Сафары-парк на Дзяржыншчыне

Афіцыйна Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Усё большую папулярнасць набывае цэнтр экалагічнага турызму «Станькава». Наведвальнікі могуць тут даведацца шмат цікавага з гісторыі Дзяржыншчыны і добра адпачыць. Цэнтр уяўляе сабой комплекс тэматычных пляцовак. Сярод іх ваенна-гістарычныя комплексы «Партызанскі лагер», «Мінскі ўмацаваны раён». Дзяцей зацікавяць забаўляльныя атракцыёны.

Адметнасцю цэнтра з’яўляецца заасад. На тэрыторыі заасада жыве каля 50 відаў жывёлін і птушак. Асабліва цікава назіраць за паводзінамі мядзведзіцы Васілісы і сабачкі Анфісы, якія пасяліліся ў адным вальеры. Яны вельмі любяць быць у цэнтры ўвагі.

– Жывёліны аднаго ўзросту, нарадзіліся ў лютым мінулага года, – расказвае загадчык заасада Міхаіл Турыгін. – Мядзведзяня злавілі мясцовыя дзеці недалёка ад Бярэзінскага запаведніка. Яно бегла па дарозе, маладыя людзі вырашылі не пакідаць яго аднаго і забралі з сабой у машыну. Звярок быў вельмі пужлівы, забіўся ў вугал і ціхенька там сядзеў. А ў сабакі адной з работніц з’явілася шчаня. Каб мядзведзяняці было весялей, падсадзілі да яго ў клетку сабачку. Мядзведзік, гледзячы на новага сябра,  стаў выходзіць з будкі, добра асвоіўся.

Пазней Васілісе пабудавалі прасторны вальер, дзе ёсць дрэва, ёмістасць для басейна. Вядома, жыць  сюды «пераехала» і Анфіса. Яны вельмі пасябравалі. Весела назіраць за гэтым не зусім звычайным саюзам мядзведзіцы і сабакі.

Акрамя гэтай «салодкай парачкі» ў заасадзе ёсць на што паглядзець. Міхаіл Турыгін аб «жыхарах» заасада можа расказваць доўга. Па яго словах, самая небяспечная жывёліна тут – казуля. Яна пачынае атакаваць, калі незнаёмы заходзіць у вальер. Не так даўно ў сямействе казуль з’явілася прыбаўленне. «Можна спакойна зайсці да ланяў, аленяў і нават зуброў, а вось да казуляў – не», – расказвае загадчык заасада.

Амаль месяц назад на аднаго яка ў заасадзе стала больш. Патомства ад Яшы і Яны чакалі як мінімум праз два гады. Не памыліліся. Да слова,  Яшу вельмі доўга шукалі сяброўку па ўсіх заапарках. «Яна была вельмі кволай, але Яша аднёсся да яе «па-джэнтльменску», яны пасябравалі з першага дня», – гаворыць загадчык заасада.

Трэці год запар прыносяць патомства плямістыя і высакародныя алені. У бліжэйшы час малышы з’явяцца і ў ослікаў. Што датычыць зуброў, то сёння іх у цэнтры тры – сюды магутных  прыгажуноў даставілі з Буйніцкага заасада. Але самая вялікая праблема – з ламай. Ёй усё ніяк не могуць знайсці пару. Купіць жывёліну за мяжой немагчыма ў сувязі з каранцінам. «Трэба вырашыць праблему праз цыркі, прывазныя заапаркі», – лічыць Міхаіл Турыгін.

У заасадзе вельмі шмат птушак. Адных толькі курэй каля 20 відаў, таксама ёсць паўліны, фазаны, перапёлкі, курапаткі, розныя пароды гусей, качак. Асобна абсталяваны вальеры з галубамі і іншымі пеўчымі птушкамі.

Як паведаміў начальнік цэнтра экалагічнага турызму «Станькава» Аляксандр Самкоў, на базе заасада ствараецца ўнікальны сафары-парк, які прыме наведвальнікаў у наступным годзе. Сафары-парк зойме плошчу 360 гектараў. У ім паселяцца разнастайныя жывёліны. У ліку цікавых прапаноў – падарожжа па экалагічных сцежках, якое  будзе ажыццяўляцца на бязрэйкавым паравозіку з музыкай. Па сафары-парку можна будзе праехацца верхам на кані. Турысты змогуць наведаць пляцоўкі для назірання за жывёлінамі ў натуральным для іх асяроддзі, «паляваць» з фотаапаратам.

Па словах Аляксандра Сямкова, цэнтр экалагічнага турызму «Станькава» штомесячна наведваюць 25-30 тысяч чалавек. Большасць – беларусы, затым расіяне, якія любяць прыязджаць сюды сем’ямі. А таксама палякі, літоўцы, эстонцы, былі наведвальнікі і з Амерыкі.

(Паводле матэрыялаў інтэрнэт-сайта Мінаблвыканкама)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *