У асноўны дзень галасавання ААТ “Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат” прапанаваў выбаршчыкам фірменны выязны гандаль разам з дэгустацыяй прадукцыі.
На Наваколасаўскім участку для галасавання працавалі работнікі магазіна “Мясны хутарок”, на Цэнтральным участку – магазіна “Мясны двор”, на Старасвержанскім – “Мясная лаўка”. Дэгустацыя мясных далікатэсаў была арганізавана таксама на Ленінскім участку.
Акрамя мясной прадукцыі, вытворцы прапанавалі пакупнікам 12 відаў выпечкі ўласнай вытворчасці. Попытам карысталіся булачкі з макам, смажанкі, сасіскі ў цесце, слойкі з джэмам і інш.
— Пастараўся калектыў сталовай камбіната на чале з Ірынай Зайко. Выпечку рыхтавалі ў суботу, напярэдадні, таму яна свежая і апетытная, — заўважае спецыяліст фірменнага гандлю Марына Крупец, якую мы сустрэлі на Наваколасаўскім участку для галасавання.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара