“Помніць сэрца, не забудзе ніколі…” У Мікалаеўшчыне ўзнагародзілі работнікаў сацыяльнай сферы Міншчыны

Главное Минщина мы тобой гордимся Соцыум

На базе ДУ “Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў” прайшоў фестываль “Помніць сэрца, не забудзе ніколі…”, прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Удзел у ім прынялі міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Касцевіч, старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч, генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Мычко.

Пачалося ўрачыстае мерапрыемства з ускладання кветак да абеліска загінуўшым і адкрыцця памятнага каменя. Гасцям прапанавалі тэматычныя выстаўкі творчых работ, прывезеныя тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці. Сіламі работнікамі сацыяльнай сферы быў дадзены канцэрт.

 

Кульмінацыяй фестываля стала ўзнагароджанне работнікаў тэрытарыяльных цэнтраў і дамоў-інтэрнатаў Міншчыны, а таксама валанцёраў Чырвонага Крыжа, якія ў няпросты эпідэміялагічны перыяд абслугоўвалі пажылых людзей і інвалідаў, забяспечвалі выкананне іх заявак па дастаўцы на дом прадуктаў харчавання і медыкаментаў. Бало падкрэслена, што без увагі не застаўся ніводзін чалавек.

Таццяна Бруй, інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ДУ “Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”

Сярод узнагароджаных – інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ДУ “Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Таццяна Бруй і старшая медыцынская сястра ДУ “Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў” Ніна Асіпенка (ім старшыня камітэта па працы і сацыяльнай абароне Мінблвыканкама Тамара Красоўская уручылі падзякі старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта), медыцынская сястра ДУ “Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў” Святлана Шуміла і санітарка ДУ “Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў” Тамара Камароўская (падзякі ім уручала міністр Ірына Касцевіч).

Ірына Касцевіч, міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Святлана Шуміла, медыцынская сястра ДУ “Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”

 

Дырэктару Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната Валянціне Атрушкевіч міністр уручыла юбілейны медаль “75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”

— Гэта толькі старт, узнагароды будуць яшчэ, — пракаменціравала Ірына Касцевіч і выказала сваю ўдзячнасць кожнаму з работнікаў сацыяльнай сферы рэспублікі за ўклад у ліквідацыю наступстваў пандэміі. Многія з іх працавалі вахтавым метадам.

Цяпер сацыяльныя ўстановы Міншчыны і рэспублікі вяртаюцца да звычайнага рэжыму работы. І гэта таксама пацвярджэнне таго, што ў няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі іх работнікі праявілі прафесіяналізм і міласэрнасць.

Цёплая душэўная атмасфера свята яшчэ раз нагадала, што ў сацыяльнай сферы працуюць людзі асаблівыя, гатовыя ахвяраваць сабой дзеля іншых.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Ксеніі РУБІН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *