Лідары прафсаюзнай арганізацыі работнікаў культуры на чале з Аленай Каралец не ўпускаюць магчымасці арганізавацца і пабыць разам у турыстычных паездках.
У чэрвені культработнікі аўтобусам экскурсійнага аддзела аўтапарка № 17 здзейснілі паездку ў Смаленск. Гэты расійскі горад знаходзіцца недалёка ад беларуска-расійскай мяжы, таму хапіла аднаго дня, каб вярнуцца дамоў.
У Смаленску работнікі ўстаноў культуры наведалі карцінную галерэю, музей ільну, пазнаёміліся з адметнасцямі горада падчас аглядавай экскурсіі. Як і ў кожнай іншай паездцы, яны не ўпускаюць магчымасці пакланіцца святыням. У Смаленску наведалі храм велікамучаніцы Варвары. Па дарозе з Львова ў папярэдняй экскурсійнай паездцы памаліліся ў Пачаеўскай Свята-Успенскай Лаўры.
У гэтым годзе члены прафсаюзнай арганізацыі паспелі пабыць і ў тэатры оперы і балета.
ВЕЛАСІПЕДАМ – З УЛАДЗІМІРА
Напярэдадні Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцікх захопнікаў велападарожжа па Беларусі здзейснілі маладыя людзі з Уладзіміра. З Брэста на Мінск праз Мір яны праехалі па тэрыторыі нашага раёна – праз Галавенчыцы, Савоні, Залужжа. Мясцовыя людзі іх пачаставалі ягадамі, напаілі дамашнім кампотам.
Далей шлях падарожнікаў ляжаў на Узду. У працэсе велападарожжа расіяне пазнаёміліся са знакамітымі месцамі Беларусі, наведалі мемарыяльныя мясціны, звязаныя з памяццю аб Вялікай Айчыннай вайне, пазнаёміліся з бытам і культурай беларусаў.