Кантроль

Нумары У Камітэце дзяржкантролю

image_pdfimage_print

АБ НАРЫХТОЎЦЫ КАРМОЎ

Сельскагаспадарчыя арганізацыі Мінскай вобласці актыўнымі тэмпамі вядуць нарыхтоўку травяністых кармоў для поўнага забеспячэння пагалоўя жывёлы ў зімовы перыяд.

Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці хвалююць дапушчаныя пры гэтым парушэнні і нядбайнасць, якія могуць негатыўна адбіцца на якасці кармоў і, безумоўна, на эканамічным развіцці вобласці.

Так, у ААТ «Хатляны» Уздзенскага раёна ўборка траў на сянаж праводзілася прамым камбайнаваннем, без іх папярэдняга правяльвання, што катэгарычна забараняецца. У выніку сянажная маса мела павышаную вільготнасць. Больш таго, тэхніка не была падрыхтавана да корманарыхтоўкі. Таму не забяспечвалася патрэбная ступень здрабнення траў – даўжыня рэзкі дасягала 15-20 см замест трох-пяці. У ААТ «Літвяны-агра» названага раёна вільготнасць сянажнай масы складала 67% пры норме не больш за 55%.

Факты павышанай вільготнасці закладзенай на захоўванне сянажнай масы ўстаноўлены ў асобных гаспадарках Валожынскага і Салігорскага раёнаў.

У ААТ «Крыніца Ігуменаўшчыны» Чэрвеньскага раёна ўстаноўлена парушэнне тэрмінаў закладкі сенажу ў траншэю: закладку сянажнай масы на МТФ «Рудня» ў колькасці 734,5 тоны праводзілі больш за чатыры дні. На МТФ «Замасточча» ўстаноўлена негерметычнае ўкрыццё сянажнай масы, у выніку частка корму была пакрыта плесневымі грыбамі і згніла.

Кантрольныя мерапрыемствы паказалі, што стрымліваючым фактарам тэмпаў уборкі траў, акрамя надвор’я, з’явіліся няспраўнасць і няхватка тэхнікі. Такія факты былі выяўлены ў ААТ «Слабадская зара» Мядзельскага раёна, у ААТ «Птушкафабрыка Вяляцічы» Барысаўскага раёна.

Пры гэтым у Мінскай вобласці не выконваецца даручэнне Прэзідэнта аб выключэнні закладкі кармоў у курганы і бурты. Па вобласці на 17.06.2014 было закладзена на захоўванне ў бурты 31,5 тыс. тон сенажу, ці 2,4% ад агульнай колькасці: у Бярэзінскім раёне – 23,6%, Любанскім – 4,9%, Лагойскім – 12,8% і інш.

Усё вышэйуказанае сведчыць аб нядбайных адносінах асобных кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, а таксама райсельгасхарчаў, да даручанага ўчастка работы, што паўплывае на якасць і колькасць нарыхтаваных кармоў, ад якіх напрамую залежыць вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. Акрамя таго, аператыўная справаздачнасць некаторых райсельгасхарчаў і сельскагаспадарчых арганізацый аб ходзе нарыхтоўкі кармоў не адпавядала справаздачнасці аблсельгасхарча. Такія факты мелі месца ў справаздачнасці Уздзенскага райсельгасхарча. Даныя аб ходзе нарыхтоўкі кармоў у гаспадарках былі завышаныя: па плошчы скошаных траў – на 11%, убраных траў –  на 6%, нарыхтоўцы сенажу – на 5,7 тыс. тон, у тым ліку ў палімернай упакоўцы – на 1,5 тыс. тон.

Падобныя факты выяўлены ў ходзе маніторынгу ў Крупскім, Любанскім і Мядзельскім раёнах.

Лічым, што ў данай сітуацыі асобным раёнам і гаспадаркам неабходна ў сціслыя тэрміны прыняць меры аператыўнага рэагавання і мабілізаваць усе рэсурсы для актывізацыі работ па нарыхтоўцы кармоў і выкананні патрабаванняў тэхналагічных рэгламентаў.

Упраўленне кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці

 

На заметку кіраўніку

Пры праверцы Камітэтам дзяржкантролю Мінскай вобласці адной з беларускіх здраўніц увагу кантралёраў прыцягнулі пытанні правядзення на плошчах санаторыя розных канцэртаў і мерапрыемстваў. Як высветлілася – не безвынікова.

Згодна з дзеючым заканадаўствам, для арганізацыі і правядзення, напрыклад, канцэртных мерапрыемстваў, яго арганізатар абавязаны звярнуцца ва ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама па месцы правядзення данага мерапрыемства для атрымання адпаведнага пасведчання.

Але не ўсе арганізатары прытрымліваліся данай нормы. На некаторыя мерапрыемствы пасведчанні адсутнічалі, а значыць – і права на іх правядзенне.

Акрамя гэтага мелі месца парушэнні парадку ўліку і выкарыстання ўваходных білетаў. Праверка паказала, што ў асобных выпадках уваходныя білеты выкарыстоўваліся арганізатарамі шматразова, г. зн. спачатку рэалізоўвалі  іх гледачам па ўказаным на іх кошце, а перад пачаткам канцэрта – забіралі назад.

У данай сітуацыі парушаны патрабаванні заканадаўства аб гастрольнай дзейнасці, аб парадку ўліку і выкарыстанні ўваходных білетаў, а таксама падатковага заканадаўства, паколькі арганізатар схаваўся ад падаткаабкладання і ў сувязі з гэтым у бюджэт не паступілі патрэбныя плацяжы.

Інфармацыя для арганізатараў канцэртных мерапрыемстваў.

Раней Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь патрабавала, каб уваходныя білеты былі выраблены толькі друкарскім спосабам і абавязкова зарэгістраваны ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь. Разам з прыняццем у верасні 2013 года Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 542 «Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў» рэгістрацыя білетаў у падатковай інспекцыі адменена і вызначаны асноўныя патрабаванні да білетнай прадукцыі як да бланкаў строгай справаздачнасці.

Зараз білетная прадукцыя (уваходныя білеты) загадам кіраўніка арганізацыі павінна ўключацца ў пералік выкарыстаных на прадпрыемствах бланкаў строгай справаздачнасці з належным іх улікам і захоўваннем.

Парадак уліку і выкарыстання бланкаў строгай справаздачнасці рэгулюецца Інструкцыяй Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь № 196 «Аб парадку выкарыстання і бухгалтарскага ўліку бланкаў строгай справаздачнасці».

Трэба звярнуць увагу на тое, што арганізацыі, якія займаюцца рэалізацыяй электронных білетаў, павінны зарэгістраваць у падатковай службе па месцы пастаноўкі на ўлік спецыяльныя камп’ютарныя сістэмы і білетадрукавальныя машыны, якія ўключаны ў Дзяржаўны рэестр мадэляў (мадыфікацый) касавых падсумоўваючых апаратаў і спецыяльных камп’ютарных сістэм, што выкарыстоўваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *