«За квітнеючую Беларусь!» Жыхары вёскі Новыя Рубяжэвічы зрабілі свой выбар

Выборы-2020 Главное Год малой родины Соцыум

Сёння, 9 жніўня, – асноўны дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У гэты перыяд ні адзін чалавек, які зацікаўлены ў стабільнасці і дабрабыце сваёй краіны, не застанецца абыякавым да такой важнай палітычнай падзеі. Аддаць свой голас – грамадзянскі абавязак кожнага з нас. Падчас святочнага мерапрыемства ў вёсцы Новыя Рубяжэвічы мы пагутарылі з некаторымі жыхарамі наконт гэтай падзеі.

Ала Аляшкевіч:

— Я ганаруся тым, што пражываю ў такой цудоўнай краіне – Рэспубліцы Беларусь. Выбары – адказны момант у жыцці кожнага чалавека. Будучае залежыць ад нас саміх. Калі мы зрабілі выбар, то павінны ўсведамляць, што гэты чалавек абароніць нашы інтарэсы, падзеліць з намі клопаты. Буду чакаць новых праектаў ад дзяржавы. Я спадзяюся, што стабільнасць і дабрабыт, якія мы маем на цяперашні момант, захаваюцца на належным узроўні.

Адам Грэчка:

— Выканаць грамадзянскі абавязак – бадай, адна з самых галоўных мэт чалавека, тым больш у такі важны палітычны дзень. Удзел у выбарах гаворыць пра тое, што вам неабыкавы лёс рэспублікі. Лічу, што нельга ігнараваць сваё права голасу. Хочацца, каб у нашай краіне панавалі мір і супакой.

Надзея Русецкая:

— Я родам з Расіі, прыехала ў вёску 33 гады таму, працую загадчыцай Рубяжэвіцкай участковай бальніцы. Беларусь – цудоўная краіна. Вельмі прыемна бачыць, што паступова пашыраецца, добраўпарадкоўваецца наша вёска. А выбары – гэта важная палітычная падзея, дзе мы можам выказаць свой пункт погляду. Увогуле мяне ўсё задавальняе. Хочацца, каб стабільнасць не страціла свае пазіцыі.

Алег Бунчук:

— Выбары – гэта закон, волевыяўленне. Тое, што мы зробім, будзе адбівацца на нас у наступныя гады. Ад нашага рашэння залежыць далейшае развіццё краіны. Я за стабільнасць, высокі ўзровень жыцця. Хочацца, каб Беларусь была моцнай і квітнеючай краінай. Галасуючы за кандыдата, мы выбіраем праграму, выбіраючы яе – вызначаем прыярытэты.

Таццяна і Сяргей Шакалі:

— Для нашай сям’і выбары – гэта грамадзянскі абавязак. Мы спадзяемся, што наша Беларусь будзе моцнай, незалежнай краінай, у моладзі з’явяцца больш перспектыў для развіцця. Выбіраючы Прэзідэнта, мы выбіраем сваё будучае. Тым самым гэта дасць магчымасць нейкім чынам удзельнічаць і ўздзейнічаць для таго, каб у нас атрымалася тое, чаго б мы хацелі дасягнуць.

Іван Бунчук:

— Я лічу, што кожны чалавек абавязкова павінен выказваць свае меркаванні. І падтрымліваць менавіта таго, каго лічыць патрэбным. Выбары – той час, калі кожны выяўляе сваю грамадзянскую пазіцыю. Мне хутка споўніцца 90 гадоў. Я яскрава адчуваю падтрымку з боку нашай дзяржавы, пенсіяй не крыўдзяць. Мяне перапаўняе радасць ад таго, што жыву ў Беларусі.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *