Нас сустрэла Вольга Халюта, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Шашкі”, і прапанавала пакаштаваць стравы беларускай народнай кухні.
— Усім калектывам мы арганізавалі сельгаспадворак. Прапануем людзям фаршыраваную рыбу, булкі, дамашнія дранікі, беляшы з мясам, шашлыкі, бутэрброды, бліны… Стравы на любы густ, — адзначыла Вольга Анатольеўна.
Яшчэ не ўваходзячы ў залу для галасавання, позірк кінуўся на выставы. Тут прадстаўлены работы вучняў Шашкоўскай школы “Прысмакі для радасці”. Вырабы зроблены з пернікавага цеста. Таксама прысутныя маглі азнаёміцца і з кніжнай выставай “Малой радзімай напоўнена сэрца да краю”.
Зайшоўшы ў асноўную залу, бачым, як актыўна падыходзяць выбаршчыкі да камісіі, назіральнікі сочаць за арганізацыяй працэса. Старшыня ўчастковай камісіі Таццяна Галушка расказала нам пра асноўны дзень выбараў:
— Выбарчы працэс праходзіць спакойна, актыўна. Палова выбаршчыкаў ужо прагаласавала. Члены камісіі выехалі да тых людзей, якія знаходзяцца ў найбольш аддаленых населеных пунктах і ім няма магчымасці дабрацца на наш участак. Таксама некаторыя – мы іх называем дачнікамі — звяртаюцца да нас з просьбай прагаласаваць на Шашкоўскім участку. У такім выпадку мы ўключаем іх у дадатковы спіс і паведамляем у камісію па месцы жыхарства, каб выкрэсліць выбаршчыкаў.
Той, хто жадае вымераць свой ціск, можа лёгка гэта зрабіць на ўчастку.
Марына КУТАС, фота аўтара