Мастацтва дар

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

Вось так разам сустрэцца са сваімі трыма дочкамі Станіслаў Іванавіч і Любоў Юльянаўна Войны могуць толькі летам – у час водпускаў дзяцей. Жывуць дзеці ў розных гарадах. Старэйшая Людміла – у Стоўбцах, сярэдняя Вера – у Оршы, малодшая Марына – у Баранавічах. Усе яны звязаны з мастацтвам. Каб дзеці спаўна раскрыліся ў сваіх талентах, Станіслаў Іванавіч і Любоў Юльянаўна многа для гэтага пастараліся.

Самі яны – педагогі. Успамінаюць, як сустрэліся ў маладосці. Адбылося гэта ў аддзеле адукацыі. З вышыні пражытых гадоў яны гавораць, што нічога выпадковага ў жыцці няма. Не так часта яны прыязджалі ў аддзел адукацыі. А калі прыехалі кожны па сваёй патрэбе, зноў сустрэліся. Выйшлі на вуліцу. Знаёмы Станіслава Іванавіча запытаў, хто з ім разам. Ён, не задумваючыся, адказаў: «Жонка». Праз некалькі месяцаў Любоў Юльянаўна і сапраўды стала яго жонкай. Шлюб гэты атрымаўся доўгі і шчаслівы, адсвяткавана ўжо залатое вяселле. Усё жыццё яны разам працавалі ў Горкаўскай сярэдняй школе. Станіслаў Іванавіч выкладаў працоўнае навучанне і фізкультуру, Любоў Юльянаўна – філолаг.

Як і ў многіх іншых педагогаў, жыццё іх уласных дзяцей праходзіла разам з імі: у школе, у дарозе ў час экскурсій. Яны вельмі любілі падарожнічаць. З кожнай заработнай платы выкройвалі грошы на кнігі, дома была багатая бібліятэка, дзеці з маленства шмат чыталі. Як маглі, бацькі развівалі ў іх эстэтычны густ. Дзяцей прывучалі да прыгожага. Калі малыя падраслі, сталі займацца ў Стаўбцоўскай музычнай школе. Вера паспяхова здала экзамены і была залічана ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат  імя Ахрэмчыка для адораных дзяцей і з шостага класа працягвала навучанне ў Мінску. Так жа і Марына. Затым Вера закончыла Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці. Вера атрымала спецыяльнасць мастака-афарміцеля, мадэльера. Яна працуе вядучым мастаком-тэхнолагам на Аршанскім ільнокамбінаце.  Яе творчая работа заключаецца ў распрацоўцы малюнкаў для беларускіх ільняных ручнікоў, сурвэтак, абрусаў. Вера Станіславаўна нядаўна пабывала ў Францыі, у Германіі – у Франкфурце-на-Майне, дзе была ўдзельніцай міжнароднай выставы.

Тую ж спецыяльнасць у Віцебскім інстытуце лёгкай прамысловасці атрымала і Марына. Яна працавала мастаком-тэхнолагам Баранавіцкай трыкатажнай фабрыкі «Радуга». А цяпер выкладае ў Баранавіцкай мастацкай школе, педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.  Сама шмат удзельнічае ў мастацкіх  пленэрах не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Наведвала пленэры ў Польшчы,  Расіі.

Людміла ж звязала сваё жыццё з музыкай. Закончыла Мінскае музычнае вучылішча, а потым –  Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Яна выкладае па класе баяна ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў, з’яўляецца педагогам вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Стаж работы яе складае  каля 40 гадоў. Многім дзецям яна адкрыла акно ў свет мастацтва. Мае шмат узнагарод розных конкурсаў, дзе яе вучні заваёўвалі лаўрэацкія дыпломы.

Адметна, што і дзеці трох сясцёр закончылі дзіцячыя школы мастацтваў і выбралі прафесіі, якія патрабуюць творчасці. Дачка Вера Людмілы Станіславаўны – выпускніца Мінскага гуманітарнага каледжа і Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. За выдатныя поспехі ў вучобе яна была накіравана на стажыроўку ў Шанхай. Прайшла навучанне ў Лондане. Затым самастойна паспяхова здала Кембрыджскі экзамен САЕ. У яе ёсць літаратурны талент, музычны. Дачка Надзея закончыла школу мастацтваў па класе фартэпіяна. Вельмі добра малюе, з’яўляецца ўдзельніцай мастацкіх конкурсаў.

Сын Веры Станіславаўны Станіслаў закончыў Беларускую акадэмію мастацтваў, працуе дызайнерам. Дачка Анастасія з’яўляецца студэнткай Беларускага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Сын Марыны Станіславаўны Кірыл закончыў музычнае вучылішча па класе гітары, з’яўляецца салістам вакальнай групы. Дачка Сабіна закончыла музычнае вучылішча па класе фартэпіяна, а цяпер навучаецца на аддзяленні камп’ютарнай графікі ў Беларускім педагагічным універсітэце імя М. Танка.

Канешне ж, для Станіслава Іванавіча і Любові Юльянаўны такія поспехі іх дзяцей і ўнукаў — вялікая радасць. Аднак самы вялікі набытак для бацькоў – тое, што і ў іх трох дачок, як і ў іх саміх, склаліся моцныя сем’і. Усе аб’яднаны агульнымі інтарэсамі, усім прыемна разам сустракацца, інтэлектуальна абагачацца і заставацца сучаснымі людзьмі, якія не адстаюць ад часу.

Святлана ЖЫБУЛЬ,фота аўтара

На здымку: бацькі ў акружэнні дачок (злева направа) – Марыны, Веры, Людмілы.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *