коласа”, Герой Сацыялістычнай Працы Зінаіда Пятроўна Ярашэвіч, як звычайна, датэрмінова прагаласавала на Любкаўшчынскім выбарчым участку № 14.

-Я заўсёды галасавала датэрмінова, — сказала Зінаіда Пятроўна. – Работа ў мяне была такая, без выхадных і святочных дзён, таму выбірала зручны для сябе дзень. І сёння выканала свой грамадзянскі абавязак спакойна, без мітусні. Цяпер, на пенсіі, і часу хапае, але прывыкла ўсё рабіць так, каб потым не хвалявацца самой і не турбаваць людзей.

Зінаіда Ярашэвіч прыехала на выбарчы ўчастак на веласіпедзе. На працу ездзіла на ім пастаянна і зараз гэта для яе самы надзейны транспарт. Жанчына памятае і той дзень, калі галасавала першы раз. Ішла на выбары з хваляваннем. У тыя далёкія шасцідзясятыя гады для кожнага савецкага чалавека гэта было сапраўднае свята.

-Усе прыходзілі сем’ямі, святочна прыбраныя, — успамінае Зінаіда Пятроўна. – Дружна спявалі песні, жартавалі. Выбіралі мы тады дэпутатаў розных узроўняў, і масавасць была высокая. А на наступныя выбары мяне вылучылі членам выбарчай камісіі.

Праз некаторы час Зінаіда Ярашэвіч сама стала дэпутатам. Усё яе працоўнае жыццё — а мае яна агульны шасцідзесяцідвухгадовы стаж – з’яўляецца ам служэння сваёй краіне, малой радзіме. Сумленная праца — прыклад для моладзі і будучых пакаленняў. У жывёлагадоўчай галіне жанчына адпрацавала 58 гадоў, з якіх 29 — брыгадзірам фермы. У васьмідзясятыя гады аператар машыннага даення першай у раёне надаіла чатыры тысячы кілаграмаў малака ад кожнай каровы і атрымала за сваю рупнасць зорачку Героя. Мае ў сямейным архіве і іншыя высокія ўрадавыя ўзнагароды. Вытворчае падраздзяленне, якое ўзначальвала, заўсёды дабівалася высокіх паказчыкаў. У гонар праслаўленай працаўніцы райкам прафсаюза работнікаў АПК заснаваў пераходны прыз, які па выніках года перадаецца лепшаму па паказчыках калектыву малочнатаварнай фермы.

-Жывецца мне добра, — дадала Зінаіда Пятроўна. – Усё жыццё сумленна рупілася і зарабіла дастойную пенсію. Здавалася б, адпачывай і нічога не рабі. Аднак сядзець без справы не магу. Трымаю на падвор’і карову і іншую жыўнасць.

Зінаіда Ярашэвіч — тытулаваная жанчына. Яна пераможца раённага конкурсу “Жанчына года — 2015” у намінацыі “Жанчына-легенда”. Ёй прысвоены тытул “Чалавек года Міншчыны”.

Надзея БАТАЛКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *